БЕЛ Ł РУС

ФСБ заявіла пра затрыманне падазраванага ў забойстве генерала Маскаліка. Магчыма, яго дэпартавалі з Турцыі

26.04.2025 / 21:50

Nashaniva.com

Расійская Федэральная служба бяспекі заявіла пра затрыманне нібыта агента ўкраінскіх спецслужбаў, падазраванага ў забойстве раніцай 25 красавіка намесніка начальніка галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштаба УС РФ генерал-лейтэнанта Яраслава Маскаліка.

Затрыманы Ігнат Кузін. Скрыншот відэа ФСБ

«У выніку неадкладных мер затрыманы агент украінскіх спецслужбаў Кузін Ігнат 1983 года нараджэння, які мае дазвол на жыхарства ва Украіне», — цытуе расійскае дзяржаўнае інфармагенцтва ТАСС паведамленне Цэнтра грамадскіх сувязяў ФСБ.

У ФСБ сцвярджаюць, што менавіта Кузін замініраваў аўтамабіль Volkswagen Golf у падмаскоўнай Балашысе, у выніку выбуху якога загінуў Маскалік. Нібыта ўкраінскі агент набыў аўтамабіль, у якім і паставіў самаробнае выбуховае прыстасаванне. Кампаненты для выбухоўкі ён узяў нібыта з тайніка, абсталяванага спецслужбамі ў Маскоўскай вобласці.

Паводле версіі ФСБ, выбуховае прыстасаванне дыстанцыйна актывавалі з Украіны, калі Маскалік выходзіў з пад'езда.

Падазраванага даставілі ў расійскі Следчы камітэт у рамках крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 205 (тэрарыстычны акт), ч. 1 арт. 222.1 (незаконнае захоўванне выбуховых рэчываў або выбуховых прылад) КК РФ.

У дзень падрыву Маскаліка блізкія да расійскіх сілавікоў тэлеграм-каналы паведамілі, што Кузін паспеў вылецець у Турцыю. Магчыма, яго дэпартавалі.

Чытайце таксама:

У падмаскоўнай Балашысе ўзарвалі генерала Маскаліка

Выканаўца забойства генерала Маскаліка жыў з ім у адным пад’ездзе

Падрыў «Паўночнага патоку»: сталі вядомыя кулісы дзёрзкай дыверсіі, роля Залужнага і Польшчы

Каментары да артыкула