Трамп запатрабаваў ад Украіны пачаць перамовы з Расіяй
«Сустрэньцеся, неадкладна!!!» — напісаў прэзідэнт ЗША.
Фота: Andrew Harnik / Getty Images
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Украіна павінна неадкладна згадзіцца на прапанову Расіі — пачаць прамыя перамовы ў Турцыі 15 мая.
«Па меншай меры, яны змогуць вызначыць, ці магчымая здзелка, а калі не, то еўрапейскія лідары і ЗША будуць ведаць, якая сітуацыя, і змогуць дзейнічаць адпаведна!» — напісаў Трамп у сваёй сацсетцы Truth Social.
«Я пачынаю сумнявацца, што Украіна пойдзе на здзелку з Пуціным, які заняты святкаваннем перамогі ў Другой сусветнай вайне, якую было б немагчыма выйграць (нават блізка не было шанцаў!) без Злучаных Штатаў Амерыкі».
«Сустрэньцеся, неадкладна!!!» — напісаў прэзідэнт ЗША.
У сваю чаргу Уладзімір Зяленскі заявіў, што будзе асабіста чакаць Пуціна ў Турцыі.
«Мы чакаем ад панядзелка спынення агню — поўнага і трывалага, каб даць неабходную аснову для дыпламатыі. Няма сэнсу зацягваць забойствы. І я буду чакаць Пуціна ў чацвер у Турцыі. Асабіста. Спадзяюся, што расіяне гэтым разам не будуць шукаць прычыны, чаму яны не могуць», — гаворыцца ў паведамленні прэзідэнта Украіны
У суботу ў Кіеве «кааліцыя ахвотных» у складзе лідараў Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Польшчы і Украіны заклікала да безумоўнага спынення агню з 12 мая. Аднак Уладзімір Пуцін у начным звароце прапанаваў аднавіць перамовы з Украінай у Стамбуле з 15 мая — без папярэдніх умоваў. У Кіеве падкрэсліваюць важнасць спынення агню да пачатку перамоваў. Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў, што гатовы арганізаваць мірныя перамовы, але таксама падкрэсліў неабходнасць спынення агню.