Грузія цалкам забараніла рээкспарт аўто ў Расію і Беларусь. Што гэта азначае для беларусаў на практыцы?
Днямі пачало з'яўляцца ўсё больш інфармацыі пра тое, што грамадзяне Беларусі больш не могуць вывезці машыну з Грузіі. Разабраліся, што змянілася.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Што адбываецца?
Пасля таго, як у пачатку лета 2024 года літоўская мытня перастала афармляць транзіт у Беларусь для аўтамабіляў з ЗША з аб’ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра, а таксама для гібрыдаў і электрамабіляў, літоўскі порт Клайпеда ў ланцужку дастаўкі такіх аўто быў заменены на грузінскі порт Поці.
Адметна, што на той момант у Грузіі ўжо амаль год дзейнічала забарона на рээкспарт машын у Беларусь і Расію, але гэтыя абмежаванні не распаўсюджваліся на фізічных асоб.
Цяпер жа, як вынікае з паведамленняў у СМІ, а таксама па інфармацыі ад кампаній, што займаюцца дастаўкай аўто са Штатаў, у Грузіі з 15 мая перасталі афармляць экспарт на беларускі або расійскі пашпарт — нават калі прадаўцом выступае фізічная асоба.
Машыны беларусаў цяпер захраснуць у Грузіі, як некалі ў Літве?
На першы погляд можа падацца, што «лавачка» прыкрылася, але гэта не так. Для аўто з ЗША, якія дастаўляюцца з Грузіі ў Беларусь аўтавозамі, нічога не зменіцца, бо транспартныя кампаніі і кампаніі-пасярэднікі навучыліся адразу афармляць дакументы так, нібыта канчатковы пакупнік аўтамабіля — з Казахстана або Кыргызстана.
Падобна, што гэтая схема будзе працаваць, як і раней. А вось вываз машын з Грузіі ў Беларусь сваім ходам стане немагчымым, бо схема з перапродажам аўто праз грузінскую «вешалку»-фізасобу з 15 мая ўжо не працуе.
Гэтыя новаўвядзенні закрануць як тых, хто замаўляў машыну з ЗША і хацеў зэканоміць на дастаўцы, так і тых пакупнікоў і перакупшчыкаў, якія самастойна набывалі машыны ў Грузіі.
Рэч у тым, што ў Грузіі перапродаж аўтамабіляў са Штатаў — вельмі распаўсюджаны від бізнэсу. Таму прыгон амерыканскай машыны з гэтай краіны раней быў звычайнай справай. Такія аўто пакупнікі з Беларусі дастаўлялі сваім ходам, што цяпер стала немагчымым.
Глабальных змен, як гэта было ў выпадку з абмежаваннямі, якія летась увяла Літва, не адбудзецца. У большасці выпадкаў і падсанкцыйныя амерыканскія аўто працягнуць трапляць у Беларусь праз Грузію.
Аднак ахвотным набываць машыну з ЗША такім спосабам варта разумець, што гэтая схема знаходзіцца па-за законам.
Існуюць дзве асноўныя рызыкі
1. Фармальны ўласнік — не вы
Амаль на ўсім шляху з ЗША да Беларусі машына належыць не вам, а нейкай падстаўной кампаніі ці чалавеку з Казахстана або Кыргызстана. У выніку ў Беларусі ўжо хапае людзей, якія засталіся без грошай і без машыны, — праз тое, што фармальны ўласнік вырашыў стаць яшчэ і фактычным.
2. Змена пазіцыі Грузіі
Няма гарантыі, што з часам грузінскія ўлады не вырашаць узмацніць кантроль за рээкспартам аўтамабіляў у Казахстан і Кыргызстан.
Абмежаванні, уведзеныя 15 мая, многія назвалі спробай Грузіі дыстанцыявацца ад статусу краіны, праз якую Расія абыходзіць санкцыі.
Сачыце за лічбамі
Для разумення маштабаў: у 2024 годзе экспарт аўтамабіляў стаў ключавым кампанентам знешняга гандлю Грузіі, складаючы 37% ад агульнага экспарту краіны. Агульны аб’ём экспарту аўтамабіляў дасягнуў $2,43 мільярда.
Для параўнання: у даваенным 2021 годзе экспарт аўтамабіляў з Грузіі склаў $417,6 мільёна, што адпавядала 10,9% ад агульнага аб’ёму экспарту. Асноўнымі кірункамі экспарту тады былі Азербайджан, Арменія і Украіна.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Аднак за апошнія гады змяніліся не толькі лічбы, але і асноўныя краіны — пакупнікі аўто. На першым месцы цяпер Кыргызстан, на другім — Казахстан (абедзве краіны ўваходзяць у ЕАЭС). А ранейшы лідар Азербайджан скаціўся на трэці радок. У сувязі з гэтымі зменамі ў СМІ нярэдка гучаць здагадкі, што частка машын, якія нібыта накіроўваюцца ў краіны Сярэдняй Азіі, у выніку асядаюць у Расіі.
А што можна прывесці без рызыкі?
Беларусы могуць набываць такія аўто ў ЗША:
— з аб’ёмам рухавіка да 1,5 літра і з любым клірэнсaм;
— з аб’ёмам рухавіка ад 1,5 да 1,9 літра і клірэнсам да 165 мм;
— аўтамабілі, старэйшыя за 5 гадоў, з аб’ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра і клірэнсам да 165 мм.
Аўтамабілі, што адпавядаюць гэтым крытэрам, можна дастаўляць праз літоўскі порт Клайпеда.