Чаму беларусаў не абіраюць кардыналамі?
Хутка ў Ватыкане збяруцца каталіцкія кардыналы, каб абраць новага Папу Рымскага. Сярод іх не будзе беларусаў — нашых суайчыннікаў даўно не павышаюць да гэтага сану. Апошнім каталіцкім кардыналам-беларусам быў гэта Казімір Свёнтак. Чаму так?
Кардыналы ў Ватыкане, 2024 год. Фота: AP Photo / Gregorio Borgia, File
Усяго цяпер 252 кардыналы з 94 краін. Больш за ўсё іх мае Італія (51), але па адным кардынале ёсць і ад Славеніі, Румыніі, Бангладэша, Гвінеі, Мадагаскара, Эфіопіі і многіх іншых краін. Большасць (149) былі прызначаны Францыскам, але ёсць і тыя, каго павысілі пры Бенедыкце XVI і Яне Паўлу II.
Казімір Свёнтак стаў першым пасля 1798 года кардыналам на тэрыторыі Беларусі. Ён атрымаў сан кардынала ў 1994 годзе ад Яна Паўла II.
Свёнтак памёр у 2011-м, і з таго часу беларусаў не павышалі да сана кардыналаў.
Рэлігійная экспертка Наталля Васілевіч звяртае ўвагу, што трэба мець вялікія заслугі перад Касцёлам, каб зрабіцца кардыналам. Казіміра Свёнтака добра ведаў Ян Павел ІІ.
«Для яго кардынал Свёнтак быў сапраўды сведкам веры, чалавекам, які прайшоў праз лагеры дзеля сваёй веры. Яго гісторыя, яго перанесеныя пакуты і вызнаўства веры — гэта, безумоўна, было важна, калі яго прызначалі кардыналам».
З Наталляй згодны дасведчаны каталіцкі актывіст, з якім мы пагутарылі:
«У прызначэнні кардыналаў апошняе слова стаіць за папам. Кардыналаў выбіраюць не дзеля таго, каб уважыць краіну ці мясцовы касцёл. Папы стараюцца выбіраць асобаў, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё Касцёла, нейкіх важных дзеячаў.
Канешне, ёсць дыяцэзіі, у якіх іх кіраўнікоў традыцыйна надзяляюць кардынальскай годнасцю. Аднак нават гэта традыцыя не з’яўляецца абавязковым правілам, і гэта паказаў пантыфікат Францішка. Таму не існуе такога правіла, што калі ў Беларусі быў кардынал Казімір, то ўжо традыцыйна камусьці з беларусаў будуць надаваць гэта званне».
Кардынал Казімір Свёнтак
Суразмоўца звяртае ўвагу на тое, што кардынал Казімір меў доўгае і цяжкае жыццё — прайшоў «усё пекла савецкай атэістычнай машыны». Ян Павел ІІ вельмі яго паважаў.
Казіміру Свёнтэку надалі сан кардынала з нагоды яго 80-годдзя — каб адзначыць яго вернасць Касцёлу. У той час разваліўся СССР, мясцовы Касцёл паўставаў як фенікс з попелу, і Свёнтэк, які прайшоў усё пекла савецкай атэістычный машыны, быў сімвалам.
«Я б сказаў, што папа не бачыў сярод нашых біскупаў ці святароў нейкіх выключных людзей, хоць кожны, канечне, выключны. І напэўна, не вельмі прыгожа было б сказаць, што ў нас слабыя святары ці біскупы — кожны па-свойму ўкладваецца больш ці менш, як і паўсюль.
Хоць разам з гэтым, на маю думку, Касцёлу ў Беларусі сёння не хапае сваіх моцных лідараў. Сітуацыя складаная, і быць у ёй моцным, захоўваць лідарства, быць сапраўдным пастырам для ўсіх — гэта вельмі складаная задача, па-чалавечы невыканальная».
На думку Наталлі Васілевіч, сярод беларусаў усё ж такі ёсць яшчэ адзін каталіцкі біскуп, які мог бы зрабіцца кардыналам:
«Мне здаецца, што для мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча такое прызначэнне было б цалкам адэкватным. Ён амаль дасягнуў 80-гадовага ўзросту, мог бы стаць ганаровым кардыналам.
Мітрапаліт Тадэвуш прысвяціў шмат часу ўмацаванню Касцёла ў Беларусі і адраджэнню Касцёла ў Расіі, яго апостальскія і пастырскія працы вельмі значныя. Магчыма, у яго не было надта цёплых стасункаў з Францыскам».
Наталля дапускае, што новы папа мог бы надзяліць больш увагі мітрапаліту Тадэвушу.
Пры гэтым, кажа Васілевіч, Ватыкан улічвае пазіцыю Масквы ў дачыненні да Беларусі:
«У мемуарах біскупа Дамініка Грушоўскага ідзе гаворка пра тое, як ён хадзіў да [праваслаўнага] мітрапаліта Філарэта, і той сказаў нават не ўзнімаць пытанне візіту Папы Рымскага [у Беларусь]. Ён разумеў, што з Масквы гэта не ўхваляць.
Але Ватыкан тут, хутчэй, дзейнічае сітуатыўна, бачачы, што цяпер няма акна магчымасцяў для непасрэдных дзеянняў [у Беларусі], таму такія дзеянні і не прадпрымаюцца. Хаця, напрыклад, Ян Павел ІІ прыязджаў ва Украіну, хаця і Масква, і патрыярх Алексій ІІ тады былі супраць. Тым не менш яму гэта не перашкодзіла».
Чытайце таксама:
Букмекеры вылучылі двух фаварытаў на пасаду Папы Рымскага
Як выбіраюць Папу Рымскага: сакрэты канклава і старажытнай сістэмы галасавання