Старшыня Следчага камітэта: За пратэсты 2020 года асудзілі больш за 6000 чалавек
Пасля 2020 года ў Беларусі 77 чалавек асудзілі за «здраду дзяржаве».
Дзмітрый Гара. Фота: БелТА
За пратэсты 2020 года ў Беларусі асуджаныя больш за 6000 чалавек.
«Следствам устаноўленыя і сабраныя доказы, якія дазволілі асудзіць больш за 6 тысяч экстрэмістаў, якія выношвалі планы фізічнай ліквідацыі кіраўніцтва краіны, змены канстытуцыйнага ладу і прывядзення ва ўлады антынароднага марыянеткавага ўрада.
Адным з інструментаў дасягнення злачыннай мэты абраная тактыка цкавання і расправы ў дачыненні да дзяржаўных службоўцаў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, вайскоўцаў, іх сем'яў і блізкіх. Экстрэмісцкія тэлеграм-рэсурсы фармавалі расстрэльныя спісы прадстаўнікоў улады і сілавікоў», — заявіў старшыня Следчага камітэта Дзмітрый Гара, выступаючы на Пецярбургскім міжнародным юрыдычным форуме 19 мая.
Па яго словах, пасля 2020 года ў Беларусі 77 чалавек асудзілі за «здраду дзяржаве».
Гара заявіў таксама, што пяць кіраўнікоў добраахвотніцкіх фармаванняў, якія ваююць за Украіну і знаходзіліся за мяжой, завочна асудзілі на тэрміны ад 12 да 20 гадоў. Ён дадаў, што 6 чалавек узятыя пад варту, 125 абвешчаныя ў вышук.
Чытайце таксама:
У расійскую базу вышуку за паўгода дадалі больш за 1200 беларусаў. Шмат вядомых прозвішчаў
Пакаянне за палку каўбасы. Як за дапамогу сем’ям палітвязняў асудзілі 39 чалавек