Меркаванні1919

Навошта Лукашэнку спатрэбіліся 150 тысяч пакістанцаў?

Днямі ў Мінску адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прэм’ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам. Падчас сустрэчы Лукашэнка не толькі заявіў пра супрацоўніцтва ў гандлі, але і сказаў, што Беларусь гатовая прыняць 100-150 тысяч працоўных мігрантаў з Пакістана. У чым тут можа быць інтарэс?

Аляксандр Лукашэнка з прэм’ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам. Фота: president.gov.by

Бедная, далёкая, але вялікая краіна

Пакістан ніколі не ўваходзіў у спіс асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі і наўрад ці зможа ім стаць па шэрагу аб’ектыўных прычын, адзначае экспертка BEROC Анастасія Лузгіна.

Тым не менш жаданне Лукашэнкі наладзіць больш цесныя гандлёвыя сувязі з гэтай краінай зразумелае.

«У Беларусі назіраецца пагаршэнне сальда гандлёвага балансу. Таму, безумоўна, у нас ёсць зацікаўленасць прадаваць больш, бо імпарт расце, а экспарт — не. Таму можна выказаць здагадку, што ўлады разглядаюць Пакістан як рынак збыту.

Але тут узнікае адразу некалькі пытанняў: па-першае, гэта вельмі далёка, а па-другое — што менавіта Беларусь гатовая туды прадаваць», — разважае Лузгіна.

Для нашай краіны цяпер вельмі важна дыверсіфікаваць экспартны гандаль, бо на сёння ўзнікае шэраг рызык для эканомікі.

«У першую чаргу яны звязаныя з прагназаваным запаволеннем росту расійскай эканомікі, а таксама з палітыкай Трампа ў дачыненні да Кітая, што вымушае Пекін актывізавацца на міжнародным рынку як экспарцёра», — тлумачыць эканамістка.

Што да самога Пакістана, то гэта хоць і далёкі, бедны рынак, але ўсё ж дастаткова вялікі, бо насельніцтва Пакістана складае больш за 240 мільёнаў чалавек.

Але больш заўважная прысутнасць Беларусі на тым рынку не стане выратавальным кругам для нашай эканомікі.

«Гэта хутчэй адна з мераў, якая можа насіць касметычны характар», — заўважае Лузгіна.

У Пакістане ўрад заахвочвае працоўную міграцыю

Да жадання прыцягнуць 100—150 тысяч працоўных мігрантаў з Пакістана ў Беларусь экспертка ставіцца не менш скептычна.

«Наўрад ці пакістанцы змогуць стаць асноўнай замежнай працоўнай сілай на беларускім рынку. І тут пытанне ў першую чаргу ў адсутнасці жадання ехаць на заробкі ў Беларусь з боку саміх пакістанцаў», — лічыць Лузгіна.

Беларусь — далёкая ва ўсіх сэнсах для пакістанцаў краіна, з незразумелай для іх мовай і далёка не самымі высокімі заробкамі.

«У Пакістане ўрад сапраўды заахвочвае працоўную міграцыю, ім гэта выгадна, калі людзі з’язджаюць на заробкі і пры гэтым высылаюць грошы сваім сем’ям, што жывуць на радзіме».

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Аднак навошта пакістанцам ехаць у Беларусь, калі яны валодаюць англійскай, а не рускай або беларускай мовай?

«Без ведання мовы перспектываў знайсці добрую працу ў іх будзе няшмат, таму са сваёй англійскай ім больш выгадна ехаць у краіны, дзе яны змогуць яе без праблем выкарыстоўваць. У Беларусі з англійскай дастаткова праблематычна, а прыязджаць да нас і вучыцца рускай або беларускай мове для пакістанцаў бессэнсоўна», — лічыць экспертка.

Мігранты з Пакістана імкнуцца на заробкі ў багатыя мусульманскія краіны (ААЭ, Катар), а таксама ў ЗША, Вялікабрытанію і Еўрасаюз. Там і заробкі вышэйшыя, і з англійскай знайсці працу прасцей, чым у Беларусі.

Стаўка, бо з Індыяй і Кітаем няма вялікіх поспехаў

На думку аналітыка Аляксандра Фрыдмана, у Беларусі і Пакістана могуць быць розныя інтарэсы. Лукашэнку цікавіць пакістанскі рынак.

«Гэта пятая краіна свету па колькасці насельніцтва, таму рынак там сапраўды вялікі. Гэта вялікая маладая краіна з высокім узроўнем нараджальнасці, таму яна працягне расці. Прадукты харчавання, сельская гаспадарка, сельскагаспадарчая тэхніка — усё гэта патрэбна Пакістану. З эканамічнага пункту гледжання яна выглядае цікавай», — лічыць Фрыдман.

