БЕЛ Ł РУС

Прокурорка, якая ўдзельнічала ў палітычных працэсах, стала адвакаткай

19.05.2025 / 16:24

Nashaniva.com

Былая намесніца пракурора Фрунзенскага раёна Мінска Крысціна Асран на пачатку мая здала экзамен на тое, каб працаваць адвакатам. На гэта звярнуў увагу праваабарончы сайт defendersbelarus.org, піша «Радыё Свабода».

На сваёй папярэдняй пасадзе Крысціна Асран падтрымлівала дзяржаўнае абвінавачанне ў сотнях спраў, у тым ліку і палітычных. У прыватнасці, яна прасіла 3 гады «хіміі» для інжынера-праграміста Сцяпана Чыкілёва, якога збіў мікрааўтобус падчас пратэстаў 15 лістапада 2020 года.

Таксама яна выступала на баку абвінавачання ў справе Юліі Аніскевіч, якую асудзілі на два гады «хіміі» за некалькі каментароў. Прычым кожны наступны каментар разглядалі як паўторнае злачынства, што абцяжарвала адказнасць.

На працэсе супраць Ігара Пражэннікава яна прасіла для яго паўтара года калоніі за ўдзел у пратэстах.

Таксама Крысціна Асран выносіла прадпісанне пра выплату на карысць МНС выдаткаў, звязаных з дэмантажом сцяга ў мінскім квартале «Каскад».

Пераход у адвакаты супрацоўнікаў праваахоўных органаў — не рэдкасць. Больш за тое, у Беларусі для іх створаныя льготныя ўмовы ўваходу ў прафесію.

Чытайце таксама:

Алег Талерчык пра тое, чаму пракурорамі і суддзямі любяць ставіць жанчын

У адстаўку адправілі адыёзную наваполацкую суддзю Зінаіду Балаболаву — на яе рахунку некалькі дзясяткаў палітычных працэсаў

Былая гомельская суддзя-«кілер» уладкавалася на працу ў «Дабраном»

Каментары да артыкула