Мужчына спрабаваў завезці ў Беларусь 4 кілаграмы пораху
Гродзенская рэгіянальная мытня завяла справу ў дачыненні да 42-гадовага грамадзяніна Беларусі па ч. 1 арт. 3331 Крымінальнага кодэкса, якая прадугледжвае адказнасць за незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу розных небяспечных рэчываў, паведамляе пракуратура Гродзенскай вобласці. Мужчына змешчаны пад варту.
Фота ілюстрацыйнае
Паводле матэрыялаў справы, падазраваны ў сакавіку 2025 года заехаў на грузавым аўтамабілі з Літвы ў Беларусь. У пункце мытнага афармлення Беняконі (з літоўскага боку — Салечнікі) «у пустацелай прасторы пад дэкаратыўнай абіўкай салона на верхнім спальным месцы цягача» былі выяўленыя «чатыры ёмістасці з палімернага матэрыялу з сыпкім рэчывам масай 4.015 гр».
Па заключэнні эксперта, рэчыва з'яўляецца «бяздымнымі порахамі прамысловай вытворчасці і адносіцца да катэгорыі кідальных выбуховых рэчываў».
Пракуратура адзначае, што бяздымныя порахі выкарыстоўваюцца ў якасці кідальных зарадаў для боепрыпасаў гладкаствольнай і наразной агнястрэльнай зброі.
Чытайце таксама:
Выбух 4 мая ў Маскве адбыўся ў кватэры электрыка з пуцінскай рэзідэнцыі на Валдаі
У Беларусь завезлі машыны расійскага «ядзернага» ведамства. Яны прымуць удзел у парадзе