Грамадства22

Пакаянне за палку каўбасы. Як за дапамогу сем’ям палітвязняў асудзілі 39 чалавек

Год таму па ўсёй Беларусі амаль адначасова за харчовую і грашовую дапамогу сваякам палітвязняў затрымалі амаль 300 чалавек. У выніку 39 з іх асудзілі паводле крымінальных артыкулаў, паведамляе «Радыё Свабода».

Наталля Ладуцька. Фота: «Вясна»

174 следчыя

23—24 студзеня 2024 года КДБ Беларусі правёў па ўсёй краіне рэйд. У яго выніку спецслужбы затрымалі больш за 300 чалавек. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, толькі 23 студзеня 2024 году ў затрыманнях удзельнічалі 174 следчыя. Яны паказвалі людзям пастановы з артыкулам 361-1 ч. 1 і ч. 3 Крымінальнага кодэкса — «стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім».

Большасць затрыманых падчас тых падзей склалі жанчыны сталага веку, многія з іх пенсійнага ўзросту. Прычынай зацікаўленасці з боку КДБ стала дапамога сем’ям палітвязняў ад ініцыятывы INeedHelpBY, якую ў той дзень улады прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». Затрыманых абвінавачвалі ў тым, што яны дасылалі грашовыя пераводы або замаўлялі прадукты з анлайн-гіпермаркетаў для сем’яў, у якіх сваякі сядзелі ў турмах.

«А шостай раніцы 6 чалавек у балаклавах уварваліся ў кватэру да маёй сястры, перапалохалі дзяцей, суседзяў, нарабілі гвалту. Учынілі ператрус, што шукалі — невядома, забралі тэлефоны і тэхніку», — расказвала сястра адной з затрыманых беларусак.

«Пазней нам стала вядома, што сястру затрымалі за харчовую дапамогу ад ініцыятывы INeedHelp. Але якое злачынства ў тым, што жанчына, муж якой сядзіць і не можа забяспечыць сям’ю, дзяцей, атрымала ад добрых людзей кілаграм грэчкі і літр алею?» — казала іншая суразмоўца.

«Дапамагала людзям са сваёй пенсіі»

60-гадовую пенсіянерку Наталлю Ладуцьку затрымалі 23 студзеня 2024 года. У адрозненне ад многіх іншых затрыманых у тыя дні беларусак, Наталлю пакінулі пад вартай і пасля абвінавацілі паводле крымінальнага артыкула. Працэс па яе справе пачаўся 16 студзеня 2025 года, усяго па ёй правялі 6 судовых пасяджэнняў, жанчыне выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). 11 лютага суддзя Яўген Пісарэвіч прызнаў Наталлю вінаватай і прысудзіў ёй 4 гады пазбаўлення волі.

«Наталлю вельмі непакоіла тое, што ў многіх людзей, якія апынуліся за кратамі пасля 2020 года, няма сваякоў, якія маглі б рабіць перадачы. І яна дапамагала ў першую чаргу такім людзям, у якіх няма родных. Дасылала перадачы, пераводы, ашчаджала са сваёй пенсіі. Цяпер, з іроніі лёсу, Наталля сама апынулася ў такім жа стане, бо яе адзіны сын вымушаны быў з’ехаць з Беларусі», — расказвае ў размове са «Свабодай» сябра сям’і Андрэй (імя змененае дзеля бяспекі).

Асуджаная Наталля Ладуцька не была палітычнай ці грамадскай актывісткай, пра яе вядома няшмат. Паводле адукацыі эканамістка, усё жыццё працавала галоўнай бухгалтаркай, нядаўна выйшла на пенсію. Суразмоўца «Свабоды» кажа, што Наталля заўсёды была неабыякавай да чужога гора. На пенсіі даглядала двух сабак. Аднаго з іх забрала літаральна са сметніка — нехта проста выкінуў шчанюка. Другога ўзяла дадому з прытулку.

«Для Наталлі было вельмі важна дапамагаць менавіта кінутым жывёлам — не купляць пародзістых, а ратаваць тых, хто ў бядзе. Сабак завуць Вэста і Тор. Наталля захапляецца міфалогіяй. Вэста — рымская багіня хатняга агменю, а Тор у германска-скандынаўскай міфалогіі — бог перуна і маланак. Зараз сабакі трапілі ў добрыя рукі, да яе сяброў», — расказвае сябра сям’і.

