Актрыса з Мінска пырнула ў Пецярбургу п'янага каханка. Ён просіць яе не караць, а з Беларусі на дапамогу едзе муж
26-гадовая Аляксандра Драздова трапіла пад хатні арышт.
Аляксандра Драздова. Фота: kino-teatr.ru
Беларуская актрыса Аляксандра Драздова сыграла галоўныя ролі ў трылеры «Світанак» і драме «Эра мядзведзяў», але трапіла ў навіны не дзякуючы сваім кінаталентам.
Драздова цяпер пад хатнім арыштам у здымнай кватэры ў Пецярбургу. Падчас сур’ёзнага канфлікту з каханкам яна схапіла нож і параніла яго ў руку і грудзі. Каханак — артыст Ілля Дэль, зорка серыяла «Утрыманкі» — трапіў у рэанімацыю.
Ілля Дэль. Фота: eg.ru
Што ж адбылося паміж каханкамі? Аляксандра кажа, што ўзяла нож, спрабуючы абараніць сваё двухгадовае дзіця ад п’янага Дэля. Ілля не кажа нічога ўцямнага, але просіць моцна не караць яе.
Адвакатка Дэля запэўнівае, што ў пары было ўсё сур’ёзна і яны збіраліся ажаніцца. Адвакат Драздовай пярэчыць: яны нават не жылі разам.
Тым часам у гісторыі з’явіўся яшчэ адзін герой. Як піша расійская «Экспрэс-газета», пра гучную гісторыю даведаўся афіцыйны муж беларускай актрысы і прыехаў у Пецярбург на дапамогу Аляксандры і малому дзіцяці.