«Мы не губляем надзеі, хоць мы і не наіўныя». Радаслаў Сікорскі пра перспектывы свабоднай Беларусі
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў сваёй праграмнай прамове ў Сейме пракаментаваў бягучую сітуацыю ў Беларусі. Ён падкрэсліў, што Польшча па-ранейшаму верыць у магчымасць дэмакратычных зменаў у Беларусі, але пры гэтым застаецца рэалістам у ацэнцы цяперашніх уладаў, піша Беларуская служба Польскага радыё.
Радаслаў Сікорскі. Фота: AP Photo/Czarek Sokolowski
«Мы не губляем надзеі, калі гаворка ідзе пра лёс Беларусі, хоць, вядома, мы не наіўныя. Мы рэалістычна ацэньваем праўленне Аляксандра Лукашэнкі, які паставіў сваю краіну ў залежнасць ад Крамля», — сказаў міністр.
Сікорскі нагадаў, што беларускае грамадства, у тым ліку тысячы людзей польскага паходжання, заслугоўваюць свабоды і будучыні, заснаванай на дэмакратычных каштоўнасцях.
«Мы патрабуем вызвалення палітвязняў, у тым ліку Анджэя Пачобута», — падкрэсліў ён.
Кіраўнік польскага МЗС падкрэсліў, што Польшча імкнецца да таго, каб «пытанні падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці займалі важнае месца ў парадку дня Еўрасаюза».
«Месца беларусаў — у аб’яднанай Еўропе», — заявіў Сікорскі.
Міністр таксама расказаў пра ролю польскіх замежных СМІ ў забеспячэнні рэгіёна дакладнай інфармацыяй:
«Замежны медыяцэнтр для замежжа, які аб’ядноўвае рэдакцыі тэлеканалаў «Белсат», «Вот так», Slawa і TVP World падае польскі пункт гледжання і замяняе расійскую прапаганду аб’ектыўнай інфармацыяй».
Паводле Сікорскага, мільёны гледачоў, якія глядзяць гэтыя каналы ў краінах былога СССР, сведчаць пра рэальны попыт на надзейныя навіны. Польшча хоча заахвоціць партнёраў з Еўрасаюза павялічыць падтрымку гэтых СМІ.
«Мы стараемся зацікавіць нашых партнёраў з Еўрасаюза магчымасцямі гэтых станцый, каб павялічыць іх фінансаванне і пашырыць сферу дзейнасці», — адзначыў ён.
Напрыканцы міністр паведаміў пра ход дыпламатычнай дзейнасці і расказаў, што завяршаецца будаўніцтва новай амбасады ў Мінску.
Чытайце таксама:
Сікорскі: Незалежнасць Беларусі залежыць ад выніку вайны
Кіраўнік МЗС Польшчы абмяркоўваў у Вашынгтоне вызваленне журналіста Анджэя Пачобута
«Класіка савецкай дыпламатыі» — Сікорскі прыгожа падшпіліў Захараву