БЕЛ Ł РУС

Пазняк пайменна пералічыў агентуру

24.04.2025 / 8:57

Nashaniva.com

У дзень свайго 81-годдзя ветэран беларускага руху, лідар руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазняк апублікаваў сістэматызацыю агентаў КДБ і ФСБ па трох катэгорыях.

Зянон Пазняк

Зянон Пазняк адрэагаваў на высылку з Чэхіі колішнай скарбніцы БНФ Наталлі Судлянковай. Нагадаем, мясцовыя ўлады прыйшлі да высновы, што яна шмат гадоў працавала на расійскае ГРУ.

Чытайце:Ад БНФ да ГРУ. Хто такая Наталля Судлянкова, якой чэхі загадалі пакінуць краіну

Пазняк перакананы, што Судлянкова была завербавана яшчэ ў 1980-я. Па яго меркаванні, «спачатку яе «ўцялілі» ў «Талаку», потым, у 1988 годзе агент КГБ Васіль Якавенка прывёў яе ў Аргкамітэт БНФ (потым мы выдалілі Якавенку з Аргкамітэту разам з ёй)». Пісьменнік Васіль Якавенка памёр у 2018 годзе і не можа адказаць Пазняку.

З тэмы Судлянковай палітык пераходзіць агулам на тэму агентаў. Ён падзяляе агентуру беларускага КДБ і расійскага ФСБ (у яго разуменні гэта адно і тое ж) на некалькі катэгорый і дзеліцца з падпісчыкамі гэтай класіфікацыяй

«1. Легальная агентура. Гэта тыя асобы, якія дзейнічаюць легальна ў пэўнай краіне. Іх функцыя вядомая ўладам гэтай краіны і грамадству. Такой агентуры шмат», — тлумачыць Пазняк і пачынае называць імёны.

Сярод беларусаў яго недавер выклікаюць Анатоль Лябедзька, Наталля Радзіна, а таксама Алесь Міхалевіч і Мікола Дземідзенка. Апошнія двое прызнаваліся, што ў зняволенні пагадзіліся на вярбоўку, каб выйсці на свабоду.

Сярод расіян згадваюцца імёны тэлевядучага Яўгенія Кісялёва, эканаміста Андрэя Іларыёнава, а таксама былога супрацоўніка савецкага КГБ Юрыя Швеца.

Другі тып агентуры — гібрыдная. «Гэта асобы, якія з’яўляюцца беларускімі патрыётамі, рэальна выступаюць за волю і незалежнасць Беларусі і адначасова з'яўляюцца падпіснымі агентамі спецслужбаў. Іх таксама могуць пераследаваць рэжымныя ўлады.

Частка з іх рэгулярна сядзіць у турме і гэтак далей. Гэта небяспечны тып агентуры, бо выклікае давер у беларусаў (і змяшанне мазгоў у наіўных людзей)», — піша Пазняк. Тут ён не рызыкуе называць імёны.

Нарэшце, трэці тып — «падстаўная альбо таемная агентура». «Гэта звычайная прадажная публіка, якая няшчыра падладжваецца пад вобраз беларуса і апазіцыянера. Такіх вельмі шмат, асабліва ў рознай пісаніне ды прапагандзе. Яны працуюць найчасьцей па схеме 6х4. Прабеларускія выступы чаргуюцца з ахайваньнем, напрыклад, беларускіх дзеячоў, Васіля Быкава, беларускай ваеннай эміграцыі і гэтак далей», — мяркуе лідар руху «Вольная Беларусь». На жаль, зноў ніякіх імёнаў няма.

Падсумоўваючы, Пазняк адзначае, што агенты складаюць большасць членаў «усіх гэтых квазі-апазіцыйных тусовак». Ён называе сітуацыю «фенаменальнай» — «поўны захоп спецслужбамі рэжыму псеўда-апазыцыйнай дзейнасці ў гібрыднай вайне сярод нацыянальна недаразвітых інфантылаў і балваноў».

Чытайце таксама:

Радзіна адказала на параду Пазняка не лезці ў палітыку

Фёдар Віктаравіч і «Віктар Фёдаравіч». Супрацоўнік «Варгеймінга» мае пашпарт прыкрыцця. Яго жонка Вольга Сямашка — вядомая журналістка

Агент Дудкін з БХД: Мой агентурны псеўданім — Радзівіл

Каментары да артыкула