Індыя абвінавачвае Пакістан у гібелі турыстаў і пагражае пакінуць яго без вады. Краіны на мяжы вайны
Пасля таго, як 22 красавіка ў індыйскім горадзе Палахгаме, што знаходзіцца ў спрэчнай вобласці Кашмір, былі забітыя 26 турыстаў, Індыя абвінаваціла ў гэтым Пакістан. У выніку ўзмацнілася традыцыйнае напружанне паміж дзвюма краінамі. Цяпер спыненыя авіязносіны і гандаль, высланыя дыпламаты, Індыя выходзіць з Дамовы аб водах, а Пакістан абяцае расцэньваць спробу адрэзаць водазабеспячэнне як абвяшчэнне вайны, піша Бі-бі-сі.
Фота: AP Photo/Muhammad Sajjad
Індыйская паліцыя апублікавала імёны траіх падазраваных баевікоў і адзначыла, што двое з іх — пакістанцы.
23 красавіка ўвечары Індыя панізіла ўзровень дыпламатычных адносін з Пакістанам, амаль у два разы скараціўшы колькасць работнікаў пасольстваў, абвясціла аб закрыцці адзінага сухапутнага памежнага пераходу паміж краінамі і прыпыніла дзеянне пагаднення па водах ракі Інд, заключанага ў 1960 годзе. Візы пакістанцаў, выдадзеныя па сістэме вызвалення ад віз Паўднёва-Азіяцкай асацыяцыі рэгіянальнага супрацоўніцтва, будуць ануляваныя ў трохдзённы тэрмін.
Урад Пакістана ў чацвер увёў серыю мер у адказ: прыпыніў дзеянне віз для грамадзян Індыі, за выключэннем сікхскіх паломнікаў, абвясціў індыйскіх вайсковых дарадцаў персонамі нон грата і загадаў ім пакінуць краіну.
Паветраная прастора Пакістана была закрытая «для ўсіх авіяліній, якія належаць Індыі ці кіраваных Індыяй», быў таксама закрыты асноўны памежны пост Вагох і спынены ўвесь гандаль, у тым ліку транзіт тавараў. Пакістан папярэдзіў, што любая спроба Індыі спыніць пастаўкі вады з ракі Інд будзе расцэньвацца як «акт вайны», і адказ на яго будзе адпаведным.
У заяве пакістанскіх уладаў гаворыцца пра адсутнасць «даставернага расследавання і правяраных доказаў», а спробы Індыі звязаць атаку ў Кашміры з Пакістанам называюцца «легкадумнымі, пазбаўленымі рацыянальнасці і логікі».
Спрэчка адносна Кашміру трывае ў рэгіёне з 1947 года, калі ўтварыліся незалежныя Індыя і Пакістан. З той пары краіны перажылі тры вайны.
Чытайце таксама:
У індыйскім Кашміры ўзброеныя баевікі напалі на турыстаў, дзясяткі загінулых і параненых
Навошта Лукашэнку спатрэбіліся 150 тысяч пакістанцаў?
Лукашэнка: Беларусь і Пакістан дамовіліся выпрацаваць механізм для прыезду працоўных мігрантаў
Ці расце злачыннасць пасля прыезду імігрантаў? Праверылі на прыкладзе Польшчы