«У крэдыт?» На Камароўцы знайшлі «залатую» чарэшню
На прылаўках сталічнага Камароўскага рынку днямі заўважылі па-сапраўднаму «залатую» чарэшню. За кілаграм адборнай іспанскай садавіны просяць 150 рублёў, а чарэшню крыху менш прэзентабельнага выгляду гатовыя аддаць не менш, чым за 120 рублёў за кіло. Telegraf.news паглядзеў, як выглядае сітуацыя з цэнамі на іншыя віды садавіны і ягад на сталічных рынках за некалькі тыдняў да пачатку летняга сезона.
Мяркуючы па каментарах, пакінутых карыстальнікамі тыктока пад відэа з «залатой» чарэшняй, цэны на гэтую ягаду пакуль усюды ў Беларусі ўражваюць.
«Залатая чарэшня. На сметнік хутка вывезуць. Гэта дакладна не па нашых грошах і заробках. Купілі б, калі гэта б выратавала ад страшнай хваробы або ад смерці», — адзначыла адна з глядачак.
Іншая расказала, што ў Гомелі чарэшня заўважаная «ўсяго толькі» за 90 рублёў, а трэцяя, з Мінска, агучыла нават большую суму, чым у аўтара роліка.
«220 рублёў — ГЦ Diamond, на першым паверсе гародніна/садавіна, адна там кропка. У пачатку тыдня былі, ашалела, калі ўбачыла», — расказала яна.
«Пайду браць крэдыт у банку», — жартам напісаў адзін з каментатараў, уразіўшыся «цэнамі за мяжой фантастыкі», а хтосьці прапанаваў купляць чарэшню паштучна.
«Я купіла дзве штучкі.. Аддала 4 рублі. Цана была 130 рублёў», — напісала адна з глядачак, якая, па яе словах, менавіта так і зрабіла.
Між тым, мяркуючы па афіцыйным акаўнце Камароўкі ў інстаграме, на рынку з'явіліся ў продажы і іншыя «летнія» ягады — буякі і клубніцы. Цэны на першыя пакуль таксама «кусаюцца» — прадаўцы просяць 79,9 рубля за кіло ягады іспанскай вытворчасці.
А вось цана на клубніцы ўжо не так шакуе шараговага пакупніка — кілаграм гэтай ягады на Камароўцы ўжо можна купіць за 13-25 рублёў.
Зрэшты, многія каментатары да цэнаў на свежыя ягады ў міжсезонне паставіліся са скепсісам.
«Гэта тое, без чаго я спакойна абыходжуся.. Таму цана мяне на гэты прадукт не напружвае», — напісала адна з каментатарак.
А вось пытанне цаны на якасную бульбу, мяркуючы па каментарах, беларусаў у гэтым сезоне ніяк не адпускае.
«Гэта катастрафічна дорага! І бульба нават за 10 рублёў — катастрофа!» — эмацыйна выказалася адна з глядачак відэа.
Чытайце таксама:
На рынку ў Гомелі з'явілася чарэшня. Пачым?
Як называюцца ягады і садавіна ў розных рэгіёнах Беларусі
Буракі па 10 рублёў і процьма танных клубніц. Актуальныя цэны на мінскай Камароўцы
На Камароўцы ў Мінску пачалі прадаваць першую маладую беларускую бульбу