БЕЛ Ł РУС

У сітуацыі з пакістанцамі ўлады сталі закладнікамі сваёй жа прапаганды і сваіх ідэалагем

25.04.2025 / 19:2

Nashaniva.com

На сёння нічога не вядома пра практычную рэалізацыю ідэі завезці ў Беларусь 150 тысяч пакістанцаў. Цалкам магчыма, што гэты праект нічым не скончыцца. Аднак сама тэма выклікала вялікія жарсці — абмеркаванні ў сацыяльных сетках, медыя. Улады былі вымушаныя рэагаваць у звыклым для сябе стылі, піша на «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч.

Аляксандр Лукашэнка з мігрантамі з паўднёвых краін у 2021 годзе каля мяжы з Польшчай. Фота: Sefa Karacan/Anadolu Agency via Getty Images

З самага пачатку было зразумела, што ідэя прывезці ў Беларусь 150 тысяч пакістанцаў замест выгнаных з краіны соцень тысяч беларусаў не выкліча вялікага энтузіязму ў грамадстве. Тым не менш, негатыў, які выплюхнуўся ў сацыяльных сетках, стаў нечаканасцю для ўладаў. Інфармацыя пра 150 тысяч пакістанцаў стала свайго роду тэстам, які шмат што паказаў — і пра грамадства, і пра ўладу.

Перш за ўсё, улады былі ўпэўненыя, што ў выніку жорсткіх рэпрэсій у краіне ўсё «закатана ў асфальт», што любая несанкцыянаваная грамадзянская актыўнасць знішчана, што ўсе «схаваліся ў бульбу» і будуць маўчаць, што б ні здарылася.

Аднак яны не ўлічылі, што мы жывем у эпоху інтэрнэту. Сацыяльныя сеткі — гэта шчыліна, аддушына, праз якую праточваюцца грамадскія настроі, як бы віртуальную прастору ні спрабавалі кантраляваць.

З іншага боку, шырока распаўсюджаныя ўяўленні пра «інтэрнацыяналізм», «талерантнасць» беларусаў — хутчэй міфы. Гэта ідэалагічныя канструкты, што не вельмі адпавядаюць рэчаіснасці. Той факт, што ўжо 30 гадоў на чале краіны знаходзіцца чалавек з агрэсіўнай манерай паводзін, якая мала звязаная з талерантнасцю, кажа сам за сябе.

Акрамя таго, улады сталі закладнікамі ўласнай прапаганды. Гадамі іх прапагандысты расказвалі, як мігранты мучаць Еўропу, ствараюць злачыннасць, гвалцяць жанчын — суцэльныя праблемы. І калі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што прывязе дзясяткі тысяч гэтых самых мігрантаў у Беларусь, рэакцыя людзей была прадказальнай.

Да таго ж улады сталі закладнікамі сваёй жа ідэалагемы «стабільнасці» — аднаго з галоўных апораў лукашэнкаўскага ідэалагічнага канструкта. Маўляў, жылі ціха і спакойна — і раптам «панаехалі тут».

Нарэшце, выявілася ці не галоўная праблема аўтакратый — поўная адсутнасць зваротнай сувязі з грамадствам. Дыктатура знішчае ўсе механізмы, праз якія людзі могуць перадаваць уладзе свае настроі і патрэбы.

Гэта выбары, прадстаўнічыя органы, партыі, прафсаюзы, НДА, незалежныя СМІ. У Беларусі ўсё гэта ліквідавана. Таму ўлады не ведаюць дакладна, што адбываецца ў грамадстве. Яны то перабольшваюць пратэсныя настроі, як гэта было на выбарах, то, як цяпер, не фіксуюць назапашанага негатыву — бо няма ніякіх «радараў».

Варта звярнуць увагу і на тое, што сам Лукашэнка перастаў адчуваць грамадства. Раней яго палітычная інтуіцыя, інстынктыўнае разуменне народных настрояў дапамагалі яму. Ён быў люстэркам калектыўнага несвядомага. Але калі доўгі час не мець камунікацыі з сапраўдным народам — усе гэтыя здольнасці тупеюць.

Цяпер Лукашэнка жыве ў інфармацыйнай бурбалцы, якую фармуе ягонае атачэнне. Адсюль — памылкі. Ягоны папулізм больш не працуе. Класічны прыклад — 2020 год, калі ён сваімі дзеяннямі сам справакаваў выбух пратэстаў.

Іншымі словамі, дыктатура па сваёй прыродзе рэгулярна «падстаўляецца», робячы крокі, што выклікаюць абурэнне. Гэта непазбежна пры адсутнасці зваротнай сувязі. Таму цяпер Лукашэнка вымушаны апраўдвацца, абвінавачваць «ворагаў», якія «спрабуюць палохаць народ».

Адказ уладаў на негатыўныя каментары ў інтэрнэце быў прадказальны: рэпрэсіі. Людзей затрымліваюць, прымушаюць запісваць «пакаяльныя» відэа. Рэжым інакш не ўмее. Ён не бачыць сэнсу размаўляць з грамадствам.

Навошта нешта тлумачыць, калі ёсць ГУБАЗіК? На ўсе праблемы адказ адзін — гвалт. Пакуль што гэта працуе.

Чытайце таксама:

Лукашэнка: У 2020 годзе каля Палаца Незалежнасці не пакістанцы бегалі

Лукашэнка апраўдваецца за ідэю з прыездам 150 тысяч пакістанцаў — гэта, каб «захаваць наш народ»

МУС паказала відэа з затрыманымі за каментары ў адрас «жыхароў цудоўнай краіны Пакістан». Пагражае крыміналка

«Чым пакістанцы ў Беларусі адрозніваюцца ад беларусаў у Польшчы?»

Ці расце злачыннасць пасля прыезду імігрантаў? Праверылі на прыкладзе Польшчы

«Яны чамусьці думаюць, што іх зараз згвалцяць». Прапаганда кінулася тушыць абурэнне беларусаў 150 тысячамі пакістанцаў

Каментары да артыкула