БЕЛ Ł РУС

У Літву на «супердроне» перакінулі 3000 пачак цыгарэт з Беларусі

18.05.2025 / 19:18

Nashaniva.com

Гэта рэдкасць — звычайна на дроне кантрабандыстам удаецца пераправіць у 10 разоў меней.

Фота тут і далей: Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы

У Шальчынінкайскім раёне Літвы, недалёка ад мяжы з Беларуссю, памежнікі пасадзілі беспілотнік, які перавозіў 3000 пачак кантрабандных цыгарэт. Пра гэта паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.

Увечары ў чацвер літоўскія памежнікі заўважылі каля вёскі Сакаліне дрон з грузам, што ляцеў з боку мяжы з Беларуссю ўглыб Літвы. Яны перахапілі кіраванне дронам і пасадзілі яго.

Пры аглядзе высветлілася, што груз складаўся з шасці стандартных скрынак з цыгарэтамі, абгорнутых празрыстай поліэтыленавай плёнкай. У кардонных скрынках з лагатыпамі Гродзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман» знаходзілася па 500 пачак цыгарэт «Minsk Superslims» з беларускімі акцызнымі маркамі — усяго 3000 пачак. Кошт гэтых цыгарэт з улікам усіх падаткаў, абавязковых для аплаты ў Літве, складае 14 460 еўра.

Звычайна дроны кантрабандыстаў, з-за невялікай грузападымальнасці, пераносяць 200—400 пачак цыгарэт, гэта значыць менш, чым змяшчаецца ў заводскай упакоўцы (50 блокаў, або 500 пачак). Дрон з 3000 пачкаў — рэдкая выключнасць. 

Пачата дасудовае расследаванне. За такі ўчынак законам прадугледжана або штраф, або пазбаўленне волі тэрмінам да чатырох гадоў.

Чытайце таксама:

Літоўскім памежнікам паўгода таму дазволілі страляць па метэазондах з беларускай кантрабандай, але тыя пакуль ні разу не стралялі

Літоўскія мытнікі не далі ўвезці з Беларусі царкоўны звон

Моцна скарацілася кантрабанда цыгарэт з Беларусі ў Літву

Каментары да артыкула