«Гэта нешта жудаснае». Дэлегацыя чыноўнікаў прыйшла павіншаваць 103-гадовага ляжачага ветэрана
Відэасправаздача выклікала неадназначную рэакцыю карыстальнікаў сацсетак.
Кіраўнік Мінскага раёна Уладзімір Юргевіч прыйшоў у госці да 103-гадовага ветэрана Івана Сурвілы. Яму праспявалі песню «Дзень перамогі» і павіншавалі з 9 Мая і будучым днём нараджэння.
Год назад, калі Івана Сурвілу гэтаксама віншавалі, сваячка казала, што ён нічога не чуе і не бачыць. У ветэрана ўжо тады не было сіл самастойна прыўстаць ці перавярнуцца.
На відэа можна ўбачыць, як цяжка ветэрану і як ненатуральна выглядаюць пляскі вакол яго. Гэта заўважылі гледачы тыкток-канала «Заслаўе анлайн».
«Мне здаецца, гэта нешта жудаснае» — самы папулярны каментар.
«Крыўдна адно!!! Што большасць такіх віншаванняў для справаздачы і відэа. А не для душы і памяці». «Прыйшлі раз на год, павылі і змыліся», «Не трэба так здзекавацца з дзядулі, яму такія хваляванні і нервы не патрэбныя. І вельмі гучна для яго. Дзядулю віншаванні!» — вось наступныя залайканыя каментары.
Падчас вайны радавы Іван Сурвіла быў стралком 3-га пяхотнага палка 1-й пяхотнай дывізіі Войска Польскага, браў удзел у Вісла-Одэрскай аперацыі. За службу быў узнагароджаны медалямі «За вызваленне Варшавы», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945», «За ўзяцце Берліна». Атрымаў ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені.