Хто той палкоўнік Жураўскі, які падбіў Зянковіча, Фядуту і Кастусёва на нібыта дзяржаўны пераварот?
У 2022 годзе па «справе аб дзяржперавароце» асудзілі пяць чалавек, сумарна яны атрымалі 36 гадоў пазбаўлення волі. Нядаўна аднаго з фігурантаў — грамадзяніна ЗША Юрыя Зянковіча вызвалілі, і ён выехаў з Беларусі. Экс-палітвязень падзяліўся з «Люстэркам» дэталямі таго, адкуль з'явілася ініцыятыва «захопу ўлады» і чыё заданне выканаў гэты чалавек.
Злева — аператыўная здымка беларускіх спецслужбаў з планаваннем «дзяржаўнага перавароту». Справа — пашпартнае фота вайскоўца Івана Жураўскага, дадзенае «Люстэрку» арганізацыяй Belpol
«Гэта была яго ідэя»
Яшчэ падчас судовага паседжання было вядома, што ключавы сведка па справе — Іван Жураўскі, падпалкоўнік Генштаба Узброеных Сіл Беларусі, які «ўкараніўся» у групу «змоўшчыкаў». Калі ён даваў паказанні ў судзе, працэс закрывалі, сам сілавік адмовіўся ад каментароў СМІ.
Пасля вызвалення Юрась Зянковіч заявіў, што менавіта гэты вайсковец быў ініцыятарам ідэі «змены ўлады неканстытуцыйным шляхам», як заяўляла абвінавачванне:
«Пераварот збіраўся рабіць не я — мяне папрасіў падпалкоўнік Іван Жураўскі, у той час афіцэр Генеральнага штаба, падрыхтаваць план трансфармацыі краіны і пераходу да дэмакратыі. Менавіта стварэнне гэтага плана было пастаўлена ў віну мне, Аляксандру Фядуту і Рыгору Кастусёву. Дэталі гэтага плана я апублікую пазней. За сам ваенны пераварот адказваў Жураўскі — гэта была ягоная ідэя, а мы ў вайсковыя планы не ўмешваліся».
Служба, медалі, адстаўка. Хто такі Іван Жураўскі?
Зянковіч перапісаў частку матэрыялаў крымінальнай справы і вывез іх (у абвінавачаных ёсць права азнаямляцца з матэрыяламі справы і капіяваць цікавыя ім моманты). У іх была выпіска з асабістага дасье вайскоўца з яго біяграфічнымі данымі.
Зыходзячы з яе, цяпер 44-гадовы былы вайсковец нарадзіўся ў расійскім горадзе Архангельску ў 1981 годзе. У 2003 годзе скончыў Вайсковую акадэмію. Пасля мужчына служыў у 740-й зенітнай ракетнай брыгадзе ў Барысаве, з 2013 па 2016 год — начальнікам штаба, з сакавіка па чэрвень 2016 года — камандзірам дывізіёна. З 2016 па 2017-ы быў камандзірам дывізіёна 147-й зенітнай ракетнай брыгады, якая дыслакуецца ў Бабруйску.
Са жніўня 2017 па студзень 2021 года Жураўскі лічыўся старшым афіцэрам 3-га аддзела 2-га ўпраўлення Галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі Узброеных Сіл Беларусі. Мужчына даслужыўся да звання падпалкоўніка, быў узнагароджаны медалямі. У студзені 2021 года звольніўся ў запас (яму на той момант было 39 гадоў).
Агент без псеўданіма
У базе са звесткамі грамадзян Беларусі, даступнай Belpol, ёсць чалавек з такім іменем. Ключавыя моманты яго біяграфіі — імя па бацьку, год нараджэння, месца службы — супалі з інфармацыяй, якую захаваў Зянковіч.
Таксама «Люстэрка» паказала былому палітвязню пашпартнае фота Жураўскага (праўда, няма інфармацыі, у якім годзе яно было зроблена). Юрась адзначыў падабенства гэтага чалавека з тым, з кім ён сустракаўся.
Пашпарт Івана Жураўскага. Фота перададзена «Люстэрку» арганізацыяй Belpol
З матэрыялаў справы вынікае, што вайсковец дзейнічаў па заданні КДБ. Часам у гучных гісторыях, якія расследуе гэтае ведамства, усплываюць фальшывыя асобы. Але, падобна, гэта не той выпадак. Іван Жураўскі — сапраўднае імя рэальна існуючага вайскоўца. У базах даных захаваліся запісы пра яго родных, прапіску, на ягонае імя зарэгістравана некалькі нумароў тэлефона. Паводле інфармацыі Belpol, у падпалкоўніка не было пашпартоў прыкрыцця ў Беларусі. Прадстаўнік арганізацыі дапусціў, што вайскоўца не трэба было легендаваць, каб скарыстацца асабістымі знаёмствам і атрымаць давер «змоўшчыкаў».
Цікава, што ў фільме дзяржаўнага тэлеканала АНТ заблюрылі не толькі твар Жураўскага, але і ўсю ягоную фігуру. Падпалкоўніка прадставілі так «для яго [Юрася Зянковіча] гэта Іван, нібыта высокапастаўлены афіцэр з Міністэрства абароны», хоць Іван — сапраўднае імя, і ён праўда быў на той момант вайскоўцам.
Сустрэча Юрася Зянковіча з Іванам Жураўскім. Мінск, 28 жніўня 2020 года. Кадр з фільма «Забіць Лукашэнку», паказанага на дзяржканале АНТ 28 красавіка 2021 года
Хто прыдумаў «змову»
У прапагандысцкім кіно АНТ сцвярджалі: «змоўшчыкі» са сваім «злачынным планам» шукалі здрадніка ў Міністэрстве абароны — і знайшлі Жураўскага. А той нібыта паведаміў у КДБ — і далей групу «вялі». Аднак з матэрыялаў крымінальнай справы, якія перапісаў экс-палітвязень, атрымліваецца, што, верагодна за ўсё, афіцэр з самага пачатку дзейнічаў па заданні спецслужбаў. Асабліва калі параўнаць даты.
Зянковіч і Жураўскі ўпершыню сустрэліся 28 жніўня 2020 года. У фільме АНТ з аператыўнымі здымкамі паказалі нават час — 13.50.
Кадр з фільма «Забіць Лукашэнку», паказанага на дзяржканале АНТ 28 красавіка 2021 года
У пачатку зімы 2021 года гэтыя двое пачалі абмяркоўваць новую сустрэчу, вынікае з пратаколаў аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, якія былі абвешчаныя ў судзе. Яшчэ адна размова мужчын, прынятая да справы, была ў лютым 2021-га. А абмеркаванне ў маскоўскім рэстаране «Тарас Бульба» прайшло 11 красавіка 2021 года. Тады ж Рыгор Кастусёў, Аляксандр Фядута і Юрый Зянковіч былі затрыманыя.
Пры гэтым у матэрыялах крымінальнай справы ўсе зносіны Жураўскага са «змоўшчыкамі» ў дакументах фігуруюць як «аператыўна-вышуковае мерапрыемства». Згодна з пратаколам, гэта «мерапрыемства» пачалося 28 жніўня 2020 года — у дзень першай сустрэчы мужчын. Дакладны час — 9.00 — за некалькі гадзін да яе. Скончылася яно 11 красавіка 2021 года — у дзень затрымання «змоўшчыкаў» у маскоўскім рэстаране.
Таксама ў тамах крымінальнай справы была «пастанова аб наданні аператыўна-вышуковых дакументаў». У ім згадваецца некалькі прозвішчаў высокапастаўленых сілавікоў. Зацвярджаў яго генерал-маёр Дзмітрый Равуцкі, намеснік старшыні КДБ. Санкцыю даў Дзмітрый Гара, на той момант — намеснік генпракурора, пасля ён перайшоў на пасаду старшыні Следчага камітэта. У лістападзе 2020 года дакумент працягнулі, яго зацвярджаў ужо першы намеснік старшыні КДБ Сяргей Церабаў.
«Суду было пофігу»
«Усё рабілася ў рамках следчага эксперыменту. Яму [Івану Жураўскаму] паставілі задачу выявіць змоўшчыкаў. І ён іх выявіў, — успамінае Зянковіч. — Ёсць распіска ў атрыманні задання, ёсць інструкцыі «не ствараць умоваў, якія б спрыялі здзяйсненню злачынства ці правакавалі б на яго», ёсць санкцыя на правядзенне эксперыменту».
Цікава, што ў адным з дакументаў, як сцвярджае экс-палітвязень, была такая фраза: «звернута ўвага на недапушчальнасць актыўнага ўплыву на рашэнні, якія прымаюцца Зянковічам Ю.Л. і іншымі асобамі, даючы ім магчымасць адмовіцца ад здзяйснення злачынных дзеянняў». Простымі словамі: Жураўскі не павінен быў умешвацца ў «змову».
Сустрэча з удзелам Аляксандра Фядуты і сілавікоў, якія нібыта былі гатовыя да перавароту. Масква, 11 красавіка 2021 года. Кадр з фільма» Путч у нікуды», паказанага на дзяржканале АНТ 11 верасня 2022 года
Аднак, па словах Зянковіча, фактычна «пераварот» быў ініцыятывай вайскоўца. Да юрыста ж той звяртаўся нібыта па дапамогу і кансультацыі:
«Быў агучаны нават аўдыёзапіс той размовы, дзе Жураўскі сказаў, што ён гатовы здзейсніць пераварот, і што ёсць група афіцэраў, што яго падтрымліваюць. Ёсць расшыфроўка даслоўная той размовы. Суду было пофігу. Фядута на судзе сказаў, што для яго галоўным пытаннем было выявіць, ці гэта з самага пачатку была правакацыя, ці Жураўскі пазней пайшоў усіх здаў. І ён пераканаўся, што гэта была правакацыя ўжо на момант маёй самай першай сустрэчы з Жураўскім».
Чытайце таксама:
Зянковіч: Безумоўна, я б не паехаў у Маскву пад гарантыі Вольгі Карач
Зянковіч: Лукашэнка спачатку даў мне і Фядуту мянушку Віні-Пух, а пасля назваў Усамам бен Ладэнам
Юрась Зянковіч расказаў пра сваё вызваленне і шлях у ЗША
«Быў упэўнены, што я недатыкальная асоба для расіян». Першае інтэрв'ю Юрася Зянковіча на свабодзе