БЕЛ Ł РУС

Крысціна Арбакайце, якой забаранілі ўезд ў Латвіі, будзе судзіцца

4.05.2025 / 12:36

Nashaniva.com

Латвійскія ўлады ўнеслі расійска-літоўскую спявачку Крысціну Арбакайце ў спіс непажаданых асоб па рэкамендацыі службы дзяржаўнай бяспекі. У інстаграме дачка Алы Пугачовай упершыню пракаментавала гэта.

Крысціна Арбакайце. Фота: orbakaite_k / instagram.com

«Адмена майго канцэрту і забарона на ўезд у Латвію — гэта не проста рашэнне супраць артыста. Гэта парушэнне ўсіх міжнародных нормаў і прынцыпаў, на якіх будуецца сучасны свет. Гэтае рашэнне парушае не толькі мае правы як артысткі, але і асновы міжнароднага права, свабоды слова», — мяркуе спявачка.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от KRISTINA ORBAKAITE (@orbakaite_k)

Яна кажа, што яе творчасць «па-за палітыкай». «Я ніколі не падтрымлівала і не ўдзельнічала ў палітычных канфліктах. Я заўсёды гаварыла мовай музыкі, тэатра і мастацтва. Я веру, што сцэна — гэта месца, дзе людзі знаходзяць адзінства, а не падстава для падзелу», — напісала яна.

Арбакайце піша, што «глыбока расчараваная, але не страціла веры ў дыялог, розум і чалавечыя каштоўнасці». 

Яна дадае, што не мае намеру здавацца і будзе «адстойваць сваё права ў судовым парадку выступаць перад сваёй аўдыторыяй».

«Гэта пытанне не толькі асабістай справядлівасці, але і прынцыпу: у мастацтва не павінна быць межаў», — мяркуе яна.

Летась латвійскі спіс непажаданых асоб быў папоўнены на 480 прозвішчаў. Улады заяўляюць, што падобныя рашэнні будуць прымацца і надалей дзеля абароны нацыянальнай бяспекі.

У Літве, грамадзянкай якой з'яўляецца Крысціна Арбакайце, таксама выклікаў хвалю абурэння ў сацыяльных сетках канцэрт Крысціны Арбакайце, запланаваны на 31 мая ў Вільні. Карыстальнікі выказваюць незадаволенасць тым, што ў Літву запрашаюць артыстку, якая атрымала званне «заслужанай артысткі Расійскай Федэрацыі» і не асудзіла агрэсію Расіі супраць Украіны.​

У той жа час у самой Расіі таксама адмяняюць канцэрты Арбакайце. Прычынамі там называюць, што спявачка не выказала сваёй пазіцыі аб вайне ва Украіне, нібыта «фінансавала УСУ» і атрымала замежнае грамадзянства, а ў Расію прыехала толькі для заробку грошай. Да таго там яе цкуюць як дачку «замежнага агента» (Ала Пугачова не прызнаная замежным агентам, ім прызнаны яе муж — Максім Галкін). 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула