БЕЛ Ł РУС

«Прычын замарожваць будоўлю няма». Чыноўнікі сустрэліся з пратэстоўцамі супраць вадасховішча для адкідаў пад Жодзіна

25.04.2025 / 15:55

Nashaniva.com

Сустрэча выйшла вельмі эмацыйнай. Гэта зразумела нават па рэпартажы ў дзяржаўных СМІ.

Фота: «Мінская праўда»

Непадалёк ад Жодзіна будуюць сажалку-назапашвальнік для адкідаў ад сталічнай каналізацыі. Пра тое, што будаўніцтва ў самым разгары, стала вядома зусім нядаўна. Гэта выклікала вострую рэакцыю жыхароў навакольных вёсак.

Яны непакояцца, што ад сажалкі будзе вельмі моцна пахнуць. Акрамя таго, яе будуюць недалёка ад водазабору, які забяспечвае пітной вадой Жодзіна. Вяскоўцы арганізаваліся ў чат і пачалі збіраць подпісы. Але на гэта вельмі нервова адрэагавалі сілавікі. Яны забралі бланкі, забаранілі крамам удзельнічаць у зборы подпісаў, а чат ператварыўся ў суполку, у якой нельга пакідаць каментары.

Але рэзананс дайшоў да чыноўнікаў, і яны ўсё ж такі вырашылі сустрэцца з пратэстоўцамі. Сход адбыўся ў доме культуры ў аграгарадку Будава. Там сабраліся як мясцовыя жыхары, так і жыхары вёскі Востраў, дзе будуюць сажалку, і іншых навакольных вёсак.

На сустрэчу прыехалі прадстаўнікі Мінпрыроды, абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Мясцовыя ўлады прадстаўляў старшыня Смалявіцкага райвыканкама Мікалай Парамонаў, з Мінска прыехалі кіраўнікі водаканала і будаўнічай арганізацыі.

З рэпартажу прапагандыстаў «Мінскай праўды» зразумела, што сустрэча прайшла вельмі эмацыйна. Людзі актыўна задавалі пытанні і абураліся патэнцыйна небяспечным будаўніцтвам. 

Дырэктар «Гардарбуда» Сяргей Панеў расказаў, што сажалка для адходаў будзе цалкам герметычнай.

«Па факце мы будуем грунтовую, абсалютна герметычную чашу, прызначаную для захоўвання глейнага асадку. Тэхнічна гэта кар'ер, выпрацаваная грунтовая чаша без дадавання або вывазу лішняга грунту.

Па ўсім перыметры размяшчаецца геамембрана таўшчынёй 2 мм: на сёння гэта самы шчыльны матэрыял, які забяспечвае герметычнасць. Па верху таксама ідзе геамембрана, як дадатковая абарона. Тэрыторыя аб'екта 20 га, з якіх 13 га — чаша. Астатняе — усё тое, што звязана з абслугоўваннем», — сказаў Панеў.

Такое тлумачэнне мясцовых жыхароў, мяркуючы па ўсім, не задаволіла. Аўтар рэпартажу піша, што людзі сталі перакрыкваць Панева і казаць, што такая сажалка па суседстве ім не патрэбная.

Дырэктар «Мінсквадаканала» Фёдар Рымашэўскі расказаў, што сажалка па планах будзе працаваць каля шасці гадоў, пакуль ідзе рэканструкцыя сталічнай ачышчальнай сеткі. Хутка ў Мінску плануецца пабудаваць комплекс па зброджванні і комплекс па спальванні адкідаў.

Рымашэўскі дадаў, што аб'ект будуецца на аснове сусветнай практыкі ўтылізацыі адкідаў, а ўлады правялі ацэнку яго ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. 

Людзі таксама пацікавіліся ў чыноўнікаў, чаму вакол будаўніцтва высякаюць лес. Кіраўнік райвыканкама на гэта адказаў, што высяканне не звязана з будаўніцтвам: маўляў, гэта планавыя работы лясгаса.

Прадстаўнік Мінпрыроды паабяцаў стварыць камісію, якая праверыць, ці адпавядае сажалка ўсім нормам. Але зоймуцца гэтым толькі пасля заканчэння будаўніцтва.

Напрыканцы сустрэчы кіраўнік райвыканкама Парамонаў прапанаваў стварыць ініцыятыўную групу, якой чыноўнікі яшчэ раз растлумачаць, што з сажалкай будзе ўсё ў парадку. Але чыноўнікі хутчэй стварылі бачнасць грамадскага абмеркавання. Парамонаў падкрэсліў, што ніякіх прычын замарожваць будаўніцтва няма.

Аб'ект пад назвай «Сажалка-19» раней хацелі пабудаваць у Пухавічах і Маладзечне. Там мясцовыя жыхары ў выніку змаглі прымусіць чыноўнікаў адмовіцца ад будаўніцтва. Улады Смалявіцкага раёна, відавочна, настроеныя больш рашуча.

Чытайце таксама:

Пад Жодзінам будуюць прыёмнік для фекалій з Мінска. Мясцовыя супраць, але пратэставаць ім не даюць

«Завод па перапрацоўцы глею». У справе будаўніцтва каналізацыйнага прыёмніка пад Жодзінам новы паварот

Каментары да артыкула