У Вільні і Варшаве прайшлі акцыі да Дня салідарнасці з палітвязнямі
Сама дата адзначаецца 21 мая — у гадавіну смерці палітвязня Вітольда Ашурка, якога не стала за кратамі.
Мітынг у Вільні. Фота: Офіс Ціханоўскай
У Вільні і Варшаве прайшлі акцыі да Дня салідарнасці з палітзняволенымі.
У Вільні прайшоў мітынг, а перад ім забег на 2334 метры — адсылка да артыкула 23.34 (па старым Адміністрацыйным кодэксе), па якім масава судзілі беларусаў за пратэсты.
Партрэт Вітольда Ашурка на акцыі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі ў Вільні. Фота: «Радыё Свабода»
На мітынгу прачыталі апошні ліст Вітольда Ашурка да маці Алены Міронаўны, у якім ён супакойваў яе і абяцаў хуткую сустрэчу, што ўжо ніколі не адбылася, піша «Радыё Свабода».
Сам Вітольд памёр 21 траўня 2021 года ў шклоўскай турме, а ягоная маці — праз тры гады ў Бярозаўцы на Гродзеншчыне.
Мітынг у Вільні. Фота: Офіс Ціханоўскай
Усяго каля віленскай катэдры стаяла сем партрэтаў са знічкамі і кветкамі ў памяць пра загінулых за кратамі палітвязняў.
У іншай інсталяцыі сярод дзясяткаў чорных кашуль, якія сымбалізавалі 1200 цяперашніх палітвязняў, было 7 белых кашуль — таксама ў памяць пра памерлых.
Чорныя і белыя кашулі на акцыі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі ў Вільні. Фота: «Радыё Свабода»
Святлана Ціханоўская на мітынгу звярнулася да беларусаў:
«Вітольд Ашурак верыў, што перамены хутка настануць — давайце і мы будзем у гэта верыць і змагацца далей. Бо самае простае — гэта паддацца адчаю і скласці рукі. Але мы з вамі не можам сабе дазволіць такой «раскошы». І чым больш мы будзем актыўныя, тым хутчэй яны настануць.
Мітынг у Вільні. Фота: Офіс Ціханоўскай
Я хачу звярнуцца да беларусаў у Беларусі. Дарагія, я ведаю, што вам цяжка, але цяпер не час для роспачы. Я ведаю, што вы не верыце прапагандзе, не верыце рэжыму і па-ранейшаму чакаеце пераменаў. І перамены абавязкова прыйдуць. Мы робім для іх і для вызвалення нашых палітвязняў усё магчымае».
У Варшаве прайшла акцыя «Шлях да волі праз кайданы». На ёй выступілі палітыкі Зянон Пазняк, Павел Латушка, журналіст Аляксей Дзікавіцкі, ксёнз Вячаслаў Барок, экс-палітвязынкі Ірына Шчасная, Антаніна Канавалава і іншыя, піша «Еўрарадыё».
Мітынг у Варшаве. Фота: Аляксей Дзікавіцкі