БЕЛ Ł РУС

Польшча абвінаваціла расійскія спецслужбы ў падпале гандлёвага цэнтра, які згарэў год таму

11.05.2025 / 22:47

Nashaniva.com

Гіганцкі пажар, які здарыўся ўначы 12 траўня 2024 года ў варшаўскім гандлёвым цэнтры на вуліцы Марывільскай, 44, быў вынікам падпалу, здзейсненага агентамі расійскіх спецслужбаў. 

Пажар у ГЦ. Фота: польская Дзяржаўная пажарная служба

Пра гэта афіцыйна заявілі міністр юстыцыі Польшчы Адам Боднар і міністр унутраных спраў Томаш Семаняк.

«На падставе сабраных доказаў мы цяпер дакладна ведаем, што пажар стаў вынікам падпалу, арганізаванага расійскімі спецслужбамі. Мы валодаем падрабязнай інфармацыяй пра паслядоўнасць і механізм дзеянняў, а таксама маем дакументацыю, зробленую самімі злачынцамі. Іх дзейнасцю кіраваў чалавек, які знаходзіцца на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Частка злачынцаў ужо затрыманая, астатнія ўстаноўленыя і знаходзяцца ў вышуку», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве.

Пазней прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск таксама абвінаваціў расійскія спецслужбы і паабяцаў, што ўсе вінаватыя панясуць адказнасць.

У выніку пажару гандлёвы цэнтр згарэў цалкам: агонь ахапіў 63 тысячы квадратных метраў, знішчаныя былі павільёны і тавары амаль 1400 арандатараў. Пажар доўжыўся больш за пяць гадзін. Адразу пасля здарэння спецыялісты адзначалі, што полымя распаўсюдзілася надзвычай хутка, што нетыпова для выпадковых узгаранняў.

Раней заяўлялася, што сярод падазраваных у падпале былі два беларусы. Адзін з беларускіх грамадзян можа быць экс-супрацоўнікам МУС, другі — раней судзімым былым байцом ММА.

Чытайце таксама:

Гіганцкі пажар здарыўся ў гандлёвым цэнтры Варшавы

У Польшчы стварылі яшчэ адну камісію па расійскім і беларускім уплывах

У Польшчы правяраюць сувязь затрыманых па абвінавачанні ў падпалах беларусаў з візавай праграмай Poland. Business Harbour

Каментары да артыкула