«Засталося ўсяго 6 кватэр у горадзе». На выходныя 9 мая разабралі арэндныя кватэры ў Гродне, Брэсце і Мінску. Цэны ўражваюць
Апошнія тры гады ў Беларусі адчуваецца моцны наплыў турыстаў з Расіі, для якіх наша краіна стала акном у Еўропу. Шмат унутры краіны падарожнічаюць і самі беларусы. Цэны на пасутачную арэнду кватэр на майскія святы б'юць рэкорды.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Гродна
На «Куфары», які стаў для беларусаў аналагам Booking, у Гродне застаюцца вольнымі толькі шэсць кватэр, у якія можна засяліцца з 9 па 11 мая. Усе яны — аднапакаёвыя. Некаторыя можна арандаваць мінімум на дзве ночы.
Для параўнання: на наступныя выходныя ў Гродне можна выбіраць з 268 кватэр.
Фота: скрыншот з сайта kufar.by
Мінімум, які два чалавекі могуць заплаціць за выхадныя ў Гродне з 9 па 11 мая (дзве ночы), калі будуць браніраваць жыллё цяпер, — 450 рублёў за дваіх. Столькі просяць за аднапакаёўку агульнай плошчай 23 квадратныя метры.
За пражыванне ў кватэры-студыі, якая знаходзіцца ў самым цэнтры горада, давядзецца заплаціць 500 рублёў за двух дарослых за дзве ночы або 540 рублёў, калі турысты будуць з дзіцём.
Фота тут і далей: kufar.by
З улікам павышанага попыту нават за кватэру ў спальным раёне з састарэлым рамонтам гаспадары хочуць выручыць 600 рублёў за выходныя.
Інтэр'еры кватэры ў Гродне, якую на гэтыя выходныя здаюць па 300 рублёў за суткі.
Падобна да таго, што разлічваюць на турыстаў, якія будуць гатовыя заплаціць любыя грошы за месца для начлегу, бо ўсе іншыя ўжо занятыя.
Брэст
Наведаць Брэсцкую крэпасць 9 мая хочуць многія, таму гродзенскія тарыфы на гэтыя выходныя ў параўнанні з брэсцкімі — яшчэ кветачкі.
У Брэсце цяпер даступныя 11 кватэр для засялення з 9 па 11 мая.
Самая танная з іх — аднапакаёўка са старым рамонтам у спальным раёне на ўскраіне горада. Выходныя ў ёй будуць каштаваць 580 рублёў, калі будзе да трох чалавек.
Інтэр'еры кватэры ў Брэсце, якую на гэтыя выходныя здаюць за 580 рублёў.
Апроч гэтых апартаментаў, даступныя таксама варыянты за 600 і 630 рублёў за дзве ночы.
За кватэры з сучасным рамонтам, якія знаходзяцца ў цэнтры Брэста, просяць ад 900 да 1100 рублёў за дзве ночы.
Таксама здаюць дзве двухпакаёвыя кватэры. Абедзве знаходзяцца ў цэнтры. Гэтыя выходныя ў іх каштуюць 1200 і 1550 рублёў адпаведна.
З плюсаў — пры жаданні абедзве кватэры можна зняць на адну ноч. Каштаваць гэта будзе 700 і 900 рублёў адпаведна.
На выходныя, якія пасля, у Брэсце даступна больш за 200 кватэр.
Мінск
У Мінску на гэтыя выходныя таксама амаль не засталося вольных кватэр.
Самая танная прапанова за дзве ночы — тыповы «бабушатнік» у хрушчоўцы за 650 рублёў. І нешта падказвае, што пустой такая кватэра застанецца ненадоўга, бо амаль усе астатнія здаюць па 1000 рублёў і даражэй.
Мінімальныя цэны на арэнду кватэры ў Мінску на выходныя з 9 па 11 мая.
Усяго ў Мінску на гэтыя выходныя вольнай засталася 31 кватэра. Для параўнання: на наступным тыдні можна выбіраць з 450 апартаментаў.
Адметна, што ў іншых буйных гарадах Беларусі дэфіцыту, як і скачка цэн на арэнду кватэр няма.
У Віцебску на «Куфары» можна выбіраць з 59 кватэр. Гэта больш, чым ёсць вольных кватэр на гэтыя выходныя ў Мінску, Гродне і Брэсце разам узятых.
Цэны на арэнду кватэр у Віцебску з 9 па 11 мая
У Гомелі і Магілёве таксама можна без праблем адшукаць кватэру, заплаціўшы пры гэтым усяго 200-400 рублёў за дзве ночы з 9 па 11 мая.