Пазняк: Трамп ліквідаваў усю гэтую шпану, якая гаворыць пра 160 палоў
Лідар руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазняк даў інтэрв'ю радыё «Рацыя». У ім ніяк не магло абысціся без пытання, ці не расчаравалі гэтага беларускага дзеяча дзеянні прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, якога Пазняк раней увесь час горача і паслядоўна падтрымліваў.
Зянон Пазняк
Паводле слоў Пазняка, Трамп яго не толькі не расчараваў, але наадварот, ягоныя дзеянні ён ацэньвае як вельмі паспяховыя, і «гэта ўвогуле вялікі прэзідэнт».
Вельмі цешыць ветэрана беларускага руху тое, што Трамп «пачаў ратаваць Амерыку і перайначваць сусветны парадак, які склаўся вельмі некарысна для Амерыкі і для ўсіх астатніх», а здзіўляе «яго энергія, яго разуменне, яго дакладнае веданне, што трэба рабіць у гэтым гадзючым свеце».
Пазняк спадзяецца, што дзякуючы энергіі Трампа ў ЗША знізяцца цэны і зменшацца падаткі:
«А ў прынцыпе, калі ўсё пойдзе добра, падаткі будуць ліквідаваныя ў Штатах, людзі не будуць плаціць падаходнага падатку да 200 тысяч даляраў у год. Мы працавалі ў Штатах, нейкія капейкі атрымлівалі, і плацілі 30% падаткаў. Трамп для амерыканскага народа праз гэтыя пошліны хоча падаткі ліквідаваць. І таму народ Трампа падтрымлівае».
Праўда, такія перспектывы не падабаюцца «гэтай усёй ліберальнай публіцы», таму яна і «залямантавала».
«Трамп усю гэтую шпану, якая гаворыць пра 160 палоў, усе іхнія міністэрствы адукацыі, якія займаюцца разбэшчваннем дзяцей, разбэшчваннем моладзі, а гэта амерыканскае міністэрства адукацыі прыдумала і спускае ў школы, што дзіцяткі павінны вырашаць самі, якога яны полу, да каго ты належыш, да дзяўчынкі, ці да хлопчыка — а гэта знішчэнне чалавечай прыроды і мусіць быць спынена», — цвёрда перакананы Зянон Пазняк.
«І за гэта людзі атрымлівалі міністэрскія грошы, — абураецца лідар руху «Вольная Беларусь». —
Дык вось, Трамп іх ліквідаваў. Яны не патрэбныя ў Амерыцы. Штаты будуць самі займацца адукацыяй. Таму гэта вялікі чалавек. Дай Бог яму зрабіць усё, што ён думае».
Чытайце таксама:
Ціханоўскай давяраюць 83%, Латушку — 65%, Пазняку — 13%, Краўцову і Ягораву — па 4%
Пазняк пайменна пералічыў агентуру
Пазняк кажа пра хуткія перамены ў Беларусі: Спадзяюся, я ў гэтым паўдзельнічаю