Паводле яго, Наталля таксама ўсё жыццё была заўзятай турысткай. Узімку хадзіла на лыжныя паходы, улетку — у пешыя вандроўкі з заплечнікам і намётам. Яна захапляецца літаратурай.

«У яе шыкоўная бібліятэка, шмат беларускай літаратуры і замежнай класікі. Заўсёды Наталля звярталася да Мантэня, да ягоных «Спробаў». У турме для яе вельмі важна было прачытаць Германа Гесэ «Стэпавы воўк», Харукі Муракамі. З беларускай класічнай літаратуры яна захапляецца Караткевічам, Быкавым, з сучасных — Марціновічам, асабліва ягоным раманам «Мова». Наталля патрыётка Беларусі. Яе заўсёды цікавіла беларушчына», — кажа сябра Наталлі.

Акрамя 4 гадоў пазбаўлення волі, Наталлі прысудзілі штраф 25 200 рублёў. Гэта каля 35 сярэдніх месячных пенсій.

«Калі не дапамагаць, то што ж мы за людзі?»

64-гадовая Ірына Такарчук — маці былой палітзняволенай, блогеркі Вольгі Такарчук, якую асудзілі на паўтара года зняволення. Пасля затрымання Вольгі яе бацькі пачалі ездзіць у турму ў Жодзіна, дзе пазнаёміліся з бацькамі іншых палітвязняў.

«Мама давала парады, кансультацыі, што лепш перадаваць, як спакаваць, што даўжэй захоўваецца. Яна заўсёды была вельмі чуллівая да чужога гора, паўтарала: «Маё дзіця за кратамі. Для мяне наогул няма чужых дзяцей, а калі цябе пасадзілі, гэта я зразумела яшчэ мацней. Калі не дапамагаць, то што ж мы за людзі?»» — кажа Вольга Такарчук, якая ўжо адбыла свой тэрмін.

Яе бацькі займаліся валанцёрствам, афармлялі перадачы іншым. Яны дапамагалі сям’і Руслана Лінніка, чые пажылыя хворыя бацькі не ўмелі карыстацца электроннай поштай і тэлеграм-каналамі. Ірына Такарчук праз сваю паштовую скрыню афармляла для іх харчовыя кошыкі.

«Калі я выйшла на волю, мы разам пачалі дапамагаць. Збіралі дзяўчат у калонію, бо я ведала, што дзе трэба купляць, дзе танней, што больш якасна», — узгадвае Вольга.

23 студзеня 2024 года раніцай супрацоўнікі КДБ спачатку прыйшлі да Вольгі. Напалохалі малых дзяцей, жанчыну забралі на допыт, дзе пыталіся пра «Е-дастаўку» (сэрвіс анлайн-замовы прадуктаў), хто ёй прысылаў прадукты.

Вольга адказала, што падпісчыца яе сацыяльных сетак. Потым сілавікі паведамілі, што едуць да яе маці. У выніку Ірыну Такарчук таксама прывезлі ў КДБ.

Вользе прапанавалі напісаць яўку з прызнаннем.

«Я запыталася: «У чым мне прызнавацца? Што падпісчыца дапамагала каўбасой?» Мне цалкам сур’ёзна адказалі: «Напішы чыстасардэчнае прызнанне, што ты раскайваешся і больш не будзеш браць каўбасу ў падпісчыкаў».

Маму затрымалі, яна перажыла моцны стрэс і невядомасць — што са мной, што з мужам. Гэта былі вельмі страшныя для ўсёй сям’і часы.

Мама спадзявалася на «хімію», яна не была маральна гатовая, што ёй дадуць рэальны тэрмін. Суд быў вельмі цяжкі — стомленасць, разгубленасць. Маме далі 3 гады рэальнага тэрміну ў калоніі», — расказвае Вольга Такарчук.

У выніку гэтых падзей сям’ю Такарчукоў фактычна разбурылі. Сама Вольга з дзецьмі апынулася ў Літве. Яе маці Ірына — у турме. Бацька з’ехаў у Польшчу. Сястра засталася ў Мінску, каб даглядаць бабулю.

