Стала вядома, калі адкрыюць Чырвоны касцёл у Мінску
Выданне Katolik.life даведалася падрабязнасці рэканструкцыі Чырвонага касцёла ў Мінску і выявіла, што падчас мінулай, калі храм не закрывалі, у ім ужо мянялі ўсе інжынерныя сеткі і камунікацыі. Але ўсё адно па самых аптымістычных сцэнарыях чакаць адкрыцця давядзецца як мінімум паўтара года.
Вежа Чырвонага касцёла
Прайшло два месяцы з таго часу, як афіцыйна было заяўлена пра хуткі пачатак будаўнічых работ у закрытым ужо больш за два з паловай гады Чырвоным касцёле (cвятога Сымона і святой Алены) у Мінску. Некаторыя СМІ нават паведамлялі, што рамонт пачнецца ў сакавіку. Але да гэтага часу сітуацыя ніяк не змянілася — у храме па-ранейшаму не вядуцца ніякія работы.
Пробашч парафіі ў апошнія тыдні падчас нядзельных аб'яў не кранаў гэтую тэму і нічога не паведамляў пра якія-небудзь зрухі.
Але Katolik.life знайшоў дакументацыю, паводле якой у храме сапраўды пройдуць маштабныя работы. Яны завершацца не раней за 2027 год. Толькі пасля гэтага можна чакаць адкрыцця касцёла.
Дырэктар дзяржпрадпрыемства «Мінская спадчына» заяўляў 14 сакавіка пра тое, што рамонтна-аднаўленчыя работы ў будынку храма пачнуцца пасля вывазу парафіяй сваёй маёмасці.
У парафіі прынялі гэтыя ўмовы і забралі амаль усе рэчы з касцёла (нават лавы, усю бібліятэку і грувасткія спавядальні, некаторыя прыйшлося ламаць). Вываз маёмасці завяршыўся яшчэ да канца сакавіка.
Было заяўлена, што новы комплекс рамонтна-аднаўленчых работ уключае «замену і рамонт унутраных і вонкавых інжынерных сетак». Хоць на сайце «Мінскпрамбуда», які ў 2017-2019 гадах па замове «Мінскай спадчыны» праводзіў першую маштабную рэканструкцыю Чырвонага касцёла (дарэчы, храм тады не закрывалі), пазначана, што на тым этапе ўжо была праведзена замена «ўсіх інжынерных сетак, унутраных і вонкавых камунікацый».
Што канкрэтна збіраюцца рабіць цяпер, стала вядома з дакументацыі абвешчанага тэндару на выбар генпадрадчыка. Гэта ўжо другі тэндар, тэрмін якога заканчваецца 15 траўня, а першы быў прызнаны несапраўдным. Заяўку ў той раз падала толькі адна арганізацыя — той жа самы «Мінскпрамбуд».
Звяртае на сябе ўвагу, што ў дзяржзакупцы аб'ект не называюць касцёлам, а «будынкамі № 13, № 15 па вул. Савецкай» (сам храм і плябанія, дом святара).
Праект прадугледжвае, у прыватнасці, рамонт даху, усталяванне шклянога казырка, вонкавых інжынерных сетак, аконных праёмаў, супрацьпажарных перагародак, пакрыцця падлог, комплекс сантэхнічных і электрамантажных работ, мерапрыемствы для стварэння безбар'ернага асяроддзя, новае маналітнае перакрыццё.
Што тычыцца электраправодкі, то «праектам прадугледжаная абарона раздымнымі кажухамі наяўных кабельных ліній». Таксама плануецца рамонт сістэм ацяплення, водазабеспячэння, каналізацыі.
З мясцовага бюджэту Мінска на новую рэканструкцыю павінна быць выдзелена амаль 10 мільёнаў рублёў. Тэрмін работ — 20 месяцаў. Яны павінны пачацца ў чэрвені 2025 года і завяршыцца ў снежні 2026 года, а здача аб'екта ў эксплуатацыю запланаваная на студзень 2027 года.
Чытайце таксама:
Каля Чырвонага касцёла ў Мінску быў здзейснены акт вандалізму
З Чырвонага касцёла ў Мінску ўжо некалькі дзён вывозяць рэчы
У Ватыкане абмеркавалі праблему Чырвонага касцёла і зняволеных святароў
Ад зачыненага Чырвонага касцёла патрабуюць амаль 150 тысяч рублёў