Еўрабачанне — 2025: топ-10 удзельнікаў, на якіх варта звярнуць увагу
13 мая ў швейцарскім Базэлі стартуе першы паўфінал «Еўрабачання» — шоу, забаненага беларускімі ўладамі, але любімага многімі беларусамі. «Наша Ніва» традыцыйна склала спіс найцікавейшых выступаў.
Кадр з відэа: Eurovision Song Contest / Youtube
Конкурс не пакажуць па беларускім тэлебачанні. Але ў Беларусі ўсё роўна можна глядзець конкурс — хутчэй за ўсё, будзе трансляцыя на афіцыйным ютуб-канале «Еўрабачання».
Go-Jo — Milkshake Man (Аўстралія)
Не дзівіцеся, што бачыце ў гэтым спісе краіну далёка за межамі Еўропы. Аўстралія ўжо не першы год удзельнічае ў «Еўрабачанні» — усё праз тое, што конкурс заваяваў на тым кантыненце шалёную папулярнасць.
Сёлетняга прадстаўніка Аўстраліі мы дадаём у наш топ за настрой. Спявак Go-Jo выступіць на конкурсе з бадзёрым трэкам пра малочніка і матывацыяй адкрыць «найбольш яркую версію сябе», а яго гучанне нагадвае стылістыку 80-х. Такое нам трэба!
KAJ — Bara Bada Bastu (Швецыя)
Краіна, якая выйграла ўжо сем «Еўрабачанняў», нацэлілася на восьмую перамогу. Для гэтага яна пасылае ў Базэль гурт KAJ — трох фінаў, якія спяваюць па-шведску, прычым гэта першая песня на нацыянальнай мове ад шведаў з 1998 года.
Трэк Bara bada bastu напісаны на фінскім дыялекце шведскай мовы і прысвечаны фінскай саўне. Букмекеры прарочылі шведам перамогу на сёлетнім «Еўрабачанні» яшчэ да таго, як быў выбраны прадстаўнік краіны — паглядзім, ці спраўдзіцца прагноз.
Louane — Maman (Францыя)
Ад пастаянных фаварытаў «Еўрабачання» пераходзім да штогадовых няўдачнікаў. Францыя часта адпраўляе на конкурс вакальна складаныя песні на нацыянальнай мове — згадаем спевака Slimane, які ў 2024-м праспяваў частку песні без мікрафона. Але ж краіне стабільна не шанцуе на конкурсе: апошняя перамога ў іх была яшчэ ў 1977-м, а іх найлепшы вынік апошняга часу — той самы Slimane і яго 4-е месца.
Сёлета Францыя адсылае песню ў сваім звычайным для «Еўрабачання» стылі, што заслугоўвае павагі, але наўрад ці дапаможа краіне спакусіцца на перамогу — такія суворыя законы конкурсу. Але чаму б нам проста не ацаніць прыгожы трэк?
Red Sebastian — Strobe Lights (Бельгія)
Працягваем шукаць якасныя і не нудныя песні — будзем шчырымі, на сёлетнім «Еўрабачанні» гэта не так проста. Дзякуй бельгійцу Red Sebastian з яго тэхна-трэкам Strobe Lights.
Гэта песня з простым матывам, якая добра запамінаецца і патрабуе якаснага вакалу. Але наўрад ці Strobe Lights выйграе конкурс — у гэтай занадта ідэальнай песні няма разынкі.
Ziferblat — Bird of Pray (Украіна)
Нашы суседзі пасылаюць у Базэль нешта вельмі незвычайнае. У сваёй песні яны аб'ядналі і традыцыйныя ўкраінскія матывы, і стылістыку хіпі, і трошкі панку. Што да тэксту, гэта гісторыя пра расстанне і птушку, якая можа злучыць людзей на адлегласці.
У фінале нацыянальнага адбору Ziferblat выступалі ў фіялетавых рэтракасцюмах на сцэне, стылізаванай пад квітнеючы лужок. Асаблівай пастаноўкі ў нумары і не было. Хочацца верыць, што да Базэля ўкраінцы гэта выправілі, і мы атрымаем стылёвы нумар — еўрапейскія гледачы іншага не даруюць.
Yuval Raphael — New Day Will Rise (Ізраіль)
А вось гэта — гісторыя пра натхненне. 7 кастрычніка 2023-га ізраільцянка Юваль Рафаэль прысутнічала на сумна вядомым музычным фестывалі Supernova, куды наляцелі баевікі ХАМАС. Тады загінулі 378 удзельнікаў фестывалю. Юваль была адной з тых, хто выжыў.
Цяпер яна рэпрэзентуе Ізраіль з прыгожай песняй пра тое, што «новы дзень прыйдзе». Прыхільнікі прапалесцінскіх поглядаў заклікаюць забаніць Ізраіль на конкурсе, але арганізатары супраць.
JJ — Wasted Love (Аўстрыя)
Аўстрыйская опера на «Еўрабачанні»? Так! Wasted Love, песня спевака JJ, якраз створаная ў такім стылі.
Уражвае моцна, тым больш пераможца 2024 года, швейцарац Nemo, таксама ўключаў у сваю кампазіцыю оперны кавалак. Але ці спрацуе рэцэпт поспеху другі год запар? І ці здолее JJ даць рады ўжывую такой тэхнічна складанай кампазіцыі? Калі ўсё ўдасца — не здзівімся першаму месцу ад журы для Аўстрыі.
Tommy Cash — Espresso Macchiato (Эстонія)
А вось і адзін з тых дзівакоў, якіх мы чакаем кожнае «Еўрабачанне». Спявак пад псеўданімам Томі Кэш прадстаўляе песню на сумесі англійскай мовы і таго, што можна апісаць як аўтарскае разуменне італьянскай. Вы не паверыце, але італьянцы ўжо выказалі сваё абурэнне — маўляў, у песні багата клішэ пра Італію накшталт кавы і мафіёзі.
На шчасце, мы не італьянцы і можам спакойна атрымаць задавальненне ад гэтай песні. Нездарма Томі Кэш спявае на вясёлай трасянцы «No stresso, no stresso, no need to be depresso».
Shkodra Elektronike — Zjerm (Албанія)
Яшчэ адны электроншчыкі, ды яшчэ і з фальклорнымі матывамі ды песняй на нацыянальнай мове. Песня з назвай, што перакладаецца як «полымя», адсылае да албанскіх традыцый, дзе полымя шануюць ужо шмат стагоддзяў і выкарыстоўваюць у рытуалах.
У кліпе да відэа Беатрычэ, удзельніца дуэта Shkodra Elektronike, танчыць у стылізаванай версіі хублеты — албанскага народнага адзення. Спадзяёмся, у сцэнічнай версіі будзе не менш павагі да традыцый.
Katarsis — Tavo Akys (Літва)
Букмекеры не маюць асаблівых надзей наконт гэтай кампазіцыі, але не адзначыць яе было б несправядліва. Пакуль шмат іншых краін выбіраюць бяспечную поп-стылістыку, нашы суседзі вязуць на конкурс незвычайны, прыгожы і стылёвы індзі-рок.
Тут няма вычварных спецэфектаў і натоўпу падтанцоўкі, ёсць толькі выканаўцы і іх эмацыйная песня. Паглядзім, ці ўдасца ў Katarsis рэалізаваць задуму такога выступу на належным узроўні.
Чытайце таксама:
У гурта РСП выйшаў новы альбом
Гэта песня на башкірскай мове завірусілася ў свеце. Але і выклікала дыскусію ва Украіне