БЕЛ Ł РУС

Кітайская армія заняла спрэчны рыф Сэндзі-Кей у Паўднёва-Кітайскім моры

27.04.2025 / 0:4

Nashaniva.com

Кітайскія вайскоўцы занялі бязлюдны рыф у Паўднёва-Кітайскім моры, паведамляе Financial Times. Гэта можа моцна абвастрыць кітайска-філіпінскія адносіны. А Філіпіны — важны рэгіянальны саюзнік ЗША. 

Як паведамляе тэлеканал CCTV, кітайскія памежнікі ўзнялі на рыфе сцяг КНР, афіцыйна абвясціўшы яго сваёй тэрыторыяй. Сэндзі-Кей знаходзіцца ўсяго за некалькі кіламетраў ад філіпінскага вострава Ціту, дзе размешчаная адна з найважнейшых вайсковых баз Манілы. 

Гэта першы за многія гады выпадак, калі Пекін, які прэтэндуе практычна на ўсю акваторыю Паўднёва-Кітайскага мора, афіцыйна ўсталёўвае свой сцяг на раней незанятым аб'екце.

Падзея адбылася на фоне запланаваных сумесных філіпіна-амерыканскіх вучэнняў Balikatan — найбуйнейшых штогадовых манеўраў, якія будуць уключаць адпрацоўку берагавой абароны і захоп астравоў. Пачынаюцца яны на наступным тыдні на філіпінскай тэрыторыі. 

Хоць рыф Сэндзі-Кей — усяго толькі пясчаная каса плошчай крыху больш 200 кв.м, ён дае права на тэрытарыяльныя воды ў радыусе 12 марскіх міль. Гэта ставіць пад пагрозу базу маніторынгу на Ціту, дзе Маніла ўзмацняе інфраструктуру.

Адносна гэтага інцыдэнту піша ў сваім тэлеграм-канале палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман:

«На гэты момант складана ацаніць мэты і маштаб кітайскай правакацыі на незаселеным востраве Сэндзі-Кей у Паўднёва-Кітайскім моры. […]

Канфлікты з В'етнамам і Філіпінамі — звычайная практыка для Пекіна. Час для новай правакацыі быў абраны невыпадкова: канфлікт паміж Індыяй і Пакістанам (апошні з'яўляецца саюзнікам Кітая) пагражае перарасці ў вайну з ядзернай перспектывай, адносіны паміж ЗША і Кітаем імкліва пагаршаюцца, а ўведзеныя адміністрацыяй Трампа мыты нанеслі шкоду сувязям ЗША з іх партнёрамі — В'етнамам і Філіпінамі.

Акрамя таго, Белы дом цяпер засяроджаны на вайне ва Украіне і перамовах з Іранам, і яму, відавочна, не да В'етнама і Філіпін. У Еўропе ўвага прыкаваная да вайны ва Украіне, а востраў Сэндзі-Кей здаецца далёкім і няважным. Аднак гэта ўражанне зманлівае.

Кітайская правакацыя нагадвае пра сцэнар прафесара Універсітэта Бундэсвера ў Мюнхене Карла Масалы, выкладзеным у яго бестсэлеры «Калі Расія пераможа», апублікаваным у сакавіку гэтага года.

У гэтым сцэнары, пабудаваным на аналітыцы экспертаў і на звестках заходніх спецслужбаў, Расія ў канцы сакавіка 2028 года тэстуе НАТА, захопліваючы эстонскі горад Нарву і востраў Хійумаа. За месяц да гэтага, па просьбе Масквы, Кітай здзяйсняе манеўр для адцягвання ўвагі — захоп філіпінскага рыфа, на які прэтэндуе Пекін.

У мадэлі Масалы Вашынгтон не аказвае Маніле прамой падтрымкі, а пачынае закулісныя перамовы з Пекінам, імкнучыся пазбегнуць эскалацыі і ваеннага сутыкнення з КНР. Не выключана, што ў выпадку з востравам Сэндзі-Кей ЗША павядуць сябе аналагічным чынам, калі, вядома, кітайцы самі не пакінуць яго.

Ці гуляе Кітай сваю асобную партыю? Ці каардынуе ён свае дзеянні з Расіяй? Якая роля адведзена Пакістану? Адказы на гэтыя пытанні мы атрымаем у найбліжэйшы час.

Сцэнарыі застаюцца ўсяго толькі сцэнарыямі. Але ў наш час нават самыя трывожныя і, на першы погляд, неверагодныя алармісцкія прагнозы варта ўспрымаць сур'ёзна».

Чытайце таксама:

Трамп здае назад: ЗША знізяць шалёныя тарыфы ў дачыненні да кітайскіх тавараў

Кітай перасцярог краіны ад гандлёвых пагадненняў з ЗША, якія могуць нашкодзіць Пекіну

Кітай паспяхова выпрабаваў няядзерную вадародную бомбу

Трамп сказаў, што добра ідуць перамовы з Кітаем

Каментары да артыкула