Грамадства5555

Пазняк кажа пра хуткія перамены ў Беларусі: Спадзяюся, я ў гэтым паўдзельнічаю

Ветэран беларускага руху, лідар руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазняк расказаў пра «невялічкае акно магчымасцей», якое пакуль нерэалізаванае, патлумачыў, з кім Беларусі трэба выбудоўваць адносіны, і выказаў упэўненасць у хуткіх пераменах.

У новым выпуску праграмы «Карані праблемаў» на «Белсаце» Зянон Пазняк прадставіў сваё бачанне сітуацыі ў свеце і Беларусі.

«Трамп робіць кансерватыўную рэвалюцыю»

Па словах Пазняка, Амерыка страціла сваю былую магутнасць, і калі ўзнікне сітуацыя новай сусветнай вайны, то яна выявіцца «на гліняных нагах».

Але цяпер «з'явіўся чалавек, які можа браць на сябе адказнасць. Ён робіць кансерватыўную рэвалюцыю. І ў рэвалюцыі трэба ісці як танку. (…) У гэтым сэнсе ён усё робіць правільна. Але гэта не пойдзе без ахвяр. Сітуацыя небяспечная. І павышэнне цэн будзе, і пагаршэнне жыцця». Але гэта для жыхароў Амерыкі. А што з беларускім грамадствам?

Палітык акцэнтуе ўвагу на тым, што на нас уплываюць санкцыі і вайна.

«Рэальная палітыка такая — Беларусь штурхаюць у пашчу Расіі. У выніку наша грамадства ўжо апынулася ў сферы ўплыву Расіі. Гэта для нас нацыянальная смерць. Трэба было наадварот Беларусь адцягваць [ад Расіі], уцягваць яе ў еўрапейскія адносіны, уцягваць яе да дэмакратыі.

Ну канечне, [Лукашэнка] гэта дыктатар, гэта нягоднік. Ён падавіў [супраціў]. Але гэта вайна. Ёсць дыпламатыя. Гэта элементарныя рэчы. Трэба яго цягнуць ад Пуціна. Гэта трэба рабіць было. Але для гэтага трэба мець палітычную галаву, а не бюракратычную. І вось яны (еўрапейскія палітыкі — НН) стварылі такую сітуацыю. Яны проста трацяць харошую краіну і трацяць вельмі выгадную для Еўропы тэрыторыю. Гэта важны стратэгічны плацдарм», — даводзіць палітык.

«Вельмі важна, каб перамовы аб міру былі ў Беларусі»

Адносна далейшага развіцця падзей у расійска-ўкраінскім канфлікце Пазняк заўважае, што бакі будуць імкнуцца дамовіцца аб міры. І важна, каб перамовы праходзілі ў Беларусі.

«Гэта варыянт (заключэнне мірнага пагаднення — НН) больш верагодны, таму што ў ім зацікаўлена Амерыка. Вельмі важна, каб перамовы аб міру былі ў Беларусі. (…) І ў гэтым павінна быць зацікаўлена Украіна. Бо ва Украіне вельмі важна, каб Беларусь фігуравала як суб'ект. У Беларусі не павінна быць расійскага войска. (…) Беларусь павінна быць дэмілітарызавана. (…) Гэта павінна адна з умоваў міру быць, што (…) расійскае войска і базы не павінны быць у Беларусі. Беларуская тэрыторыя павінна быць зонай міру».

У той жа час Пазняк выказвае ўпэўненасць у тым, што заключаны мір не будзе доўгім. «Я адчуваю, што я добра ведаю псіхалогію такога чалавека, як Пуцін, і псіхалогію маскалёў, і той публікі, якая вакол Пуціна. Што яны гавораць, што яны пішуць. (…) Калі мір будзе заключаны, то гэта будзе толькі на нейкі кароткі час».

«Ініцыятыва павінна пайсці адтуль — з Еўразвязу альбо ад Амерыкі»

Па словах Пазняка, нельга спадзявацца на тое, што Лукашэнка можа стаць ініцыятарам перамен. Прычына ў тым, што любая ініцыятыва з яго боку будзе спынена Расіяй.

