Амерыканскі «Форбс» выйшаў з беларусам на вокладцы
Ігар Тульчынскі разам з бацькамі эміграваў у ЗША ў 11 гадоў. Цяпер ён мільярдэр, які гандлюе… ваганнямі на галоўнай біржы свету.
«Ігар Тульчынскі зрабіў мільярдны капітал, выкарыстоўваючы алгарытмы, каб перайграць жывых трэйдараў. Сёння ён ставіць на вялікія моўныя мадэлі, каб зрабіць свой хедж-фонд яшчэ больш разумным», — так характарызуе ўраджэнца Мінска Джон Хаят (John Hyatt) — аўтар артыкула ў Forbes, які ўзяў у яго інтэрв'ю.
Ад Мінска да Уол-стрыт: пачатак шляху
Тульчынскі нарадзіўся ў 1966 годзе ў Мінску ў сям'і музыкаў. У 1977 годзе, калі Ігару было 11, бацькі вырашылі эміграваць. Спачатку сям'я правяла тры месяцы ў Італіі, чакаючы статус бежанцаў, а затым пераехала ў ЗША, дзе за шэсць гадоў памяняла чатыры штаты. Гэты вопыт, паводле слоў Тульчынскага, навучыў яго не баяцца перамен і адаптавацца да іх.
Захоплены камп’ютарамі з дзяцінства, Ігар ужо ў 17 гадоў пісаў відэагульні. Атрымаўшы дыпломы бакалаўра і магістра па камп'ютарных навуках у Тэхаскім універсітэце, а затым MBA па фінансах і прадпрымальніцтве ва Уортанскай школе, Тульчынскі пачаў працаваць у буйным даследчым цэнтры ў галіне тэлекамунікацый, электронных і камп'ютарных сістэм AT&T Bell Labs, а потым перайшоў у трэйдынгавую фірму Timber Hill, заснаваную Томасам Пітэрфі, будучым мільярдэрам і заснавальнікам адной з найбуйнейшых біржавых платформаў у свеце Interactive Brokers.
У 1995 годзе Тульчынскі далучыўся да Millennium Management — аднаго з найбуйнейшых хедж-фондаў у ЗША, заснаванага Ізраэлем Інгландэрам.
Там ён вызначыўся як эксперт у гандлі па статыстычных алгарытмах (стратэгія «статыстычны арбітраж»). У пачатку 2000-х ён пачаў абмяркоўваць з Інгландэрам ідэю ўласнай кампаніі ў межах Millennium, што скончылася заснаваннем у 2007 годзе хедж-фонда WorldQuant.
Але пачатак быў цяжкім: праз 7 месяцаў пасля адкрыцця на рынку адбыўся крызіс хедж-фондаў. Тульчынскі сцвярджае, што своечасова вывеў грошы з рынку, што дазволіла пазбегнуць найгоршага.
Глабальная сетка і паляванне на таленты
Пасля аднаўлення фонд пачаў глабальную экспансію. Першы міжнародны офіс адкрыўся ў Кітаі, дзе з тысячы кандыдатаў ён наняў пецярых. Цяпер у WorldQuant працуюць 1000 чалавек у 27 гарадах 16 краін — ад Лондана да В'етнама.
Як і ўсе «кванты», Тульчынскі піша алгарытмы, якія аўтаматычна здзяйсняюць здзелкі на біржах, выкарыстоўваючы цэнавыя сігналы.
Спецыялізацыя WorldQuant — статыстычны арбітраж: гэта гандаль на дробных разыходжаннях цэнаў паміж рознымі акцыямі або партфелямі. Гэтыя алгарытмы (або «альфы») дазваляюць адкрываць доўгія і кароткія пазіцыі, а таксама прымяняць складаныя стратэгіі, дэталі якіх не раскрываюцца.
«Мы гандлюем рабізной, а не хвалямі», — кажа ён.
Цяпер Тульчынскі хоча «паскорыць фабрыку альфаў» з дапамогай штучнага інтэлекту (ШІ), каб ствараць новыя і больш эфектыўныя гандлёвыя мадэлі. Хоць ШІ і раней прымяняўся ў фондзе — для аналізу, прагнозаў і напісання кода — выкарыстанне вялікіх моўных мадэляў (LLM) менавіта для генерацыі стратэгій з'яўляецца навінкай. У справаздачы Сената ЗША па выкарыстанні ШІ ў хедж-фондах яны згадваюцца ўсяго адзін раз.
WorldQuant, дзе працуюць больш за 150 кандыдатаў навук (PhD) у галіне матэматыкі, ІТ і сумежных дысцыплін, добра падрыхтаваны да ўкаранення такіх рашэнняў. Па словах Тульчынскага, яны могуць навучаць LLM на ўласных даных і алгарытмах, каб тая пісала новыя стратэгіі і дапамагала вырашаць складаныя задачы. Пакуль праект на ранняй стадыі, але ўжо актыўна распрацоўваецца.
Як адзначае выданне, «Тульчынскі ператварыў сваю шматгадовую апантанасць данымі ў залатую жылу Уол-стрыт».
Валодаючы WorldQuant, ён кіруе $10 мільярдамі ад фонду Millennium Management. Акрамя таго, асобная сумесная структура з мільярдэрам Інгладэрам WorldQuant Millennium Advisors кіруе яшчэ $13 мільярдамі.
Ягоная асабістая маёмасць ацэньваецца ў $1,7 мільярда.
Апроч бізнэсу, Тульчынскі актыўна займаецца дабрачыннасцю: з 2013 па 2023 год ён уклаў $65 мільёнаў у свой фонд. Галоўны праект — WorldQuant University, бясплатны анлайн-універсітэт, заснаваны ў 2014 годзе, які прапануе магістратуру па фінансавай інжынерыі і іншых STEM-кірунках. Таксама ён інвеставаў у больш за 100 стартапаў і напісаў тры кнігі пра інвестыцыі. Цяпер працуе над чацвёртай — пра тое, як правільна скарачаць страты.
Як піша журналіст, у канцы размовы Тульчынскі з іроніяй адзначае: «Уявіце сабе, я нядаўна глядзеў на Беларусь праз Google Earth — там нібыта нічога не змянілася за 50 гадоў». І з гэтымі словамі выходзіць з кабінета.
Чытайце таксама:
Заснаваная беларусам кампанія запартнёрыцца з PayPal
Часопіс Time на сваёй новай вокладцы пасадзіў Ілана Маска за прэзідэнцкі стол