Энтузіясты пераклалі на беларускую мову свежы рэмастар культавай TES IV: Oblivion
Распрацоўшчыкі правялі глыбокі візуальны цюнінг гульні, а штучны інтэлект дапамог зрабіць Сірадзіл беларускамоўным.
Банер рэмастара The Elder Scrolls IV: Oblivion. Фота: суполка «Гулец / Лакалізацыя відэагульняў»
Суполка «Гулец / Лакалізацыя відэагульняў» паведаміла, што свежы рэмастар гульні The Elder Scrolls IV: Oblivion (Старэйшыя скруткі IV: Забыццё), які выйшаў літаральна на днях, ужо можна прайсці па-беларуску.
Пераклад быў выкананы з выкарыстаннем штучнага інтэлекту і пакуль даступная толькі альфа-версія, якая патрабуе дапрацоўкі: плануецца паляпшэнне стылю, удакладненне тэрміналогіі і выпраўленне памылак.
Спампаваць лакалізацыю можна праз Google Drive. Аўтары запрашаюць усіх жадаючых далучыцца да дапрацоўкі праз Discord (карыстальнік alten231).
Прыклад перакладу дыялогаў. Фота: суполка «Гулец / Лакалізацыя відэагульняў»
Прыклад перакладу меню стварэння персанажаў. Фота: суполка «Гулец / Лакалізацыя відэагульняў»
Прыклад перакладу меню персанажа. Фота: суполка «Гулец / Лакалізацыя відэагульняў»
Новае жыццё для «Забыцця»
The Elder Scrolls IV: Oblivion выйшла ў далёкім 2006 годзе і стала адной з самых уплывовых ролевых гульняў свайго часу. Яна задала новы стандарт для адкрытых светаў у RPG, прапаноўваючы гульцам неверагодную свабоду выбару і даследавання. Oblivion моцна паўплывала на далейшае развіццё жанру і заклала аснову для будучых хітоў, такіх як Skyrim.
22 красавіка 2024 года The Elder Scrolls IV: Oblivion Remastered афіцыйна выйшаў у Steam, а таксама на PlayStation 5 і Xbox Series X|S. Для падпісчыкаў Game Pass Ultimate гульня даступная бясплатна з моманту выхаду.
Імперскі горад у рэмастары The Elder Scrolls IV: Oblivion. Скрыншот гульні
Монстры ў рэмастары The Elder Scrolls IV: Oblivion. Скрыншот гульні
У базавай версіі рэмастара ўжо ўключаны ўсе асноўныя дапаўненні, у тым ліку Knights of the Nine (Рыцары Дзевяці) і Shivering Isles (Дрыготкія астравы), а таксама ўсе іншыя DLC з арыгінальнай версіі гульні.
Над абноўленым выданнем Bethesda працавала сумесна з кампаніяй Virtuos Games, вядомай па працы над перавыданнямі The Outer Worlds і будучым рэмейкам Metal Gear Solid 3.
Князь вар'яцтва Шэагарат у рэмастары The Elder Scrolls IV: Oblivion. Скрыншот гульні
Пейзажы Сірадзіла ў рэмастары The Elder Scrolls IV: Oblivion. Скрыншот гульні
Стандартнае выданне Oblivion Remastered каштуе 50 долараў, а для тых, хто жадае атрымаць дадатковы кантэнт, прапануецца Deluxe-версія, куды ўваходзіць новы набор зброі і брані — і, канечне, легендарная браня для каня.
Абноўлены Oblivion паказаў імклівы рост аўдыторыі: ужо за першыя чатыры дні колькасць гульцоў перавысіла 4 мільёны. Паводле даных SteamDB, пікавы анлайн дасягнуў 190 тысяч чалавек, а водгукі пасля запуску стабілізаваліся на ўзроўні «вельмі станоўчых».
Што змянілася
Рэмастар атрымаў поўнае аднаўленне свету на Unreal Engine 5 пры захаванні тэхналагічнай асновы арыгінальнага рухавіка Gamebryo. Перапрацаваны геймплэй уключае новую сістэму пракачкі, якая спалучае элементы Oblivion і Skyrim, а баявая сістэма атрымала новыя анімацыі, палепшаныя аўдыёэфекты і больш жывую рэакцыю праціўнікаў на ўдары.
Флора і фаўна Сірадзіла ў рэмастары The Elder Scrolls IV: Oblivion. Скрыншот гульні
Параўнанне змянення графікі ў рэмастары ў параўнанні з арыгіналам. Скрыншот гульні
Дыялогі і выпадковыя рэплікі былі перазапісаныя з павелічэннем колькасці актораў агучкі, але ўсе знакавыя фразы, у тым ліку «Stop right there, criminal scum!», засталіся. Перапрацаваны інтэрфейс стаў больш зручным.
Разам з усімі гэтымі зменамі захаваліся і некаторыя арыгінальныя багі, што надало праекту асаблівую настальгічную атмасферу.
Чытайце таксама:
Энтузіясты пераклалі на беларускую мову культавых «Герояў 3»
Студыя з мінскімі каранямі выпусціла відэагульню пра Галівуд. У яе можна гуляць па-беларуску
Прадпрыемства ўласніка Wargaming Віктара Кіслага ў Расіі прызналі экстрэмісцкім