Пад’ём а 4-й раніцы — новы трэнд: аскеза і культ працаздольнасці адначасова
Пад’ём а 4-й раніцы больш не асаблівасць топ-менеджараў і гуру бізнэсу. Цяпер гэта масавая з’ява, дзе ранні пачатак дня — гэта не толькі пра прадукцыйнасць, але і пра самадысцыпліну і ўменне вырвацца са штодзённай мітусні.
Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва
Як піша The Wall Street Journal, яшчэ нядаўна пад’ём а 4-й быў уласцівасцю кіраўнікоў карпарацый — кшталту Роберта Айгера (Disney) або Ціма Кука (Apple). Першы пачынаў дзень з трэніроўкі яшчэ да світанку, другі адказваў на лісты кліентаў яшчэ поначы.
Здавалася, што такая крайнасць уласціва толькі буйным бізнэсменам і «бізнэс-гуру», паміж якімі, па словах Эрыка Бэйкера, аўтара кнігі «Ствары сваю ўласную працу: як прадпрымальніцкая этыка працы спустошыла Амерыку» (Make Your Own Job: How the Entrepreneurial Work Ethic Exhausted America), ішла амаль «гонка ўзбраенняў» наконт таго, хто працуе больш.
Але сяголета пад’ём а 4-й набыў новы статус. Здаецца, усё пачалося з віруснага відэа: мускулісты мужчына па імені Эштан Хол, у якога больш за 15 мільёнаў падпісчыкаў толькі ў Instagram, пачынае дзень у 3:55.
Новая аскеза і барацьба за час
Дэйв дэ Сэспедэс, 40-гадовы кансультант па лічбавых працоўных працэсах з Маямі, таксама ўжо некалькі месяцаў ставіць будзільнік на Apple Watch на 4:30. Ён прачынаецца, варыць чорную каву і працуе ў цішыні да моманту, пакуль прачынаюцца дзеці. «Гэта адзіны час, калі можна сапраўды засяродзіцца. Потым дзень выходзіць з-пад кантролю, і вы ніколі не ведаеце, што адбудзецца», — тлумачыць ён.
Натхняе яго не толькі Хол, але і аўтар бестселера «Атамныя звычкі» (Atomic Habits) Джэймс Клір, і блогер Сахіл Блум, вядомы сваёй маніяй сістэматызацыі і аптымізацыі паўсядзённасці.
Звычка рана ўставаць даўно стала часткай амерыканскай культуры і лічыцца прыкметай працавітасці. Для многіх, напрыклад, работнікаў сферы абслугоўвання, заводаў і тых, хто жыве ў прыгарадзе і доўга дабіраецца на працу, гэта вымушаная мера.
Але сёння ранні пад’ём ператварыўся ў модны трэнд: ім захапляюцца бізнэсмены, пісьменнікі і прыхільнікі папулярных блогераў кшталту Эндру Хубермана, якія прытрымліваюцца цэлых ранішніх рытуалаў: халодныя ванны, сеансы саўны, інтэрвальнае галаданне, уздзеянне ранішняга святла.
Вось ужо 15 гадоў 57-гадовы Дырк Горман з Лонг-Біч, штат Нью-Ёрк, стабільна прачынаецца паміж 4:17 і 4:23 раніцы. Спачатку — электронныя лісты сваім калегам па будаўнічай фірме, потым — кардыятрэніроўка ў гаражы. Ён сам не можа растлумачыць, чаму ўстае ў такі дакладны час — гэта стала звычкай.
Але прычына ранняга пад’ёму для яго відавочная: ён хоча спачатку інвеставаць у сябе, перш чым аддаваць час і сілы іншым. Спачатку гэта было цяжка, але паступова стала маральна цяжэй не ўставаць рана, чым уставаць.
Ранні пад’ём часта суправаджаецца строгім рэжымам сну — без яго цяжка вытрымаць. Тыя, хто сур’ёзна прытрымліваецца такога рэжыму, кладуцца спаць не пазней за 20:00—21:00.
Дырк Горман адзначае, што карысць ад ранняга пад’ёму і ранішніх трэніровак праяўляецца паступова і назапашваецца з гадамі, як фінансавыя зберажэнні.
Ён кажа: нават калі трэніроўкі не ідэальныя, але ты займаешся хаця б 250 разоў на год — праз дзесяцігоддзі гэта дасць выдатную фізічную форму. Акрамя таго, ён упэўнены, што добрая форма дапамагае і ў бізнэсе: калі ты выглядаеш падцягнута, гэта адразу ўражвае партнёраў і кліентаў.
Эштан Хол не проста прачынаецца рана. Ён яшчэ і пачынае дзень з таго, што, па яго адчуваннях, умацоўвае яму здароўе і падымае тонус. Ён заклейвае сабе рот ліпкай стужкай для правільнага дыхання, прымае ледзяную ванну і націрае твар бананавай скуркай.
Усё гэта суправаджаецца філасофскім каментарыем: «Грэх жыве позна ўначы. Калі табе не стае цвёрдасці духу, ты прымаеш дрэнныя рашэнні або не можаш быць прадуктыўным — кладзіся спаць раней».
У інтэрнэце на відэа адрэагавалі імгненна — ад пародый з удзелам Эда Шырана да мемаў з савой Duolingo. Але людзі пачалі ўспрымаць гэта не як жарт, а як матывацыю.
Цікава, што сама ікона руху, блогер Хол, як самазаняты кантэнт-крэатар, зусім не абавязаны ўставаць так раненька — у яго гнуткі графік. Тым не менш, яго відэа спрацавала: нават калі яно не зусім шчырае, гэта была вельмі ўдалая рэклама, якая запусціла цэлы рух.
{DONATE_PAYPAL}
Чытайце таксама:
Новы трэнд тыктока: праціраць твар бананавай скуркай. Гэта сапраўды працуе?
Новы трэнд у пластычнай хірургіі: жанчыны ўшываюць сабе ў грудзі «бія-бюстгальтары»