У беларускіх кінатэатрах круцяць фільм пра вайну, ад якога заплакаў Пуцін. Што гэта за кіно?
«У спісах не значыўся» — знакамітая аповесць пра абаронцу Брэсцкай крэпасці. Да 80-годдзя перамогі па ёй знялі фільм з расійскім акцёрам Уладзімірам Машковым, у масоўцы здымаліся і беларусы.
Фота: кадр з трэйлера
Галоўный герой гэтай стужкі, як і аповесці, — малады лейтэнант Мікалай Плужнікаў. Хлопца прызначаюць на службу ў Брэсцкую крэпасць, і ён прыязджае ў горад 21 чэрвеня 1941-га. Шпацыр па горадзе, візіт у рэстаран — да крэпасці Плужнікаў дабіраецца толькі позна ноччу. Ён не паспявае апавясціць старэйшых афіцэраў, што прыбыў, і такім чынам не трапляе ў спісы баявога склада.
Ранкам 22 чэрвеня немцы атакуюць крэпасць. Баявыя сцэны першых гадзін вайны паказаныя ў фільме як нязладны вэрхал: незразумела, хто, куды і навошта страляе, што ўвогуле адбываецца. Плужнікаў застаецца ў крэпасці, там у яго пачынаецца раман з Мірай — яўрэйкай-кухаркай, якая працавала ў крэпасці як вольнанаёмная.
Вакол ёсць і іншыя афіцэры, акрамя Плужнікава. Напрыклад, Уладзімір Машкоў грае старшыну Сцяпана Мацвеевіча — для яго трохі перарабілі персанажа, якога Васільеў назваў у аповесці старшынёй Ягоравічам. Гэта пажылы, мацёры ваяка, які выглядае суворым, але бліжэй да канца стужкі раскрываецца праз гераічны ўчынак, які меў месца і ў сапраўднай Брэсцкай крэпасці.
Іронія лёсу, што такую гісторыю ўвасабляе Машкоў — давераная асоба Пуціна на прэзідэнцкіх выбарах і актыўны прыхільнік расійскай агрэсіі ва Украіне. Машкоў і спрадзюсаваў новую стужку, а зняў яе расійскі рэжысёр Сяргей Каратаеў. Гістарычныя драмы з савецкімі рэаліямі — важны для яго жанр: за апошнія некалькі гадоў Каратаеў папрацаваў над дэтэктывам «Горкі 53» пра хрушчоўскія часы, ваеннай драмай «Праз прыцэл» і серыялам «У парку Чаір» пра чатырох савецкіх дзяўчат і вайну.
Але вернемся да героя Машкова. Учынак Сцяпана Мацвеевіча — адна з нешматлікіх сцэн у фільме, якія выклікаюць хоць трохі эмоцый, але «трохі» — ключавое слова. Пачатак вайны, лёс няшчаснай крэпасці, каханне ў казематах і гераізм — усё гэта выглядае ў стужцы нечым аўтаматычным і паўсюдным, нібыта так і трэба было, і праз гэта — штучным.
Фота: кадр з трэйлера
Фота: кадр з трэйлера
Але ж асноўнае, чым запомнілася «У спісах не значыўся» — гэта вэрхал з баявых сцэн. Замест гэтага сцэнарысты маглі б паспрабаваць раскрыць герояў. Як наконт глыбокай размовы ў цемры каземата? Або дробных сітуацый, якія расказалі б пра герояў нешта іншае, акрамя ўра-гераічнага наратыву «сыходзіць загаду не было»? Што казаць, калі самае глыбокае ў фільме — радкі з Васільева, якія за кадрам чытае Машкоў.
Пасля дзесяцігоддзяў паразітавання на тэме вайны варта было б паставіць у легендах кропку і паспрабаваць расказаць гісторыю той вайны з больш чалавечнай перспектывы, тым больш аповесць Васільева для гэтага падыходзіць выдатна.
Сюжэт у фільме рваны, як і мантаж, героі — плоскія і малацікавыя, а галоўны персанаж увогуле недаравальна бляклы. У стужцы ёсць камп’ютарная анімацыя, але відовішчнай яе не назавеш — такое адчуванне, што кадры даваеннага Брэста малявалі ў казематах «Беларусьфільма».
Дарэчы, пра казематы: фільм здымалі ў сапраўднай Брэсцкай крэпасці (у вочы кідаецца, што яе сцены не сталі аднаўляць з дапамогай графікі, каб крэпасць выглядала так, як да вайны). Некаторыя сцэны запісвалі ў Мінску, беларусы здымаліся ў масоўцы.
Бюджэт стужкі складае прыкладна 12,4 мільёна даляраў. Для параўнання, геніяльны «Бруталіст» з Эдрыянам Броўдзі, які выйшаў у 2024-м і пашумеў на «Оскары», зняты за 10 мільёнаў даляраў.
Супергеройскія савецкія наратывы так упляліся ў свядомасць расійскіх кіношнікаў, што адмовіцца ад іх складана, нават калі вельмі хочацца. І так зручна выкарыстоўваць іх цяпер, калі шанаваць жыццё, як і ў савецкі час, зноў не ў модзе.
А фінальная сцэна, на якой заплакаў Пуцін падчас прэм'еры, сапраўды можа падацца моцнай — было б складана цалкам запароць такую моцную першакрыніцу як аповесць Васільева. Хаця, здаецца, лепш было б яе ўвогуле не кранаць.
Чытайце таксама:
«Два пракуроры» Лазніцы — гэта чысты Кафка
«Этэрнаўт»: аргенцінскі Netflix выпусціў шматзначны серыял пра апакаліпсіс