«Калі грамадствы рыхтуюць да вялікай вайны, то эксплуатуюць і боязь яе»
Гісторык Аляксандр Пашкевіч разважае ў фэйсбуку пра паказное міратворства прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, якое насамрэч рыхтуе Амерыку і ўвесь свет да вялікай вайны.
Фота: AP Photo/Alex Brandon
Напэўна, кожны, хто больш-менш сочыць за навінамі, звярнуў увагу, наколькі часта Дональд Трамп паўтарае фразу, пра тое, што калі б ён быў прэзідэнтам у тыя часы, як Пуцін нападаў на Украіну, то гэтая вайна ніколі не пачалася б.
У літаральна любым ягоным выступленні, датычным Расіі і Украіны, гэты тэзіс так ці інакш гучыць, прытым часта ў зусім рытуальнай форме: дзе паводле логікі і здаровага сэнсу патрабуецца сказаць проста «вайна», Трамп абавязкова скажа «вайна, якая б ніколі не пачалася, калі б я быў прэзідэнтам».
Эканомія дзяржаўных выдаткаў — гэта любімы канёк 47-га прэзідэнта ЗША, але вось пра эканомію слоў гаворка, наадварот, не ідзе. Прытым грашыць частым паўтарэннем гэтага выказвання не толькі сам Трамп, але і ягонае атачэнне — яго можна знайсці нават у афіцыйных заявах прэс-службы.
І гэта не выпадкова ўсё, вядома, а мэтанакіравана робіцца, у межах фармавання аўтарытарнага рэжыму на чале з лапідарным геніем.
Лапідарную геніяльнасць правадыра гэтая фраза мае акурат і падкрэсліваць, а пастаяннае яе паўтарэнне да месца і не да месца скіраванае на тое, каб людзі да гэтага тэзісу прывыкалі і пачыналі ўспрымаць як неабвержную аксіёму, якая як такая апрыёры не патрабуе ніякіх доказаў.
Бо насамрэч жа ні даказаць, ні абвергнуць гэтае выказванне абсалютна немагчыма, яно можа быць толькі прадметам веры, і не больш таго. Ну вось яго свядома і робяць не толькі прадметам веры, але і яе сімвалам.
Парадаксальна, але калі грамадствы рыхтуюць да вялікай вайны, то сярод іншага звычайна эксплуатуюць і боязь яе. Адно другому не надта супярэчыць.
А Трамп да вялікай вайны грамадства безумоўна рыхтуе. Ягоныя мала радзейшыя ў параўнанні з вышэйназваным, пастаянныя і паслядоўныя выказванні пра жаданне валодаць Грэнландыяй, Канадай і іншымі тэрыторыямі прывучаюць не толькі амерыканцаў, але і ўвесь свет да думкі, што гэта не фантастыка, а цалкам сабе магчымы ў цяперашнім свеце варыянт.
І калі хай не заўтра, а паслязаўтра Трамп аб'явіць, што ідзе браць Атаву за тры дні, то багата хто будзе гэта падтрымліваць, бо ў галовах ужо засядзе тэзіс пра «51-шы штат». А раз так, то што вы хацелі, ён жа насамрэч хацеў мірна вас далучыць, а вы супраціўляліся, то што ж цяпер…
І ўвогуле гэта ўсё Байдэн, і каб Трамп быў прэзідэнтам у 2021-2024 гадах, то гэтая вайна ніколі не пачалася б. Не захацелі лапідарнасці тады — ну то атрымайце цяпер вось гэта во ўсё.
Планаванае неўзабаве прызнанне з боку ЗША законнасці расійскай анексіі Крыма заб'е апошні цвік у труну старога свету, які многім, канешне, не падабаўся, але дазволіў дабіцца ўнікальнага для сусветнай гісторыі стану, калі прынамсі ў значнай частцы свету цэлае пакаленне людзей змагло нарадзіцца, вырасці, састарэць і сваёй смерцю спакойна памерці, не зазнаўшы на ўласнай скуры, што такое вайна.
Пасля рэалізацыі лапідарнага мірнага плана працэсы, падазраю, стануць абсалютна незваротнымі і назад нічога адкруціць ужо будзе зусім нельга.
Зрэшты, тут не варта гаварыць у будучым часе, бо ў новым свеце мы ўжо апынуліся даўно і вярнуцца назад немагчыма. Проста не ўсе гэта пакуль да канца зразумелі і ўсвядомілі.
Пакуль жа яшчэ збольшага ўсюды мірнае неба над галавой і больш-менш звыклы лад жыцця — Трэцяя сусветная даўно ідзе ў гібрыднай, але пакуль не ў гарачай форме. Глядзіш, калі Пуціна цяпер шчодра пакормяць тэрыторыямі, зняццем санкцый і «цудоўнымі здзелкамі», то і ў нешчаслівай Украіне, якая воляй лёсу прыняла на сябе першы ўдар, пацішэе на нейкі час.
Але перад знішчальнымі бурамі таксама звычайна бывае зацішша.
Чытайце таксама:
Чаго чакаць беларусам ад новага сусветнага парадку? Разважанні пра новую рэальнасць