БЕЛ Ł РУС

Ці можа Ігар Сергеенка, які знаходзіцца ў санкцыйным спісе Еўрасаюза, трапіць у Ватыкан? Аказваецца, лёгка!

24.04.2025 / 19:48

Nashaniva.com

А ці змог бы сам Аляксандр Лукашэнка скарыстацца такой нагодай як пахаванне Папы Рымскага, каб злятаць у Італію? Спыталі ў эксперта.

Стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка даручыў прысутнічаць на пахаванні Папы Рымскага ў Ватыкане былому кіраўніку сваёй адміністрацыі Ігару Сергеенку, які цяпер займае пасаду спікера Палаты прадстаўнікоў.

Але ёсць важны нюанс: Ігар Сергеенка з 2020 года ўваходзіць у санкцыйны спіс Еўрасаюза і тэарэтычна не мае права наведваць краіны ЕС. А трапіць у Ватыкан, не трапіўшы ў Італію, немагчыма.

«Наша Ніва» папрасіла адваката, спецыяліста па міжнародным прававым супрацоўніцтве ў крымінальных справах Алеся Міхалевіча пракаментаваць гэту сітуацыю.

Эксперт лічыць, што хутчэй за ўсё ў падсанкцыйнага чыноўніка сапраўды атрымаецца наведаць Італію.

— Возьмем, напрыклад, ААН, галоўны офіс якой знаходзіцца ў Нью-Ёрку. На яе пасяджэнні прыязджаюць кіраўнікі Ірана, КНДР і іншых недэмакратычных краін. У такіх выпадках даволі часта падсанкцыйным палітыкам выдаюць візу, якая дазваляе наведваць не ЗША, а толькі Нью-Ёрк ці нават канкрэтную частку гэтага горада.

Адвакат адзначае: у міжнароднай практыцы з такімі кейсамі ўсё даволі складана. Унутры Еўрапейскага саюза знаходзіцца шэраг краін, якія ў яго не ўваходзяць — напрыклад, Андора, Манака ці той самы Ватыкан.

— Калі Ватыкан зробіць асабістае запрашэнне на пахаванне Папы Рымскага для Ігара Сергеенкі, я думаю, што з вялікай доляй верагоднасці італьянская амбасада выдасць яму візу, а італьянскія памежнікі прапусцяць на тэрыторыю краіны. Санкцыі — гэта не пра крымінальнае права і крымінальнае пакаранне. Гэта адміністрацыйная рэч, якая створана, каб спрабаваць змяніць паводзіны чалавека. На жаль, у выпадку палітычнай неабходнасці, такія рэчы дастаткова лёгка абыходзяцца.

Адвакат лічыць, што віза ў Сергеенкі будзе аднаразовая з вельмі абмежаванай колькасцю дзён. Але ж ён упэўнены, што пытанне візіту беларускага чыноўніка ўжо ўзгоднена паміж Ватыканам і італьянскімі ўладамі.

На пытанне, ці магчыма такое, што ў Ватыкан паляцеў бы сам Лукашэнка, калі б захацеў гэтага, Алесь Міхалевіч адказвае адмоўна.

— Гэта быў бы вялікі скандал. Хутчэй за ўсё, у такім выпадку запрашэнне даслалі б у апошні момант, калі немагчыма зрабіць візу.

Чытайце таксама:

Новым Папам Рымскім можа стаць кардынал, які быў у Беларусі і цытаваў Барадуліна

Ватыкан апублікаваў першую фатаграфію Папы Францішка ў труне

Папа Францішак: лацінаамерыканец, які мяняў касцёл​

Ватыкан запрасіў Святлану Ціханоўскую на пахаванне Папы Францішка

Каментары да артыкула