Дорага і з гнільцой: што робіцца з бульбай у крамах пасля праверак
Бульба ў продажы ёсць — гэта факт. Але ці будзеце вы задаволеныя яе станам — вялікае пытанне. Беларусы працягваюць скардзіцца на якасць, піша Tochka.by.
Журналісты ўжо вывучалі асартымент паўтара месяца таму. За гэты час на праблему звярнулі ўвагу чыноўнікі. У МАРГ працягваюць настойваць, што запасаў у стабфондах дастаткова і ўсё — належнай якасці.
У Мінсельгаспрадзе заяўляюць, што гатовыя нават пусціць у продаж насенную бульбу. А кантрольна-рэвізійнае ўпраўленне просіць беларусаў паведамляць пра дрэнную гародніну і высокія цэны на «гарачую лінію».
У сярэдзіне мая журналісты зноў прайшліся па крамах у пошуках бульбы.
Крамы «каля дома»
У невялікім «Еўраопце» на Свярдлова, 22 з'явілася мытая бульба (іншай няма). Цана за кілаграм — 3,99 рубля. Нешта назбіраць можна, але трапляюцца клубні дрэннай якасці — зморшчаныя, з пашкоджаннямі і заганамі.
Дарэчы, у сакавіку журналісты таксама правяралі гэтую краму. Тады кілаграм бульбы прадаваўся за 1,08 рубля (нямытая, але даволі буйная).
Побач яшчэ адна маленькая крама — «Суседзі» на вул. Кірава, 4. Тут прадаецца нямытая бульба за 1,43 рубля.
Ёсць буйныя клубні, але пры бліжэйшым разглядзе — зморшчаныя і зяленаватыя. Тут за паўтара месяца бульба таксама падаражэла на 35 капеек.
У краме «Хіт» на вул. Лабанка, 4 ёсць таннейшая бульба, але зусім дрэннай якасці (дарэчы, без цэнніка). А вось мытая, але за 3,89 — не самы горшы варыянт.
У «Еўраопце» на вул. Кунцаўшчына, 19 засталася толькі мытая бульба па цане 3,99 рубля за кіло. Ёсць пашкоджаныя клубні і з «вочкамі», але нешта выбраць можна.
У краме «Санта» на вул. Кунцаўшчына, 27 ёсць бюджэтны варыянт бульбы за 1,5 рубля — ужо фасаваная, таму выбіраць будзе складана: клубні дрэннай якасці, ёсць гнілыя і пашкоджаныя.
Варыянт даражэйшы — па 3,69 за кіло — выглядае лепей, але калі прыгледзецца, у сетцы трапляюцца і не самыя якасныя клубні.
Большыя крамы
Журналісты зазірнулі ў «Суседзі» ў ГЦ Galileo. Тут на выбар ёсць два віды бульбы. Самы танны варыянт — за 1,43 рубля, але назбіраць прыстойны кілаграм будзе вельмі складана: клубні з «вочкамі», памятыя і пашкоджаныя.
Другі варыянт — мытая бульба за 4,49 рубля. Купіць такую на вячэру для сям’і — дарагавата. Па якасці таксама ёсць пытанні — не адпавядае такой цане.
Супермаркет «Гіпа» на вул. Адзінцова, 65 прапануе два віды бульбы. Сетка з больш-менш якаснымі клубнямі прадаецца па 2,74 рубля за кілаграм. А вось мытая бульба за 3,99 рубля выглядае нашмат горш: ёсць зялёныя і пашкоджаныя клубні.
Гіпермаркеты
Журналісты зазірнулі ў гіпермаркеты, дзе, здаецца, заўжды ёсць усё: на любы густ і кашалёк.
У «Кароне» на вул. Кальварыйская, 24 асартымент сапраўды шырокі. Цэны пачынаюцца ад 1,43 рубля і даходзяць нават да 5,85. Фасаваная ў сетках — каб выбраць больш-менш добры мяшэчак, прыйдзецца пастарацца. Ёсць і даволі кепская бульба.
У гіпермаркеце Green на вул. Прытыцкага, 156 толькі дарагая мытая гародніна. Можна шыкануць і купіць бульбу за 5,29 рубля — мытую і фасаваную ў сеткі.
А можна «зэканоміць» і ўзяць варыянт за 4,49 — таксама мытая, з некаторымі заганамі, але кілаграм-другі сабраць можна.
У гіпермаркеце «Еўраопт» на вул. Казіміраўская, 6 прадаецца толькі адзін від бульбы — мытая, за 3,99. Па якасці ёсць пытанні: пашкоджаныя клубні з вочкамі, дзе-нідзе з гнільцой.
Рэзюмуем: бульба ў крамах цяпер сапраўды ёсць. Але суадносіны «цана-якасць» выклікаюць пытанні ў спажыўцоў: звыклай беларусам «рубель за кіло» цяпер не знайсці. А за больш-менш прыстойную бульбу давядзецца раскашэліцца.
Што з бульбай у службах дастаўкі прадуктаў
Паглядзелі на асартымент бульбы і ў буйных гандлёвых сетках, дзе можна набыць прадукты анлайн. Што цікава, амаль на ўсіх сайтах прадстаўлена толькі мытая.
Так, у «Е-дастаўцы» можна замовіць клубні па цане 4,69 рубля за кілаграм (дарэчы, у сакавіку тут цэннік на мытую бульбу быў ад 2,99). А калі хочаце шыкануць, можна купіць сетачку імпартнай ізраільскай бульбы. Цана адпаведная — 8,19 рубля.
На сайце «Гіпа Маркет» асартымент шырэйшы.
Тут можна знайсці і звычайную нямытую бульбу па 1,18 рубля за кілаграм (падаражэла на 8 капеек за паўтара месяца). Ёсць мытая бульба — па 2,74 і 3,99 рубля.
У анлайн-краме Green прадстаўлена толькі мытая бульба. Цэны пачынаюцца ад 3,49 рубля (у сакавіку — ад 2,39) і дасягаюць 4,49 рубля.
Якая бульба добрая
Паводле ДАСТ, можна прадаваць бульбу з некаторымі недахопамі, але нязначнымі. Дапускаюцца клубні:
- з плямамі бледна-зялёнага колеру агульнай плошчай не больш за 2 см², якія можна выдаліць падчас чысткі;
- з механічнымі пашкоджаннямі (парэзы, вырывы, трэшчыны, увагнутасці) глыбінёй не больш за 4 мм і даўжынёй да 10 мм;
- пашкоджаныя паршой, аспарозам на плошчы не больш за 1/4 паверхні клубня;
- пашкоджаныя дратавіком (пры наяўнасці не больш за аднаго ходу).
Масавая доля клубняў з пашкоджаннямі не павінна перавышаць 2%. А зямлі, якая прыляпілася да клубняў, павінна быць не больш за 1%.
Якую бульбу дакладна нельга выстаўляць на продаж?
-
Пазелянелыя клубні (калі больш за 1/4 паверхні); пашкоджаныя грызунамі; падмерзлыя; запараныя; з прыкметамі «удушша»; раздушаныя; палавінкі або часткі клубняў; пашкоджаныя мокрай, сухой, кальцавой гніллю і фітафторай.
Чытайце таксама:
Французскі Le Monde: Дэфіцыт бульбы выклікае незадаволенасць у Беларусі
Лукашэнка пракаментаваў сітуацыю з бульбай
Улады адправяць у крамы насенную бульбу, каб справіцца з дэфіцытам