Стаўку на Пакістан, мяркуе аналітык, улады вырашылі зрабіць праз тое, што дасягнуць вялікіх поспехаў з экспартам у Індыю і Кітай не атрымалася.

«А ў параўнанні з афрыканскімі праектамі — гэта зусім іншы ўзровень. Таму Лукашэнку такое супрацоўніцтва сапраўды можа быць цікавым. Акрамя таго, гэта яшчэ і прэстыжна, бо Пакістан — вялікая краіна з ядравай зброяй».

Навошта Пакістану Беларусь?

А якія інтарэсы саміх пакістанцаў? Асаблівасцю пакістанскай мадэлі развіцця аналітык называе тое, што экспарт працоўнай сілы ўжо даволі даўно з’яўляецца важнай часткай іх эканомікі.

«Мільёны людзей з Пакістана працуюць у ЗША, краінах Персідскага заліва, Еўрасюзе, адкуль перасылаюць грошы на радзіму. Таму выглядае, што калі яны ўвогуле пачалі з Лукашэнкам размаўляць, то яны высунулі яму гэтае патрабаванне», — мяркуе Аляксандр Фрыдман.

Пры гэтым аналітык не схільны думаць, што сам Лукашэнка хацеў бы вырашаць праблемы ў эканоміцы прыёмам у Беларусі дзясяткаў тысяч пакістанцаў.

Фота: AP / Maxim Shemetov

«Ён разумее складанасці ў эканоміцы, якія існуюць у сувязі з дэмаграфічнай сітуацыяй і міграцыяй. Лукашэнка ўсведамляе, што калі тэндэнцыя працягнецца, то праз гэта эканамічна будзе вельмі цяжка.

Але ж вырашыць гэтую праблему можна і іншым чынам — напрыклад, за кошт дзясяткаў тысяч украінцаў, якія аселі ў Беларусі. Або праз прыцягненне людзей з краін Сярэдняй Азіі, якія таксама куды больш блізкія культурна, значная частка з іх валодае рускай мовай.

Таму, нягледзячы на тыя праблемы, якія ёсць з інтэграцыяй людзей з Сярэдняй Азіі, гэты варыянт падаецца больш лагічным і зразумелым. Тым больш, што Лукашэнка сам падкрэслівае важнасць супрацоўніцтва на постсавецкай прасторы», — звяртае ўвагу Фрыдман.

Таму, на думку аналітыка, калі Лукашэнка пойдзе на гэты пакістанскі варыянт, то не таму, што ён у захапленні, а хутчэй таму, што ёсць такая ўмова, якую паставіў Пакістан.

«На відэа, дзе Лукашэнка абвяшчае пра гатоўнасць прымаць спецыялістаў з Пакістана, бачна, як пазітыўна [прэм’ер-міністр Шахбаз] Шарыф успрыняў гэтую інфармацыю. А калі паглядзець на інфармацыю ў англамоўнай пакістанскай прэсе, то там перш за ўсё падкрэсліваецца гісторыя з мігрантамі.

І калі Лукашэнка агучвае 100—120, можа, 150 тысяч, то ў пакістанскіх СМІ гаворка ідзе выключна пра 150 тысяч», — звяртае ўвагу аналітык.

Выклік для грамадства

Меркаванне «каму тая Беларусь патрэбная, ніхто да нас не паедзе» — памылковае, упэўнены Фрыдман. У пакістанскіх СМІ падаецца інфармацыя пра Беларусь як пра еўрапейскую краіну, без усялякіх паглыбленняў. Таму ахвотныя знойдуцца, упэўнены аналітык.

«Прычыны могуць быць розныя: нехта можа падумаць, што калі гэта еўрапейская краіна, то яе можна будзе выкарыстоўваць як прыступку для пераезду ў іншую еўрапейскую краіну або ў Расію, дзе таксама можна зарабіць больш».

Тым не менш, калі для Пакістана 150 тысяч чалавек — гэта дробязі, то для Беларусі — вельмі шмат.

«Для параўнання, у Германіі з 84-мільённым насельніцтвам пражывае 150 тысяч грамадзян Пакістана. У ЗША — 600 тысяч, але ж Штаты не ў чатыры разы большыя за Беларусь па плошчы і насельніцтве. Таму для нас 150 тысяч — гэта вельмі і вельмі вялікая лічба», — адзначае Фрыдман.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

У гісторыі Беларусі няма такога досведу інтэграцыі іншаземцаў, разважае аналітык. Апроч таго, трэба разумець, што наша краіна — з даволі аднародным грамадствам, без вялікіх меншасцяў, якія сур’ёзна адрозніваюцца ў культурным, рэлігійным і іншых аспектах.