«Лукашэнка залежны ад Пуціна, ад газу і ад нафты, і ад крэдытаў. І калі ён нешта робіць не так, яму пра гэта нагадваюць. А яму больш няма куды дзявацца. (…) Лукашэнка — сабачка, якога трымаюць за ашыйнік. Таму ў гэтай сітуацыі, калі ён першы будзе праяўляць нейкую актыўнасць з Захадам, яму тут жа паківаюць пальцам — ён вінаваты, яго ініцыятыва.

Таму ініцыятыва павінна пайсці адтуль — з Еўразвяза альбо ад Амерыкі. (…) Яны не кідаюць шарык Лукашэнку. Яны проста [яго] спісалі разам з народам. (…) Лукашэнка ўсё роўна пойдзе пад суд. (…) Трэба ратаваць народ, краіну ратаваць. Для Еўропы важна мець Беларусь і гэты плацдарм.

Калі гэта будзе еўрапейская краіна і дэмілітарызаваная зона, вайны не будзе. (…) Але ў Еўропе няма палітыкаў. Гэта бюракраты».

«Цяпер адкрылася невялічкае акно магчымасцей»

Па словах Пазняка, з прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа для Беларусі адкрылася «невялічкае акно магчымасцей», аднак яно «абсалютна не рэалізавана».

«Рэформы, якія ідуць, і сутнасць палітыкі Штатаў — гэта палітыка бізнэсмена. (…) Трамп — гэта практык. Чалавек, які некалькі разоў банкруцтва цярпеў. Ён чалавек, які ведае эканоміку і ведае бізнэс. (…) Трамп усё робіць правільна. Ён перамагае», — выказаў сваю пазіцыю Пазняк і патлумачыў, якое акно магчымасцей ён бачыць. Па яго словах, падтрымкі ад ЕС Беларусь не можа атрымаць, бо не мае чаго ёй прапанаваць.

«Што мы можам прапанаваць Еўразвязу? Нічога. Вось атрымліваецца, што мы харошыя, мы хочам за дэмакратыю. Еўразвяз даваў гранты. А тыя гранты, што былі, тут ужо і правы чалавека. Вось стварылі гэты маразм. (…) Клімат… Гэта ўсё прыдуманыя лявацкія неіснуючыя з'явы. (…) Стварылі ідэалогію з клімату.

Мы можам Амерыку зацікавіць інвестыцыямі. Калі б мы былі вольныя беларусы, калі б гэта ад мяне залежала, калі б я быў прэзідэнтам ці прэм'ер-міністрам (я супраць таго, каб прэзідэнт быў), то мы можам толькі такім чынам — прапанаваць інвестыцыі ў калійныя солі. Гэта каля сямі мільярдаў».

Акрамя калійных угнаенняў, па словах Пазняка, ЗША могуць зацікавіць і іншыя галіны. У якасці прыкладу ён згадаў рэдказямельныя расолы, спаслаўшыся на словы геолагаў.

Яшчэ адзін патэнцыйная крыніца інвестыцый — артэзіянская вада.

«Там ніякіх бактэрый. Гэта рэсурс, які будзе даражэй за нафту», — запэўнівае палітык.

«Калі мы дамо магчымасць амерыканскаму бізнэсу, амерыканскаму капіталу зайсці ў Беларусь. Пры тым не трэба дзешавіцца. Дайце, як кажуць, выгадныя магчымасці. Яны ўсё пабудуюць. (…) Яны будуць атрымліваць выгаду. Пры тым дамова можа быць на пэўны тэрмін заключаная, з пэўнымі расцяжкамі. Гэта ўсё можна.

Там, дзе будзе амерыканскі бізнэс, амерыканскі капітал, амерыканская выгада, там будзе іхні інтарэс. І тут ужо яны будуць зацікаўлены, каб расійскае войска не стаяла і баз расійскіх не было. Вось гэта і ёсць нармальная глабалізацыя. (…) З гэтай Амерыкай можна весці перамовы. Гэта будзе аснова нашай незалежнасці».

«Перамены хутка будуць»

Пазняк запэўнівае, што верыць у тое, што перамены ў Беларусі абавязкова будуць:

«Яны будуць абавязкова. Так жыццё пабудавана. Не трэба ніякай веры мець. Проста трэба ведаць, як пабудавана жыццё. Народ вечны. А чалавек абмежаваны сваім лёсам. (…)

Гэта ўсё абавязкова пераменіцца ў бліжэйшым часе. Нават калі не будзе нейкіх кардынальных падзей, звязаных з ламаннем нейкіх існуючых парадкаў. (…) Трэба, як кітайцы, глядзець наперад і ўмець чакаць. Я гляджу аптымістычна. Ёсць наш народ. Ён разумны, ён сцяўся. Ён мае свае думкі. Ён працавіты. Цяжка яму. Але (…) ён жа зробіць вывады. (…)

З гэтай страшнай дыктатуры, з гэтага жахлівага рэжыму, нацыя павінна выйсці лепшай. Мы шмат страцілі эліт… Але ў цэлым нацыя павінна выйсці лепшай. Яна набыла вопыт, як не трэба жыць, як не трэба рабіць і як супраціўляцца. І яна ў гэтай сітуацыі цяжкай выжывае. Таму пытанне часу. (…)

Калі ў людзей пачаўся выбар, яны зрабілі выбар для свабоды. Пайшлі на вуліцы. І калі б гэта здарылася, то была б зусім другая гісторыя. Яна яшчэ будзе, і будзе вельмі хутка.

Я думаю, яшчэ я ў ёй паўдзельнічаю».

Каментары55

  • Сьв. Дзэн
    12.04.2025
    Трызьніць зноў як пра геніяльных Трампа, які падзяліць Украіну хоча як Польшчу, і зіганана Маска і ілжывую Левіт і гаранта незалежнасьці - кіраўніка каланіяльнай адміністрацыі Лукашэнку.
    Ніводнаму слову верыць нельга. Бо альбо агульныя заявы альбо перакручвае на свой капыл рэальнасьць.
    Ен хоць тэатральную пастанову грошы назьбіраў? Ці зноў пшык?
  • Зеня
    12.04.2025
    Я хачу адарваць Лукашэнку ад Расіі, бо ён сам не можа. Так зянонікі? Гэта ж не сам Лукашэнка зрабіў Беларусь калоніяй Расіі? Ўсе бачаць, што ён і толькі я, Пазняк, нясу лухту, што не.
  • Ха
    12.04.2025
    Набор глупства і пустога трызнення ад Пазняка. Як заўсёды.

Цяпер чытаюць

Перамовы па ўкраінскім пытанні з амерыканцамі вядзе «самы небяспечны чалавек Расіі»1

Перамовы па ўкраінскім пытанні з амерыканцамі вядзе «самы небяспечны чалавек Расіі»

Усе навіны →
Усе навіны

Загадка арыентацыі старажытных храмаў. Чаму цэрквы павернуты не туды10

У інтэрнэце перапрадаюць білеты на матчы хакейнага «Дынама» ў плэй-оф КХЛ. У разы даражэй2

Расіі пагражаюць новыя санкцыі, калі не будзе пагаднення аб перамір'і да канца красавіка2

У пачатку вайны кавэзэшніцу Марыну Грыцук вывозілі з-пад Кіева на танку. Цяпер яна вядзе мерапрыемствы ў Расіі19

Прадстаўнік Трампа: Украіну можна падзяліць, як пасляваенны Берлін у межах мірнага пагаднення10

Зборная Беларусі едзе на чэмпіянат Еўропы па міні-футболе праз 16 гадоў2

Ці варта чакаць наплыву ў Беларусь пакістанскіх гастарбайтараў?14

Расія патрабуе за мір перадаць ёй чатыры ўкраінскія рэгіёны13

«Быццам на іншай планеце». Як беларусы з'язджаюць у эміграцыю ў непапулярныя краіны2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Перамовы па ўкраінскім пытанні з амерыканцамі вядзе «самы небяспечны чалавек Расіі»1

Перамовы па ўкраінскім пытанні з амерыканцамі вядзе «самы небяспечны чалавек Расіі»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць