Трамп назваў «вялікай саступкай» Пуціна адмову захопліваць усю Украіну
Пры гэтым Трамп запэўніў, што аказвае «вялікі ціск» на Расію.
Фота: Chip Somodevilla / Getty Images
Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін зрабіў «вялікую саступку» на перамовах па завяршэнні вайны ва Украіне, адмовіўшыся ад поўнага захопу краіны, заявіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. «Спыненне вайны, спыненне захопу ўсёй краіны — даволі вялікая саступка», — сказаў Трамп падчас сустрэчы ў Авальным кабінеце з прэм'ер-міністрам Нарвегіі Ёнасам Гарэ Стэрэ, піша CNN.
На пытанне журналістаў, ці давядзецца Украіне саступіць акупаваныя тэрыторыі Расіі дзеля спынення агню, Трамп адказаў унікліва: «Гэта залежыць ад таго, якая менавіта тэрыторыя». Ён нагадаў, што Украіна страціла «шмат тэрыторый». Так, з ягоных слоў, вярнуць Крым «будзе вельмі цяжка».
Пры гэтым Трамп запэўніў, што аказвае «вялікі ціск» на Расію. Кіраўнік Белага дома падкрэсліў, што ў яго ёсць «свой дэдлайн» для заключэння мірнай здзелкі.
«А пасля гэтага ў нас будзе зусім іншы падыход, але я думаю, што ёсць вельмі добрыя шанцы дасягнуць дамоўленасці», — сказаў амерыканскі прэзідэнт.
Ён прапанаваў журналістам спытаць яго аб прагрэсе ў гэтым пытанні праз два тыдні.
Чытайце таксама:
Украіна рыхтуецца да спынення падтрымкі з боку ЗША — Bild