Аналітык упэўнены, што падобная сітуацыя — гэта сапраўдны выклік для аднароднага беларускага грамадства. Няма досведу, як побач з імі жыць і працаваць. Ды і мову англійскую шмат хто ў Беларусі не ведае.

Сярод іншага Фрыдман звяртае ўвагу на тое, што прынамсі цягам апошніх пяці гадоў беларуская прапаганда старанна падкрэслівае, што адбываецца так званая ісламізацыя Еўропы, што там ужо не засталося еўрапейцаў.

«Кожны выпадак, калі нешта здараецца, у прапагандзе адразу ж выкарыстоўваецца. Яны пераконваюць, што ў Еўропы няма будучыні, што засталіся адны мігранты. То-бок ты гадамі гэта транслюеш, а потым кажаш, што вось — мы таксама завязем сабе 150 тысяч пакістанцаў».

Ці не стануць пакістанцы прарывацца праз мяжу?

Фрыдман прыгадвае рэакцыю грамадства ў 2021 годзе, калі на вуліцах пачалі масава з’яўляцца мігранты, якія потым прарываліся праз мяжу.

Агароджа на польска-беларускай мяжы. Фота: AP Photo / Michal Dyjuk

Праводзячы аналогію з тымі мігрантамі, для якіх Беларусь была транзітным пунктам, аналітык звяртае ўвагу на адсутнасць якой-небудзь рэакцыі з боку еўрапейскіх суседзяў.

«Верагодна, яны разумеюць, што калі пакістанцы і пачнуць масава прыбываць у Беларусь, то не стануць нелегальна ламіцца праз мяжу, бо ў Пакістана добрыя адносіны з ЕС, і яны відавочна не захочуць такім чынам іх псаваць», — мяркуе Фрыдман

Каментары19

  • Аднойчы
    16.04.2025
    Калі працаваў у адной з арабскіх краін , размаўляў з адным з былых нашых амапаўцаў, і гаворка зайшла за нашую апазіцыю . Той кажа: вось яны, нацыкі такія, хочуць усіх перавешаць і разбурыць дзяржаву. Але я яму кажу: дзе ты там нацыкаў і разбуральнікаў бачыў? Ты, калі амапаўцам быў, каго лупцаваў? Інтэлігентаў-ачкарыкаў ды дзяўчат. А вось калі хочаш паглядзець на разбуральнікаў - уяві што замест тых, каго ты лупцаваў, былі б тыя, каго ты бачыш сёння на вуліцы і не забудзься на тое, што ў кожнага з іх пад ложкам зброя ляжыць. Быў бы ты такі смелы красавец у такім выпадку? .... Ну вось, здаецца, хітразачос хоча рэалізаваць тую гіпатэтычную сітуацыю....
  • Дзіўныя рэчы
    16.04.2025
    Апошнімі днямі бачу багата кітайцаў на вуліцы, некаторыя з іх дзіўна сябе паводзяць, можа гатуецца новая кітайска-пакістанская армія ўварвання на поўнач Украіны?
  • хз
    16.04.2025
    Ломает комедию. Так сказать, я сделал все, чтобы не поднимать пенсионный возраст, но не удатся. И на этой муле он его поднимет.

Цяпер чытаюць

Стала вядома пра смерць 22-гадовага хлопца, якога асудзілі па палітычнай крыміналцы2

Стала вядома пра смерць 22-гадовага хлопца, якога асудзілі па палітычнай крыміналцы

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі летась адбыліся ўспышкі адру і коклюшу

Балкунец хоча праехацца на веласіпедзе з Варшавы да мыса Рока ў Партугаліі12

Беларускі фатограф два гады ляжыць пасля кавіду і цяпер зусім страціў сон23

Прайсці медагляд і распавесці ўсё пра сваякоў: жонка турка расказвае пра пакуты з атрыманнем ДНЖ для мужа ў Беларусі19

Палітзняволенай Алене Лазарчык дадалі паўтара года калоніі1

Трамп цёпла прыняў прэм’ера Італіі Мелоні. Сказаў, што не вінаваціць Зяленскага ў вайне ва Украіне

З урада Сербіі выключылі галоўнага прарасійскага палітыка

Трамп чакае ад Расіі адказу на прапанову аб перамір'і «на гэтым тыдні»5

Дэпутат-гісторык Даніловіч расказаў пра 28 еўрапейскіх народаў, якія прыйшлі захопліваць Беларусь разам з Гітлерам26

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома пра смерць 22-гадовага хлопца, якога асудзілі па палітычнай крыміналцы2

Стала вядома пра смерць 22-гадовага хлопца, якога асудзілі па палітычнай крыміналцы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць