БЕЛ Ł РУС

На Польшчу — да 15 гадзін, у Літву — без чэргаў. Чаго чакаць пасажырам аўтобусаў на мяжы?

26.04.2025 / 10:12

Nashaniva.com

Вялікія выходныя, як і чакалася, выклікалі ўсплёск попыту на паездкі, у тым ліку міжнародныя. Гэта адбілася і на сітуацыі на мяжы, піша Newgrodno.by.

Напрыклад, на польскім напрамку ў «чарзе» да 10:00 суботы стаяла каля 60 аўтобусаў.

«Сярэдні час чакання ў чарзе і праходжання мяжы складзе каля 15 гадзін», — адзначаюць перавозчыкі. Варта адзначыць, што гэта не канчатковы тэрмін, час можа змяняцца ў залежнасці ад розных фактараў.

Перавозчыкі робяць усё магчымае, каб не сарваць расклад, але паўплываць на чэргі яны, вядома, не ў сілах.

У бок Літвы чэргаў з аўтобусаў няма. Сярэдні час праходжання мяжы ў гэтым выпадку складае 2—3 гадзіны. Аўтобусы ідуць дакладна па раскладзе. Праўда, вадзіцелі нагадваюць пасажырам пра ўзмоцнены кантроль з боку літоўскіх службаў. Пад забарону на ўвоз з Беларусі трапілі больш за 2800 тавараў, у тым ліку прадукты харчавання. Калі ў аднаго з пасажыраў знойдуць «забаронку», могуць затрымаць увесь аўтобус.

Проста цяпер, напрыклад, квіткі на Польшчу можна купіць амаль што на дзень у дзень. А вось паездку да Вільні трэба планаваць загадзя — на бліжэйшыя рэйсы ўсе квіткі раскуплены.

Цяпер зрабіць гэта прасцей. Калі раней продаж пачынаўся за 30—60 дзён да адпраўлення аўтобуса, то цяпер можна купіць квіткі на многія рэйсы ў Польшчу, Літву і Расію ажно да 31 жніўня.

А што з коштам?

Кошт квіткоў застаецца на ранейшым узроўні. Перавозчыкі адзначаюць, што перадумоў для падаражання пакуль няма. Але ўсё ж лепш паклапаціцца пра куплю загадзя — гэта гарантыя таго, што паездка нават у жніўні адбудзецца па вясновай цане.

Чытайце таксама:

Моцна затрымліваюцца аўтобусы, што едуць з Польшчы і Літвы ў Беларусь

Каментары да артыкула