БЕЛ Ł РУС

«Гісторыя нас навучыла». Берлін адказаў на нападкі адміністрацыі Трампа з-за прызнання АдГ экстрэмістамі

4.05.2025 / 8:5

Nashaniva.com

Міністэрства замежных спраў Нямеччыны выступіла ў абарону нядаўняй пастановы аб прызнанні партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (АдГ) праваэкстрэмісцкай — у адказ на рэзкую крытыку гэтай пастановы, якая прагучала з боку прадстаўнікоў адміністрацыі Трампа, піша ВВС.

Мітынг ультраправых у Германіі. Фота: Jens Schlueter / Getty Images

Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс абвінаваціў «нямецкіх бюракратаў «У аднаўленні Берлінскай сцяны, а дзяржсакратар Марка Рубіа назваў рашэнне Федэральнага ведамства па ахове канстытуцыі Германіі (Bundesamt für Verfassungsschutz, BfV) «завуаляванай тыраніяй».

Нямецкі МЗС адказаў Рубіа наўпрост на платформе Х, дзе дзяржсакратар яго і выказаў публічна: «Гісторыя нашай краіны навучыла нас таму, што спыняць правы экстрэмізм неабходна».

«Гэта і ёсць дэмакратыя», — заявілі ў ведамстве.

Рашэнне аб прызнанні членаў АдГ экстрэмістамі было прынята BfV на той падставе, што

«пераважнае ўспрыманне [членамі партыі] АдГ людзей на падставе іх этнічнага або геаграфічнага паходжання «супярэчыць устаноўленаму ў Германіі» свабоднаму дэмакратычнаму парадку».

На федэральных выбарах, якія прайшлі ў Германіі ў лютым, АдГ заняла другое месца, атрымаўшы галасы больш за 20% выбаршчыкаў і забяспечыўшы сабе ў 630-мясцовым парламенце краіны рэкордныя 152 мандаты.

«[АдГ] імкнецца адмовіць некаторым групам насельніцтва ў роўным удзеле ў грамадскім жыцці», — тлумачыцца ў заяве нямецкіх уладаў. У прыватнасці, удакладняецца, што грамадзян «краін з пераважна мусульманскім насельніцтвам» у партыі не лічаць раўнапраўнымі членамі нямецкага народа.

Намеснік кіраўніка фракцыі АдГ у Бундэстагу Беатрыкс фон Шторх у эфіры ВВС параўнала гэтае рашэнне з «тым, як паставіліся б да партыі ў дыктатуры, у аўтарытарнай дзяржаве».

Прызнанне партыі экстрэмісцкай дае праваахоўным органам права весці за АдГ схаванае назіранне, перахопліваць тэлефонныя перамовы афіляваных асоб і нават укараняць у партыю таемных агентаў.

«Гэта не дэмакратыя — гэта тыранія ў іншым абліччы», — пракаментаваў гэтае рашэнне дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа.

Адказваючы кіраўніку Дзярждэпу наўпрост, нямецкія дыпламаты нагадваюць Рубіа, што рашэнне ўладаў было прынята на аснове «стараннага і незалежнага расследавання», а акрамя таго — можа быць абскарджана ў судзе.

Згаданы ў паведамленні «ўрок гісторыі пра тое, што правы экстрэмізм павінен быць спынены», — відавочная спасылка на перамогу на выбарах 1933 года нацыянал-сацыялістычнай партыі Адольфа Гітлера і палітыка паслядоўнага паражэння ў правах яўрэйскага насельніцтва, якая ў выніку прывяла да Халакосту.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула