Праўладныя арганізацыі прапанавалі беларусам ананімна выказацца па «кірунках развіцця на пяцігодку». А людзі выклалі свой боль
«Штаб патрыятычных сіл», куды ўвайшлі праўладныя арганізацыі і сацыёлагі, прапанаваў беларусам падзяліцца ідэямі па развіцці краіны на найбліжэйшыя пяць гадоў. Праект назвалі «Народная пяцігодка», на аснове пажаданняў людзей збіраліся «акрэсліць контуры ідэальнага вобраза Беларусі». Меркаванні збіралі ананімна праз сайт меркаванне.бел. Толькі вось замест «ідэальнага вобразу» намалявалася зусім іншая карціна — людзі скардзіліся на дрэнныя дарогі, брудную ваду, смецце, даўгабуды і карупцыю мясцовых чыноўнікаў. «Люстэрка» пры дапамозе Belpol атрымала частку вынікаў гэтага «даследавання».
Хацелі «акрэсліць контуры «ідэальнага вобразу» Беларусі»
Сайт меркаванне.бел запрацаваў у кастрычніку 2024 года, паведамленні пра гэта з'явіліся ў беларускіх праўладных СМІ і дзяржорганаў. Людзей заклікалі ананімна «прапанаваць кірункі развіцця найважнейшых сфер нашага жыцця, выказаць свае ідэі, прапановы, заўвагі і чаканні на найбліжэйшую пяцігодку».
Арганізатарамі выступілі праўладныя сацыёлагі з «Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў» (БІСД), а таксама грамадскія аб'яднанні, якія назвалі сябе «Штаб патрыятычных сіл». У яго ўваходзяць Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, «Беларускае таварыства «Веды», «Белая Русь», БРСМ, «Беларускі саюз афіцэраў», «Патрыёты Беларусі» і «Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў». Яны абяцалі, што «найбольш прадуманыя» ідэі ўлічаць у Праграме сацыяльна‑эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2025-2030 гады, а таксама пры падрыхтоўцы парадку Усебеларускага народнага сходу.
«Мэта экспертнага дыялогу — з улікам грамадскай думкі акрэсліць контуры «ідэальнага вобразу» Беларусі на сярэднетэрміновую перспектыву», — не скупіліся яны на пафасныя фармулёўкі.
Праўда, як аказалася, людзей хвалююць не «контуры» ідэальнай Беларусі, а мноства цалкам канкрэтных праблем.
Што атрымалася
Паводле звестак на сакавік 2025 года, на заклік паўдзельнічаць адгукнуліся больш за шэсць тысяч чалавек, пакінута 2477 водгукаў, вынікае з аналітычнай запіскі, якую «Люстэрка» атрымала дзякуючы Belpol. Большасць адказаў — каля 86% — «з'яўляюцца ініцыятывамі і прапановамі, у тым ліку стратэгічнага характару», пішуць аўтары з БІСД.
Палітычныя пытанні ў выніковых матэрыялах у прынцыпе не згадваюцца. Альбо людзі пра гэта не пісалі, альбо аналітыкі вырашылі праігнараваць гэтыя тэмы. Некалькі чалавек хвалілі Лукашэнку ці згадвалі яго ў сваіх прапановах, хтосьці нават прапанаваў зняць серыял пра яго.
Аграгарадок Баравое Лельчыцкага раёна. Фота: tam_erm, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
У цэлым жа праўладныя аналітыкі прыйшлі да высновы, што людзей больш за ўсё хвалюе ўпарадкаванне мясцовасці.
У аналітычнай запісцы для Савета міністраў аўтары вылучылі 12 «ключавых кірункаў», апісаных даволі агульнымі словамі. Напрыклад, «павышэнне даступнасці сацыяльных аб'ектаў» і «ўпарадкаванне пустуючых і недагледжаных тэрыторый».
А вось уладам на месцах пераслалі ўжо непасрэдна паведамленні рэспандэнтаў, назваўшы гэта «прамой мовай грамадзян з захаваннем стылістыкі, аўтарскай арфаграфіі і пунктуацыі».
Дзясяткі людзей апісалі свае лакальныя «болі»: кагосьці турбуюць дрэнныя дарогі, кагосьці — даўгабуд, хтосьці скардзіцца на карупцыю начальства.
«Калі пажарная ці хуткая — не даедуць»
Некалькі чалавек паскардзіліся на канкрэтныя дарогі, праезды і масты.
«Заасфальтуйце і выраўняйце бетоннае пакрыццё на ўчастку дарогі М3 ад Мінска да Лагойска… Пральная дошка. Старажытная бетонная дарога, якая забівае хадавую частку аўтатранспарту».
Так пакрыццё трасы М3 выглядала ў 2013 годзе. Фота: Tut.by
У лістападзе 2024 года ўрачыста адкрылі пасля рэканструкцыі іншы ўчастак гэтай трасы — 15 кіламетраў паміж Лагойскам і Плешчаніцамі. Дарэчы, у якасці пакрыцця выбралі не асфальт, а цэментабетон, бо тэрмін яго службы і «вынослівасць» нашмат вышэйшыя. Мадэрнізацыю магістралі паабяцалі працягнуць далей у напрамку Віцебска. А вось пра рамонт участка паміж Мінскам і Лагойскам пакуль няма інфармацыі.
«Ёсць вялікая калектыўная заўвага да абласнога горада Брэста — выдатны прыгранічны горад, які прымае шмат гасцей, але як можа заставацца ў такім выглядзе мост да чыгуначнага вакзала??? Яму ўжо вельмі шмат гадоў — як падняцца пасажырам з багажом?! Інвалідам?! Старыя людзі?! Адміністрацыя горада калі-небудзь бачыла, як гэта адбываецца?! 21 стагоддзе!»
Так мост на брэсцкім вакзале выглядаў у 2019 годзе. Фота: brestcity.com
У 2018 годзе на гэтым мосце абяцалі абсталяваць пандус, але, падобна, гэтага не здарылася. У 2023 годзе ў мясцовых уладаў зноў спыталі наконт рэканструкцыі моста, адказ быў такім: «Пешаходны мост на станцыі Брэст-Цэнтральны быў пабудаваны ў 1990 годзе паводле праектнай дакументацыі. Цяпер гэты пешаходны мост знаходзіцца ў тэхнічна спраўным стане і яго рэканструкцыя не плануецца».
«У нас у вёсцы Лукашына Мінскай вобласці Дзяржынскага раёна пастаянная праблема з дарогай па вул. Цэнтральнай. Усе звароты, якія рабіліся ў ЖКГ, старшыні, ВРК, не даюць вынікаў. Прыязджаюць, насыпаюць дробнага пяску, разраўноўваюць, даюць адпіску, што ўсе ліквідавалі і з'язджаюць, але праблема так і засталася. Восенню і вясной пясок размываецца, бо гэтая дарога размешчаная ніжэй за ўзровень суседніх палёў, і на легкавым аўтамабілі праехаць немагчыма. Перажываем, што, калі вясной прыйдзецца выклікаць хуткую дапамогу, то яна проста не зможа да нас заехаць».
Верагодна, тая самая праблемная дарога. Ілюстрацыя з артыкула «Вікіпедыі». Фота: wikipedia.org
«Вёску ад ажыўленай дарогі аддзяляла алея. Гады з чатыры таму яе выкарчавалі. Дажынкі праводзілі. Там самы высокі пункт. Мы нават не падазравалі, якія моцныя вятры ў нас. Цяпер снег з сельгаспалёў выдзімае на дарогу пастаянна. Тэхніка не спраўляецца. З вёскі ні выехаць, ні выйсці, два шляхі перакрытыя вялізнымі заносамі. Калі пажарная ці хуткая — не даедуць».
«Пабудуйце, калі ласка, мост праз Прыпяць Альшаны — Мікашэвічы. Столінскі раён стаў сельгасхабам па прадукцыі. Бясконцая колькасць шматтанажных фур едзе па вёсках круглы год у аб'езд на Жыткавіцкі мост. Усім будзе зручней пры наяўнасці прамой на буйную развязку Мікашэвічы — Мінск — Гомель — Брэст і далей».
«У горадзе-спадарожніку [Мінска] Фаніпалі ёсць вуліцы, якім ужо 40 гадоў, яны па-ранейшаму грунтавыя! Чаму такая несправядлівасць? Чаму ў Дзяржынску ёсць вуліцы, якія ўжо двойчы асфальтаваныя, а цэнтральныя і тройчы. А ў Фаніпалі 70 працэнтаў вуліц грунтавыя. Жыхары не бачаць планаў асфальтавання, няма ніякай надзеі, ніякіх абяцанняў і тэрмінаў!»
«З хворымі нагамі і палачкай ходзім уверх-уніз»
Людзі таксама даслалі мноства скаргаў бытавога плану: на ваду, электрычнасць, ліфты, якія не працуюць.
«У г. п. Смалявічы (верагодна, гаворка пра Смілавічы — заўв.) Чэрвеньскага раёна па цотным баку вуліцы Дзяржынскага не забяспечваецца электразабеспячэнне напругай 220 Вт. Падстанцыя, якая павінна забяспечваць гэта напружанне, знаходзіцца на далёкай адлегласці ад гэтай вуліцы. Гэта прыводзіць да таго, што не працуюць электрапрыборы: лямпачкі асвятлення, мікрахвалёўкі і да т. п., адмоўна адбіваецца на працы халадзільнікаў. Просьба разабрацца ў гэтым пытанні і абавязаць адпаведныя службы ўсталяваць нарматыўнае напружанне ў электрасеткі кругласутачна».
«Прапаную мадэрнізаваць электрасеткі ў в. Думічы Капыльскага р-на Мінскай вобл. і даць магчымасць падключаць электраацяпленне ў дамы (1978 года слупы і правады), яшчэ абнавіць асфальт, з 1990 года ніколі не абнаўляўся. Дзякуй!»
«Жыву ў горадзе Салігорску ўсё жыццё. Вадаправодная вада проста агіднай якасці: вельмі шмат соляў жорсткасці, пахне хлорам. Гарачая вада рэгулярна ператвараецца ў карычневую. Па стандарце ў нас павінна быць вада пітной якасці».
Афіцыйна мясцовыя ўлады паведамлялі, што вада ў «кантрольных пунктах» Салігорска «адпавядае паказчыкам бяспекі».
«Ходзяць чуткі, што «пачнецца рамонт у галоўным корпусе БДУ (пр. Незалежнасці, 4) не раней за красавік, а можа і пазней, як выдзеляць грошы». Але! 15 лютага адключылі абодва ліфты. А ў нас навучаюцца студэнты, якія перасоўваюцца на інвалідных вазках, ёсць студэнтка сляпая, а выкладчыкаў, якім ужо за 70 гадоў, таксама шмат! І вось з хворымі нагамі і палачкай ходзім уверх-уніз».
«Калі, нарэшце, з'явяцца аўтобусныя прыпынкі (пад дахам) каля вёскі Сакаўка Смалявіцкага раёна? Кіроўцы маршрутак не хочуць спыняцца, бо гэта парушэнне ПДР. Ездзяць школьнікі».
« У раёне ракі Іслач Валожынскага раёна, вёска Кіявец, абрыў. Вельмі развітыя сплавы на байдарках, турызм у намётах. Людзі вельмі забруджваюць тэрыторыю, трэба браць грошы з машын і за гэтыя грошы арганізаваць прыбіральні і прыбіранне лесу».
«Народ бядуе, а чыны балююць»
Некаторыя скаргі выглядаюць як прамы дакор мясцовым уладам: дзесьці шмат гадоў не могуць пабудаваць новую школу, а дзесьці агулам складана жыць і няма куды пайсці.
«Горад Бяроза, Брэсцкая вобласць. Нам неабходная сярэдняя школа № 4, якая па планах павінна ўжо здавацца ў эксплуатацыю ў 2023-2024. Але работы не пачаліся нават па праектаванні па стане на лістапад 2024 года. Вельмі хацелася б, каб праблема загрузкі сярэдніх школ у нашым горадзе не засталася ў цені. У горадзе няма ніводнай установы адукацыі, якая была б пабудавана пасля 1993 года! За 30 гадоў ніводнай новай агульнаадукацыйнай школы, ніводнага новага дзіцячага садка!»
Цяпер у Бярозе дзейнічаюць тры сярэднія школы, узвядзенне чацвёртай мясцовыя ўлады называлі «галоўным будаўнічым праектам пяцігодкі» ў публікацыі 2021 года. Пакуль мясцовыя СМІ не паведамлялі пра пачатак будоўлі, ці ідзе яна цяпер — невядома.
«Калі ласка, запусціце ў аграгарадок Шчомысліца нармальны гарадскі транспарт, правядзіце нармальнае оптавалакно, замацуйце за найбліжэйшай паліклінікай у Мінску (на Чачота, напрыклад, а не ў далёкай Сенніцы). На мой погляд, населеныя пункты, размешчаныя за 5-10 км ад Менска, пара ўжо і ўключаць у склад горада, як гэта было з Сокалам і Нацыянальным аэрапортам «Мінск», значыць, усё магчыма, было б толькі жаданне. Ці хаця б стварыць сталічныя цывілізаваныя ўмовы для жыцця людзей (а не «хутары з Палесся», як ёсць цяпер)».
Пачатак аграгарадка Шчомысліца. Фота: wikipedia.org
«Сфера ЖКГ, сельская гаспадарка Вілейскага раёна — суцэльная карупцыя і крадзеж сярод кіраўнікоў пры ўдзеле старшыні райвыканкама. Народ бядуе, а чыны балююць!!!»
У снежні 2024 года суд Вілейскага раёна вынес прысуд грамадзяніну Б., якому інкрымінавалі атрыманне хабару за прыярытэтны выбар кампаніі ў якасці пастаўшчыка для патрэб прадпрыемства пры заключэнні здзелак. Пра масавыя карупцыйныя працэсы ў гэтым рэгіёне няма інфармацыі.
«У Брэсцкай вобласці ёсць аграгарадок Альшаны, у якім для дзяцей няма наогул нічога… Акрамя школы, няма ні гурткоў, ні басейна. Хацелася б, каб у такім густанаселеным аграгарадку развіццё дзяцей займала таксама нейкую ўвагу. У гэтым населеным пункце шмат шматдзетных сем'яў, а гінеколага ў мясцовай амбулаторыі дагэтуль няма. Няма і хоць бы маленькага парку, які хацелася б бачыць, дзе можна было б прагуляцца, пакатацца па роварных сцежках, не баючыся, што цябе саб'е машына».
Чытайце таксама:
«З выгляду прыстойны дом, а пах унутры невыносны». Што не так з шматпавярховікам на вуліцы Бяды?
Садовае таварыства само заасфальтавала дарогу і апынулася ў судзе