«Калі вы зможаце пакінуць Швейцарыю?» — «Ніколі». Сталі вядомыя новыя факты пра апошні перыяд жыцця Магдалены Радзівіл
Даследчык-беларус з Масарыкавага ўніверсітэта ў чэшскім горадзе Брно Андрэй Калаур знайшоў у швейцарскім архіве новыя факты пра славутую мецэнатку Магдалену Радзівіл і падзяліўся імі ў фэйсбуку. Прах гэтай незвычайнай жанчыны ў 2018 годзе перапахавалі ў Мінску.
«Марыя Магдалена Радзівіл (1861-1945): «Але таму, што я люблю вас». Гэты выраз надрукаваў фрыбурскі часопіс La Liberté ў 1945 годзе. Такім чынам графіня адказвала, калі людзі пыталіся пра прычыну яе дабрыні. Якая, дарэчы, задакументаваная — Марыя перыядычна ахвяравала грошы ў Бюро дапамогі і начны прытулак Фрыбура, — піша Андрэй Калаур. —
Я амаль нічога не ведаў пра швейцарскі перыяд Радзівіл, а гэта болей за 10 гадоў жыцця! Быццам бы яна жыла ў манастыры або апекавалася сёстрамі-дамініканкамі ў прытулку, канчаткова збяднела.
Цяпер я магу з упэўненасцю сказаць, што няма ніякіх падстаў так лічыць. Асобная справа CH AEF DPc Etrangers 16616 Магдалены Радзівіл захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Фрыбура, каб з ёй азнаёміцца, трэба ехаць у Швейцарыю. Мне атрымалася даследаваць крыніцы.
Марыя не адразу пераехала ў Фрыбур. Спачатку перабралася з Літвы, грамадзянкай якой была, у Нямеччыну ў 1923 годзе. Адтуль пачалося яе падарожжа па Швейцарыі: у 1930 годзе яна жыла ў гатэлі ў Давосе; у 1931 годзе — у Берне і Цэрмаце, у віле Фрэй; у 1932-1933 гадах — у Лазане, у пансіянаце Цымермана; у 1933-1934 гадах — у Берне, у гатэлі «Мантана».
Выбар Фрыбура выглядаў невыпадковым — сталіца каталіцкага кантона (Радзівіл — зацятая каталічка), мясцовы ўніверсітэт традыцыйна прыцягваў літоўцаў (якіх яна фінансава падтрымлівала). Але нават тут яна не планавала заставацца надоўга, з’язджала ў Данцыг. У 1935 годзе засялілася ў прыватны пансіянат Sainte-Elisabeth (думала, што ўсяго на год).
Дзякуючы крыніцам можна рэканструяваць яе блізкае кола — баранэса Мацільда дэ Планіц (дзялілі адзін пансіянат), каталіцкі святар, ілюстратар і пісьменнік Цэслас Ржэвускі (1893-1983), прафесар Фрыбурскага ўніверсітэта прынц Максіміліян Саксонскі (займаўся тэмай уніі), літоўскія палітыкі, інтэрнаваныя вайскоўцы з польскага лагера.
У 1937 годзе Станіслаў Радзівіл (1914-1976) — дыпламат і дырэктар авіякампаніі — абараніў дысертацыю «Украінцы падчас вайны» у Фрыбуры (напэўна, бачыліся). У адным артыкуле яна нават узгадвалася як аташэ амбасады.
Радзівіл адносна збяднела. Яна атрымлівала ад сваёй дачкі пажыццёвую рэнту памерам 20 000 франкаў на год. Трэба разумець, што дачка — Марыя Чартарыйская і яе муж Адам Чартарыйскі валодалі, напрыклад, Ойцаўскім курортам, знакамітым гатэлем Ламбер у Парыжы. Таксама Радзівіл мела на трох швейцарскіх рахунках 18 000 франкаў. Хоць яе даход паменшыўся з-за вайны — у 1939 годзе яна атрымала 7 500 франкаў — гэта ўсё адно заставалася вялікай сумай (роўная гадавому заробку менеджара ў Жэневе ў 1940 годзе).
У дакументах яна пазначала Беларусь як краіну паходжання; падкрэслівала, што дасканала валодае французскай, англійскай і польскай мовамі, а рускую і нямецкую ведае так сабе. Адказваючы на пытанне, чаму пакінула краіну паходжання, пазначыла: «Бальшавікі канфіскавалі ўсе мае землі, а мне пагражалі забойствам».
З 1940 года графіня жыла з пашпартам замежніка, які кожны год трэба было падаўжаць. Калі Саветы акупавалі Літву, была вымушаная заплаціць кантону залог у 2 000 франкаў (як гарантыя, што ёсць грошы).
«Калі вы зможаце пакінуць Швейцарыю?» — «Ніколі, улічваючы мае гады і немагчымасць вярнуцца ў маю краіну».
Чытайце таксама:
Прах Магдалены Радзівіл перапахавалі ў Мінску
Алесь Сапега адшукаў у Лондане ўнікальныя ФОТЫ і лісты Магдалены Радзівіл