Амаль палова выпускнікоў дзявятых класаў паступаюць у каледжы
Такі выбар часта абумоўлены тым, што для паступлення ў гэтыя навучальныя ўстановы дастаткова дакументаў пра агульную базавую або сярэднюю адукацыю.
Амаль 50 % выпускнікоў дзявятых класаў аддаюць перавагу паступленню ў каледжы. Пра гэта распавяла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі — начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандра Пятрова, піша БелТА.
Паводле слоў А. Пятровай, для павышэння прэстыжу рабочых прафесій у Беларусі зроблена многае. Вялікае значэнне мае тое, што амаль палова школьнікаў паступаюць у каледжы пасля 9 класа. Такі выбар часта абумоўлены тым, што для паступлення ў гэтыя навучальныя ўстановы дастаткова дакументаў пра агульную базавую або сярэднюю адукацыю. Выключэнне складаюць толькі некаторыя творчыя спецыяльнасці, дзе неабходна ацаніць навыкі і здольнасці абітурыентаў.
Таксама з 2023 года каледжы маюць права павялічваць колькасць месцаў па напрамках, запатрабаваных эканомікай.
— Калі ёсць дадатковыя заяўкі на такую спецыяльнасць, то прыём установа можа павялічваць да 22 жніўня, — удакладніла А. Пятрова.
Спецыяліст звярнула ўвагу на тое, што лічбы прыёму ў каледжы штогод растуць. Паводле яе слоў, у 2025 годзе плануецца прыняць 28 тыс. чалавек на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі і амаль 39 тыс. (30 тыс. з іх — на бюджэтнай аснове) — сярэдняй спецыяльнай.
А. Пятрова таксама адзначыла станоўчую тэндэнцыю павелічэння колькасці асоб, якія паступаюць у каледжы на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі.