БЕЛ Ł РУС

У Нідэрландах забіты фінансіст, які расказаў пра адмыванне грошай, арганізаванае ў мінскім H Casino

2.05.2025 / 21:21

Nashaniva.com

У прыгарадзе Гаагі быў забіты 41-гадовы грамадзянін Турцыі Джэміль Анал. Раней ён заяўляў, што яго жыццё пад пагрозай з-за наяўнасці інфармацыі пра хабарніцтва высокапастаўленых турэцкіх палітыкаў. На публікацыю выдання Follow the Money звярнуў увагу Беларускі расследавальніцкі цэнтр.

H Casino ў Мінску. Фота tripadvisor.ru

Паведамляецца, што Анала застрэлілі ўвечары ў чацвер на тэрасе гатэля ў горадзе Райсвейк. Нідэрландская паліцыя пацвердзіла, што распачатае расследаванне забойства, аднак падазраваны пакуль не затрыманы.

Раней у інтэрв’ю СМІ Анал сцвярджаў, што мае доказы карупцыі сярод турэцкіх чыноўнікаў і што ўлады Турцыі дамагаліся яго экстрадыцыі ў сувязі з забойствам Халіла Фальялы ў 2022 годзе — уплывовага ўладальніка казіно і меркаванага крымінальнага аўтарытэта на Паўночным Кіпры. Мужчына адмаўляў абвінавачванні і заяўляў, што сапраўднай прычынай пераследу стала ягоная дасведчанасць пра нелегальныя фінансавыя схемы.

Джэміль Анал займаў пасаду фінансавага дырэктара ў структуры клана Фальялы з Паўночнага Кіпра.

Паліцыя Нідэрландаў арыштавала Анала ў снежні 2023 года на падставе міжнароднага ордара на арышт, выдадзенага Турцыяй. З турмы ён распавёў журналістам пра глабальны сіндыкат анлайн-казіно, звязаны з Фальялы.

У прыватнасці, ён паведаміў, што Халіль Фалялы разам з партнёрам Мустафам Шэнерам адкрылі H Casino ў Мінску для адмывання грошай.

Журналісты Беларускага расследчыцкага цэнтра прыйшлі да высновы, што ключавыя пункты ягоных сведчанняў, у тым ліку сувязь паміж турэцкім крыміналітэтам і ўладальнікамі H Casino, шматмільённы аб’ём глабальнай схемы адмывання сродкаў і знаёмства ўладальнікаў і дырэктара з беларускімі сілавікамі — у тым ліку з ахоўнікам Аляксандра Лукашэнкі, праўдзівыя.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула