Памёр аўтар першага твора мастацтва, размешчанага на Месяцы
Бельгійскі мастак Пол Ван Хейданк, які стаў першым мастаком, чые работы былі размешчаныя на Месяцы, памёр ва ўзросце 99 гадоў. Пра гэта паведаміла ягоная сям'я, піша Euronews. Інсталяцыю Ван Хейданка «Загінулы астранаўт» размясцілі на паверхні Месяца 1 жніўня 1971 года.
Пол Ван Хейданк нарадзіўся 8 кастрычніка 1925 года ў Анверы і быў вядомым у сябе на радзіме і за яго межамі мастаком, які таксама ствараў карціны, малюнкі і калажы.
Ягоная самая знакамітая работа «Загінулы астранаўт» — гэта 8,5-сантыметровая алюмініевая скульптура ў выглядзе ляжачага касманаўта ў скафандры і мініяцюрная мемарыяльная дошка ў памяць пра загінулых падчас» касмічнай гонкі» — у перыяд суперніцтва паміж ЗША і СССР у галіне асваення космасу. На ёй значацца імёны васьмі амерыканскіх астранаўтаў і шасці савецкіх касманаўтаў.
Скульптура «Загінулы астранаўт» і мемарыяльная дошка на паверхні Месяца. Фота: NASA
Аўтару ўдалося зрабіць інсталяцыю даволі лёгкай, але пры гэтым трывалай і здольнай вытрымаць экстрэмальныя перапады тэмператур на паверхні Месяца.
1 жніўня 1971 года астранаўт НАСА Дэвід Скот усталяваў работу на паверхні спадарожніка Зямлі ў месцы пасадкі экіпажа «Апалон-15», які атрымаў назву Хэдлі-рыле.
На працягу дзесяцігоддзяў «Загінулы астранаўт» лічыўся адзіным творам мастацтва на Месяцы, але ў лютым мінулага года яму давялося падзяліць гэты гонар са 125 міні-скульптурамі, выкананымі амерыканскім мастаком Джэфам Кунсам.
Чытайце таксама:
Amazon пачала выводзіць на арбіту інтэрнэт-спадарожнікі — канкурэнты Starlink
Гламурны космас. Джэф Безас адпраўляе сёння ў космас сваю нявесту і яшчэ пяць жанчын
Дублёрка Васілеўскай марыць правесці першую хірургічную аперацыю ў космасе
Расія адправіла на МКС лётчыка, якога ва Украіне асудзілі за дзяржаўную здраду