Максім Недасекаў выставіў на продаж машыну. Сцвярджае, што хоча набыць нерухомасць
Бронзавы прызёр Алімпіяды ў Токіа лёгкаатлет Максім Недасекаў спрабуе прадаць машыну і праз беларускі, і праз расійскі сайт. Колькі ж просіць?
На продаж Максім выставіў Honda Civic 2015 года выпуску. Пазначана, што машына цалкам пераробленая. Яна перафарбаваная, выдалены каталізатар, усталяваны даўнпайп, кастамныя фары тут ад Lexus. А ў салоне спартсмен абяцае вельмі добры гук, бо там усталяваны і ўзмацняльнік.
У Honda было два ўладальнікі, а прабег яе складае 159 тысяч кіламетраў. Недасекаў піша, што прадае машыну ў сувязі з набыццём нерухомасці. На беларускім сайце ён пазначыў кошт 21 тысячу даляраў, на расійскім — прыкладна на 400 даляраў больш.
Прадаць машыну Недасекаву дапамагае яго дзяўчына — гімнастка Лаліта Мацкевіч, якая сёлета паведаміла пра сканчэнне сваёй спартыўнай кар’еры.
Максім Недасекаў вядомы не толькі сваімі спартыўнымі дасягненнямі, але і палымянай любоўю да рэжыму Лукашэнкі. Праз гучныя выказванні і падтрымку вайны ён нават трапіў пад санкцыі Украіны.
Максім Недасекаў. Фота з яго інстаграма
Дарэчы, раней хадзілі плёткі, быццам бы Недасекаў мае праблемы з алкаголем, а яго залаты запас хутка сканчваецца. Іранізаваць над гэтым вырашыла нават дзяржаўная газета «СБ». Рэдактар аддзела спорту Сяргей Канашыц у інтэрв’ю распытваў спартоўца:
— Пляткараць аб тым, што ты стаў шмат выпіваць.
— Не стаў, а скончыў. Пасля смерці Таццяны Фёдараўны (трэнерка Недасекава. — НН) некаторы час сапраўды ўжываў. Як ужо казаў, было вельмі цяжка на душы, а гэта аказаўся самы лёгкі спосаб зняць напружанне і заснуць. Нават бацькі ўзялі тыдзень за свой кошт і прыехалі з Віцебску ў Мінск, каб мяне падтрымаць.
— Яшчэ адна чутка: у Недасекава заканчваецца залаты запас і хутка мы яго ўбачым з шапкай каля царквы.
— Думаю, і без царквы знайду як зарабіць. А ўвогуле, на жыццё хапае. Машыну вось прадаў, з'ехала ў Маскву мая шыкоўная BMW (тую дарагую машыну спартсмен набыў у 2021 годзе. — НН).
— Ну цяпер усё, трымайся: дакладна скажуць, што распрадаеш старыя запасы, каб неяк звесці канцы з канцамі.
— Няхай кажуць. Паглядзім, што яны заспяваюць праз год, калі даведаюцца, з якой мэтай я гэта зрабіў…
Каштавала тая BMW сапраўды нятанна — у салоне за яе прасілі прыкладна ад 100 да 120 тысяч даляраў. Адбылася размова з прапагандыстам яшчэ ў 2023 годзе.
Чытайце таксама:
Максім Недасекаў пра Ціманоўскую: «Мне не падабаецца гэты чалавек. З ёй паступілі правільна»