«Той, які з жанчынамі не ваюе, 23 студзеня мінулага года зладзіў такую «дзіч» з бабулямі! Я калі чытала прысуды, каго забралі, у мяне на галаве валасы дыбам уставалі. Такія сталыя жанчыны, якія і так ужо маюць не вельмі добрае здароўе, трапілі ў турму — гэта ж набліжэнне да смерці сямімільнымі крокамі!

Мама пісала ў лісце, калі яны яшчэ даходзілі: «Мне вельмі шкада, што я за дапамогу трапіла ў турму. У мяне адабралі самыя каштоўныя гады маёй сталасці. Замест таго, каб рэшту жыцця правесці з мужам, з унукамі, я сяджу ў турме»», — расказвае Вольга Такарчук.

«Адвольны пераслед людзей»

Паводле звестак праваабаронцаў, жанчын 23—24 лютага 2024 году затрымлівалі па ўсёй Беларусі. У Жабінцы, Магілёве, Жлобіне, Брэсце, Мінску, Оршы, Салігорску, Баранавічах. Пад пераслед трапілі прадстаўніцы самых розных прафесій: доктаркі, бібліятэкаркі, бухгалтаркі, перакладчыцы.

Масава судзіць затрыманых у канцы студзеня 2024-га пачалі ў лютым таго ж года. Абвінавачванне было збольшага аднолькавым — «Выкарыстанне замежнай дапамогі для ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці», артыкул 24.15 КаАП. Раней у Беларусі яго не выкарыстоўвалі. Праваабаронца «Вясны» Павел Сапелка назваў такую практыку «адвольным пераследам людзей, якія не парушылі ніякіх юрыдычных правіл».

Усяго па адміністрацыйных справах асудзілі больш за 150 чалавек. Вядома пра амаль сотню судовых рашэнняў, якімі людзі атрымалі штрафы на агульную суму 1325 базавых велічынь (каля 56 тысяч рублёў) і 242 тысячы рублёў — у межах кампенсацыі «харчовых кошыкаў». 120 чалавек засталіся без адміністрацыйных пратаколаў. Бальшыня з іх выпадковыя людзі, якія карысталіся «Е-дастаўкай» з «Еўраопту» ці з «Гіпа». Такую інфармацыю далі «Свабодзе» праваабаронцы ініцыятывы Dissidentby.

Супраць 39 чалавек пасля серыі затрыманняў 23—24 лютага завялі крымінальныя справы. Людзей асудзілі на 3—5 гадоў калоніі ці на так званую «хатнюю хімію». Вікторыя Дамастой атрымала 5 гадоў пазбаўлення волі, Алеся Дзернакоўская, Наталля Ладуцька, Тацяна Сцепа — 4 гады, Алеся Сяргеенка, Наталля Малец, Алена Бобр — 3 гады і 6 месяцаў, Ірына Такарчук, Кацярына Мендрык, Ірына Бандарэнка, Алена Дземянчук, Ала Дзясяцік, Надзея Лескавец, Аксана Ляпко, Ксенія Суша, Наталля Давыдуліна — 3 гады.

Тры гады маці пяцярых дзяцей

Наталля Давыдуліна са Жлобіна, яе старэйшы сын Дзяніс — былы палітвязень. Яго асудзілі на паўтара года калоніі за тое, што ў ноч на 10 жніўня 2020 года ён «выходзіў на праезную частку і аказваў актыўнае непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі».

З сацыяльных сетак вядома, што ў Наталлі з мужам вялікая сям’я — пяцёра дзяцей, сярод якіх адна дачка цяпер яшчэ вучыцца ў малодшай школе.

Дапамогу іншым палітзняволеным кваліфікавалі як «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

48-гадовую Наталлю Давыдуліну асудзілі на 3 гады калоніі.

Тры гады за 188 рублёў

Жыхарцы Брэста Ірыне Пагадаевай 56. У канцы 2023 года яе ўключылі ў спіс датычных да фэйсбуку-суполкі «Лісты салідарнасці», якую прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». Затрымалі Ірыну 6 траўня 2024 года.

Агулам у справе Ірыны Пагадаевай фігуравалі 32 эпізоды: жанчына слала грошы палітвязням у СІЗА Мінска, Гомеля ды іншых гарадоў. Пераважна гэта сумы ў 4—5 рублёў. Агулам за няпоўныя паўтара года (жнівень 2021 — снежань 2022) са свайго бібліятэкарскага заробку яна адправіла 188 рублёў. У апошнім слове Ірына казала, што «ажыццяўляла грашовыя пераводы ў СІЗА выключна праз спагаду да затрыманых і жаданне дапамагчы тым, хто апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі». На суд Ірыну прывозілі ў кайданках. У яе двое дзяцей, малодшай дачцэ 14 гадоў.

Яшчэ адну бібліятэкарку, Ксенію Сушу з Мінска, таксама асудзілі на 3 гады. У Ксеніі двое непаўналетніх дзяцей.

Чатыры гады лекарцы-дэрматолагу з Мінска

Доктарцы Дзернакоўскай, якая таксама трапіла пад пераслед падчас студзеньскага рэйду, 48 гадоў.

У 1992 годзе яна скончыла Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, спецыяльнасць «лячэбная справа». На наступны год атрымала спецыяльнасць педыятра. У 2006 годзе вывучылася на дэрматолага і касметолага.

Пастаянна павышала кваліфікацыю, мае найвышэйшую катэгорыю.

Апошнія гады працавала ў прыватных медыцынскіх цэнтрах «Сёмае неба», «Марк Эстэтык» і «МедАвеню».

Прысуд: 4 гады калоніі.

Наймаладзейшая асуджаная — 26 гадоў

Кацярына Мендрык нарадзілася ў Лідзе, яшчэ ў дзяцінстве пераехала ў Гродна.

Вучылася ў Варшаўскім універсітэце, пэўны час жыла ў Польшчы.

Да затрымання ў крымінальнай справе за грашовыя пераводы і пасылкі ў СІЗА Кацярыну прынамсі двойчы асудзілі паводле палітычных адміністрацыйных артыкулаў.

Яе затрымалі 28 студзеня 2024 года, пасля студзеньскага рэйду, калі яна вярталася ў Беларусь (на момант рэйду дзяўчына знаходзілася за мяжой).

Прысуд: 3 гады калоніі.

5 гадоў за данаты

Сярод асуджаных ёсць і мужчына — бізнэсмен Сяргей Юнчык. Ён перавёў 1300 рублёў арганізацыям «Беларуская рада культуры», «Краіна для жыцця», Dissidentby, а таксама 500 рублёў 24 палітвязням.

Прысуд: 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 21 тысяча рублёў.

Такія прысуды ў студзені 2025 года сталі працягам адвольнага пераследу людзей, якія не парушылі ніякіх юрыдычных правіл, адзначаюць праваабаронцы.

Каментары2

  • беларус - главный враг
    18.02.2025
    Для скотного двора лукашенко, помощь беларуса беларусу - главная угроза и опасность. Тем более, если эта помощь идёт мимо скотного двора и его кассы.
  • Maryia
    18.02.2025
    Вязні сумлення

Што за 17-гадовы стартапер, які выліў цэбар хлусні на Лібера на радасць беларускім спецслужбам7

Што за 17-гадовы стартапер, які выліў цэбар хлусні на Лібера на радасць беларускім спецслужбам

Усе навіны →
Усе навіны

Правы кандыдат Сіміён нечакана прайграў на выбарах прэзідэнта Румыніі і ўжо прызнаў паразу3

Фермеры наракаюць: ураджай будзе малы. Такіх частых замаразкаў не назіралі апошнія 30 гадоў5

У Джо Байдэна знайшлі рак у агрэсіўнай форме3

У Польшчы ў другі тур выходзяць мэр Варшавы Тшаскоўскі і гісторык Наўроцкі 32

Экзіт-полы ў Румыніі: Цэнтрыст Дан перамагае на выбарах са значным адрывам15

Праграмістка з Мінска: Я зарабляю 12 тысяч рублёў у месяц. Пры гэтым практычна ўвесь хатні побыт на мне12

«Як купіла сукенку на смерць 38 гадоў таму, так і ляжыць». Бабуля з вёскі паказала свой куфар2

У Беларусі хочуць пастрожыць правілы выдачы пазык

Вы кажаце, што ШІ заменіць чалавека? Вы не разумееце натуры чалавека3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што за 17-гадовы стартапер, які выліў цэбар хлусні на Лібера на радасць беларускім спецслужбам7

Што за 17-гадовы стартапер, які выліў цэбар хлусні на Лібера на радасць беларускім спецслужбам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць