У Вялікабрытаніі збіраюцца заводзіць крыміналкі на тых, хто залазіць на помнік Чэрчылю
Брытанскі ўрад хоча ўвесці забарону залазіць на помнік Уінстану Чэрчылю на Парламенцкай плошчы ў Лондане. Статую плануюць афіцыйна ўключыць у спіс помнікаў, прысвечаных вайскоўцам Першай і Другой сусветных войнаў. За парушэнне новага закона будзе пагражаць да трох месяцаў турмы і штраф да 1000 фунтаў стэрлінгаў, піша Бі-бі-сі.
Помнік Чэрчылю рэгулярна размалёўваецца дэманстрантамі рознымі лозунгамі. Фота: Getty Image
Хоць помнік Чэрчылю пакуль не з'яўляецца ваенным мемарыялам, міністр унутраных спраў Івет Купер хоча змяніць гэта. У спіс таксама ўвойдуць іншыя значныя помнікі, напрыклад, «Кенатаф» у Уайтхоле і Мемарыял каралеўскай артылерыі ў Гайд-парку.
Гэты крок з'яўляецца часткай больш шырокага законапраекта аб паліцыі і злачыннасці. Паводле слоў Купер, уключэнне помніка Чэрчылю ў спіс — гэта спосаб ушанаваць яго і іншыя ваенныя мемарыялы, асабліва напярэдадні Дня Перамогі.
Чэрчыль, як мяркуецца, сам выбраў месца для свайго помніка яшчэ ў 1950-х гадах. Бронзавая чатырохметровая статуя была ўстаноўленая ў 1973 годзе ягонай удавой Клемянцінай пры ўдзеле каралевы Лізаветы II.
Апошнія гады статуя часта становіцца мішэнню пратэстоўцаў. У 2020 годзе яе размалявалі падчас акцый Black Lives Matter і Extinction Rebellion. У 2000 годзе яе аблілі фарбай, а ў 2014-м актывіст правёў 48 гадзін на пастаменце.
Прэм’ер Вялікабрытаніі Кір Стармер адзначыў, што Чэрчыль застаецца героем нацыі, таму выкарыстанне яго статуі ў палітычных мэтах абражае нацыянальную памяць.