Пілот Lufthansa страціў прытомнасць у паветры. Самалёт 10 хвілін ляцеў без кіравання
Падчас рэйса авіякампаніі Lufthansa з Франкфурта ў Севілью самалёт Airbus A321 каля дзесяці хвілін ляцеў без дзеяздольнага пілота. Як вынікае з апублікаванай справаздачы іспанскай камісіі па расследаванні авіяцыйных здарэнняў, інцыдэнт здарыўся 17 лютага 2024 года на вышыні 10 700 метраў, піша Bild.
Фота ілюстрацыйнае
Капітан самалёта пакінуў кабіну для наведвання туалета, пасля чаго другі пілот раптам страціў прытомнасць — як мяркуецца, у выніку прыступу. Аўтапілот працягваў утрымліваць курс, але з-за становішча цела пілота, які знаходзіўся без прытомнасці, самалёт трохі адхіліўся ад курсу.
Спробы капітана вярнуцца ў кабіну не мелі поспеху: дзверы заблакаваліся, а ўваходны код не спрацаваў, бо другі пілот не мог пацвердзіць доступ.
Праз восем хвілін другі пілот апрытомнеў і адчыніў дзверы ўручную. Капітан неадкладна прыняў кіраванне і вырашыў здзейсніць экстранную пасадку ў Мадрыдзе, паколькі яго калега быў «бледны, пацеў і паводзіў сябе дзіўна».
Ужо ў аэрапорце пацярпелым заняліся лекары. У справаздачы гаворыцца, што прычынай страты прытомнасці стала раней не дыягнаставаная неўралагічная хвароба.
Чытайце таксама:
Праект зайшоў у тупік? Што з самалётам, які хацелі выпускаць у Беларусі
«Паперка, а не падстава для выезду». Беларуса з польскім праязным дакументам не пусцілі на самалёт
«Белавія» запускае на самалётах мультымедыйную сістэму для пасажыраў