БЕЛ Ł РУС

«Паперка, а не падстава для выезду». Беларуса з польскім праязным дакументам не пусцілі на самалёт

16.05.2025 / 8:12

Nashaniva.com

Беларус Ян Таяноўскі меў квіток на самалёт авіякампаніі WizzAir на 3 траўня з Познані ў Кутаісі. Аднак у той дзень мужчына не вылецеў у Грузію — яго не пусцілі на борт праз адсутнасць дзейнага беларускага пашпарта.

Wikimedia Commons

Польскі падарожны дакумент замежніка, які Ян меў пры сабе, супрацоўнікі авіякампаніі назвалі проста паперкай. Пра гісторыю Яна піша «Белсат».

«Як ты сюды трапіў без пашпарту?»

Ян выязджаў за межы Еўрасаюза без пашпарту, толькі з польскім падарожным дакументам, упершыню. Беларус ведаў, што мае на гэта права, што Грузія пускае на сваю тэрыторыю грамадзянаў Беларусі з так званымі «пашпартамі замежнікаў», таму спакойна набыў квіток у лаўкостэра WizzAir з Познані ў Кутаісі і паехаў у аэрапорт.

Праблемы, аднак, пачаліся ўжо на стойцы рэгістрацыі на рэйс, калі Ян падаў супрацоўніку свой падарожны дакумент.

«Ён паглядзеў, не ведаў, што рабіць, патэлефанаваў супервайзеру, там сказалі, каб я звязваўся з амбасадай Грузіі ў Варшаве. Гэта была субота, адпаведна, амбасада не адказала. У выніку супрацоўнік авіякампаніі сказаў, што мой падарожны дакумент — гэта проста паперка, а не дакумент, не падстава для выезду», — распавядае Ян.

Беларус папрасіў, каб яму выдалі пісьмовую адмову ў пасадцы на рэйс, аднак супрацоўнік авіякампаніі адмовіў, зноў спаслаўшыся на тое, што ў мужчыны не было пашпарту.

Паколькі ў Яна была анлайн-рэгістрацыя і не было багажу, ён прайшоў па пасадачным квітку і паспрабаваў сесці ў самалёт, аднак перад пасадкай сустрэў усё тых жа супрацоўнікаў, што развярнулі яго на чэкіне.

«Той, што мяне і абслугоўваў на пачатку, запытаўся: «Як ты сюды трапіў без пашпарту?», — кажа Ян.

Разам з супрацоўнікам WizzAir мужчына падышоў да памежнікаў — тыя пацвердзілі, што Грузія пускае з «пашпартам замежніка», што гэта — нармальны дакумент.

«Супрацоўнік, што падыходзіў са мной да памежнікаў, пагадзіўся, але астатнія — не, і мяне ўсё роўна развярнулі, — распавядае далей Ян. — Я прасіў усіх супрацоўнікаў, якія абслугоўвалі рэйс, што былі ў зоне дасяжнасці — чатырох чалавек — выдаць мне пісьмовую адмову ў пасадцы на рэйс. Аднак яны ўсе мне адмовілі і рабілі выгляд, што не разумеюць, пра што я кажу, ці проста ігнаравалі. Гэта зараз я разумею, што трэба было выклікаць паліцыю для фіксацыі факту адмовы ў пасадцы і выдачы формы адмовы».

Грузінская амбасада: беларусам з польскім праязным дакументам віза не патрэбная

Пісьмовую форму адмовы Ян прасіў, бо яе патрабуе служба падтрымкі WizzAir пры падачы скаргі. На гэта беларус спасылаўся і ў размовах з супрацоўнікамі ў аэрапорце — кажа, тыя ігнаравалі ягоныя аргументы.

Тады Ян зрабіў ліст у PDF, загрузіў яго замест патрэбнай формы адмовы на сайце WizzAir і адправіў скаргу. У лісце беларус патрабаваў выплаты кампенсацыі, прыводзіў адказ амбасады Грузіі датычна польскіх падарожных дакументаў, падкрэсліваў, што ён не мусіў мець візу для ўезду ў Грузію, а таксама даваў інфармацыю пра рэйс, якім урэшце паспяхова вылецеў у Грузію на наступны дзень, 4 траўня, з Варшавы. У сталічным аэрапорце прэтэнзіяў да падарожнага дакументу ні ў каго не ўзнікла.

Падтрымка WizzAir, са словаў Яна, адхіліла скаргу, бо ў мужчыны не было візы.

«Відавочна, яны нават не чыталі скаргу ўважліва, бо ў адказе была адмова ў кампенсацыі за першы, нявыкарыстаны квіток, якую я не прасіў. Я прасіў за наступны квіток, якім ляцеў з Варшавы, за гатэль — 400 еўра згодна з законам у выпадку непасадкі на рэйс. Інфармацыю пра наступны рэйс і ліст з амбасады Грузіі ў Польшчы ў адказе праігнаравалі», — распавядае суразмоўца.

У лісце ж з грузінскай амбасады ў Варшаве гаварылася, што беларус, які мае дзейны польскі падарожны дакументы і дазвол на жыхарства ў Польшчы (карту побыту), можа ўязджаць на тэрыторыю Грузіі без візы (скрыншот адказу Ян даслаў таксама ў рэдакцыю).

Беларус накіраваў скаргі амбудсмэну па правах пасажыраў ва Упраўленні грамадзянскай авіяцыі і ў ECK Polska (Еўрапейскі спажывецкі цэнтр) — пакуль чакае адказаў. Ян адзначае, што авіякампанія не можа проста так без падставаў не пасадзіць пасажыра на рэйс, і спасылаецца на Рэгламент ЕЗ №26/2004 «Аб усталяванні агульных правілаў у галіне кампенсацыі і садзеянні пасажырам у выпадку адмовы ў пасадцы, адмены ці працяглай затрымкі авіярэйсу».

Адвакат: можна судзіцца, але гарантыяў выйгрышу няма

«Белсат» звярнуўся па каментар адносна сітуацыі ў WizzAir — пакуль адказу не мае, як толькі атрымаюць яго — апублікуюць.

Адвакат Алесь Міхалевіч у каментары «Белсату» звяртае ўвагу на тое, што авіякампанія — гэта прыватная арганізацыя, якая можа сама вызначаць правілы пасадкі на самалёт. Калі б гаворка ішла пра памежнікаў, напрыклад, якія з’яўляюцца дзяржаўнай структурай, гэта была б іншая сітуацыя і можна было б казаць пра парушэнне правоў.

«Калі прыватная авіякампанія адмаўляе ў пасадцы, з імі можна судзіцца. Але ў іх будуць таксама свае аргументы. Таму гарантыяў, што справа будзе выйграная, ніхто не можа даць», — кажа спадар Алесь.

Па словах адваката, адмовы ў пасадцы на борт самалёта — даволі частая справа, і гэтак жа часта не атрымліваецца нічога з гэтым зрабіць.

Сапраўды, сітуацыя Яна — далёка не першая ў апошнія гады. «Белсат» расказааў раней пра выпадкі, калі авіякампаніі, пераважна лаўкостэры — WizzAir, Ryan Air — адмаўлялі ў пасадцы беларусам з польскімі падарожнымі дакументамі, а таксама з так званымі «Жэнеўскімі пашпартамі» — праязнымі дакументамі ўцекача. Пра падобныя выпадкі пісалі таксама і іншыя беларускія медыя.

Ва ўсіх выпадках беларусы сцвярджалі, што мелі ўсе неабходныя дакументы для палёту: і квіткі, і падарожныя дакументы, якія мусіць прызнаваць краіна вылету, краіна прылёту і краіна паходжання авіякампаніі.

Ва ўсіх выпадках у пасадцы адмаўлялі не працаўнікі пашпартнага кантролю, а прадстаўнікі авіякампаніі, што правяраюць квіткі і дакументы перад пасадкай. У некалькіх выпадках працаўнікі авіякампаніі не пагадзіліся даць пісьмовае пацверджанне адмовы ў пасадцы.

Што рабіць, калі не пускаюць на самалёт?

Ва ўсіх вядомых выпадках з падарожнымі дакументамі на борт не пускалі лаўкостэры — бюджэтныя авіякампаніі, якія прапануюць танныя палёты з меншымі выгодамі для пасажыраў. Буйныя авіякампаніі выкарыстоўваюць сістэмы правярання патрабаванняў дзяржаваў да падарожных дакументаў кшталту Timatic AutoCheck Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту (IATA).

Магчыма, лаўкостэры ашчаджаюць сярод іншага на такіх сістэмах. WizzAir мае доступ да сістэмы TravelDoc, якая адназначна кажа пускаць у Грузію і Чарнагорыю пасажыраў з польскім падарожным дакументам. Ryanair жа, магчыма, зусім не карыстаецца такімі сістэмамі — мае хіба спіс урадавых сайтаў з патрабаваннямі да падарожных дакументаў, але частка спасылак у гэтым спісе неактуальная і вядзе на пустыя старонкі.

Згодна з рэгуляцыяй Еўразвязу № 261/2004, авіякампанія можа адмовіць у пасадцы, калі ёсць «рэзонныя падставы»: рызыкі здароўю і бяспецы або неадпаведныя падарожныя дакументы. Аб праве перавозніка на нейкую альтэрнатыўную інтэрпрэтацыю заканадаўства аб праязных дакументах у рэгуляцыі не гаворыцца. Пасажыры маюць права на кампенсацыю, а перавознік абавязаны паказаць пасажыру, якому адмовілі ў пасадцы, дзе той можа пачытаць пра свае правы на кампенсацыю і дапамогу. У краінах па-за Еўразвязам могуць быць іншыя правілы адмовы, іх варта спраўдзіць перад вылетам.

Калі ўгаворы не дапамагаюць, трэба патрабаваць пацверджанне адмовы ў пасадцы, іначай за палёт могуць не вярнуць грошы. Калі адмаўляюцца, прасіць дапамогі работнікаў аэрапорту ці праваахоўнікаў: калі дапамагчы не змогуць, папрасіць іхныя кантакты, каб у выпадку суда яны змаглі пацвердзіць неправамоцную адмову.

Можна спрабаваць самастойна зафіксаваць на фота і відэа сваю прысутнасць у аэрапорце ў час перад пасадкаю, калі правілы адпаведнай краіны не забараняюць здымкі — у Польшчы з нядаўняга часу ў аэрапортах можа быць такая забарона. Калі ўсё гэта немагчыма, паспрабаваць сабраць іншыя доказы свайго з’яўлення на пасадку ў належны час.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула