Аляксандр Кныровіч вылучаецца ў спікеры Каардынацыйнай рады
Бізнэсоўца вылучыла фракцыя «Беларусы» (блок Пракоп'ева — Ягорава)
Аляксандр Кныровіч вылучаецца ў спікеры Каардынацыйнай рады, пра гэта ён паведаміў у сваім тэлеграм-канале, разважаючы пра тое, ці магчымыя перамены ў 2030 годзе.
«Сітуацыя ўнутры краіны застаецца нестабільнай. Рэпрэсіі і падтрымка з боку Крамля не з’яўляюцца паўнавартаснай заменай нармальнай працы дзяржаўных інстытутаў. Аднак аслабленне Расіі ў бліжэйшыя 5—10 гадоў можа стварыць новыя «вокны магчымасцей» для перамен.
Але наіўна спадзявацца, што менавіта апазіцыя ў эміграцыі стане рухавіком гэтых перамен. Гісторыя нават «паспяховага» прыходу да ўлады Уладзіміра Леніна і партыі бальшавікоў сто восем гадоў таму вучыць, што для пераменаў патрэбныя не толькі лідары, але і рэвалюцыйная сітуацыя ўнутры краіны: калі «верхі не могуць», а «нізы не хочуць», а таксама наяўнасць рэвалюцыйнага класа і іншых неабходных умоваў.
Перамены ў Беларусі не прыйдуць з-за мяжы. Будучы прэзідэнт дэмакратычнай «Новае Беларусі» ўжо цяпер знаходзіцца ўнутры краіны», — піша Кныровіч.
Нагадаем, што месца спікера Каардынацыйнай рады засталося вакантным пасля таямнічага знікнення Анжалікі Мельнікавай, якая перастала выконваць ролю спікеркі 12 лютага. Згодна са статутам, праз тры месяцы пасля гэтага павінны прайсці выбары новага старшыні. Сёння, 12 мая, апошні дзень вылучэння кандыдатур. Віцэ-спікерка, в.а. спікера КР Стася Гліннік раней казала, што не будзе вылучацца. Пра намер вылучацца заявіў паплечнік Паўла Латушкі Арцём Брухан.
Чытайце таксама:
Стася Гліннік пацвердзіла, што не будзе балатавацца ў спікеркі КР
Анжаліка Мельнікава тыдзень правяла на Шры-Ланцы і вылецела з дзецьмі ў Дубай