БЕЛ Ł РУС

Каму Лукашэнка апошнім часам давярае сваю ахову?

19.05.2025 / 22:24

Nashaniva.com

Выданне «Люстэрка» вывучыла, якія супрацоўнікі Службы бяспекі суправаджаюць палітыка ў ягоных паездках апошнія паўгода. Пра іх удалося даведацца пры дапамозе Belpol і «Кіберпартызан».

Супрацоўнікі службы бяспекі Лукашэнкі падчас аховы яго на мерапрыемствах. Калаж «Люстэрка» з кадраў дзяржСМІ

Экс-дэсантнік, які ходзіць па слядах

Самая нядаўняя замежная «вылазка» Лукашэнкі — паездка ў Маскву на парад 9 мая. У гэтым падарожжы «ценем» палітыка быў целаахоўнік Павел Лагун. Менавіта ён сустракаў свайго начальніка з самалёта і аўтамабіля, знаходзіўся побач падчас размовы з журналістамі і стаяў за трыбунай, пакуль палітык назіраў за дэманстрацыяй вайсковай тэхнікі.

Павел Лагун дапамагае Лукашэнку выйсці з аўтамабіля. 9 мая 2025 года. Кадр з відэа прэс-службы палітыка

Павел Лагун стаіць за трыбунай, пакуль Лукашэнка глядзіць парад. 9 мая 2025 года. Кадр з відэа ютуб-канала news.by

У той жа дзень палітык вярнуўся ў Менск і выступіў ужо на «сваім» парадзе. Калі пасля мерапрыемства Лукашэнка адправіўся пагутарыць з вайскоўцамі, Лагун зноў знаходзіўся за яго спінай.

Павел Лагун стаіць за спінай Аляксандра Лукашэнкі. Мінск, 9 мая 2025 года. Кадр відэа YouTube-канала news.by

Менавіта Лагун, дарэчы, быў побач з Лукашэнкам 30 снежня 2020 года, калі той наведваў вайсковую часць мінскага АМАПа і дзякаваў сілавікам «за мужнасць, стойкасць, вернасць прысязе і свайму народу». Яго можна было заўважыць на здымках прэс-службы палітыка і ў наступныя гады.

Пашпартнае фота Паўла Лагуна. Фота: blackmap.org

Павел — ураджэнец Баранавічаў, яму 39 гадоў, вынікае са звестак Belpol. У мінулым ён служыў у вайсковай часці 92700, якая ўваходзіць у склад 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады з Брэста. Таксама ён працаваў у Беларускай вайсковай акадэміі, лічыўся там намеснікам начальніка і начальнікам курса. Калі ён далучыўся да службы бяспекі Лукашэнкі, з даступных звестак невядома.

Майстар спорту хуткага рэагавання

Да гэтага Лукашэнка лётаў да Пуціна на неанансаваную сустрэчу «сам-насам» у красавіку гэтага года. У паездцы яго суправаджаў супрацоўнік службы бяспекі Дзмітрый Чапля.

Дзмітрый Чапля суправаджае Лукашэнку падчас замежнага візіту. Масква, 29 красавіка 2025 года. Кадр з відэа прэс-службы палітыка

Пашпартнае фота Дзмітрыя Чаплі. Фота: blackmap.org

Дзмітрыю 34 гады, ён прапісаны ў Мінску. Па даных «Кіберпартызан», у службе бяспекі ён знаходзіцца з 2016 года, да гэтага служыў у спецыяльным атрадзе хуткага рэагавання (вайсковая часць 3032) і ў спецназе МУС (в/ч 3214), дзе камандаваў узводам.

У 2018 годзе Дзмітрый атрымаў званне майстра спорту ў дысцыпліне «шматбор'е целаахоўнікаў».

Вельмі дасведчаны ахоўнік

Яшчэ часцей побач з Лукашэнкам можна заўважыць Мікалая Баярына. Ён ахоўваў палітыка падчас майскай паездкі ў Маскву, таксама засвяціўся на кадрах за 13-14 сакавіка 2025 года, калі палітык лётаў у Крэмль на перамовы з Пуціным.

Мікалай Баярын суправаджае Лукашэнку падчас замежнага візіту. Масква, 13 сакавіка 2025 года. Кадр з відэа прэс-службы палітыка

Мікалай Баярын суправаджае Лукашэнку падчас замежнага візіту. Масква, 9 мая 2025 года. Кадр з відэа ютуб-канала news.by 

Баярына можна ўбачыць побач з Лукашэнкам і падчас візітаў унутры краіны. Напрыклад, ён ішоў за начальнікам падчас працоўнай паездкі ў Аршанскі раён у красавіку гэтага года.

Мікалай Баярын суправаджае Лукашэнку падчас працоўнай паездкі. Аршанскі раён, 21 красавіка 2025 года. Кадр з відэа ютуб-канала БелТА

Пашпартнае фота Мікалая Баярына. Фота: luka.zone

Цяпер Мікалаю 41 год, ён прапісаны ў Мінску, вынікае са звестак «Кіберпартызан». У вайсковай часці 01549, якая адказвае за бяспеку Лукашэнкі, Баярын лічыцца як мінімум з 2006 года — гэта значыць ужо амаль 20 гадоў.

У даступных базах даных ёсць інфармацыя пра вучобу ў сярэдняй школе, аднак не захавалася ніякай іншай інфармацыі пра яго адукацыю або працу.

Хакеіст і спадарожнік на прадпрыемствах

Яшчэ адзін целаахоўнік, які суправаджае Лукашэнку ў паездках па краіне, — Андрэй Пархімовіч. Менавіта ён разам з палітыкам наведваў храм у Талачыне на Вялікдзень, аглядаў завод «Інтэграл» у лютым гэтага года і вывучаў новыя станцыі метро напярэдадні Новага года.

Андрэй Пархімовіч суправаджае Лукашэнку падчас працоўнай паездкі. Талачын, 20 красавіка 2025 года. Кадр з відэа ютуб-канала БелТА

Андрэй Пархімовіч суправаджае Лукашэнку падчас працоўнай паездкі. Мінск, 30 снежня 2024 года. Кадр з відэа ютуб-канала БелТА

Пашпартнае фота Андрэя Пархімовіча. Фота: luka.zone

Пархімовічу 39 гадоў, ва ўцеклых базах даных захаваліся ягоныя адрасы ў Мінску і Фаніпалі. Паводле інфармацыі «Кіберпартызан», ён служыць у службе бяспекі як мінімум з 2010 года. Да гэтага ён лічыўся ў дабрачынным фондзе «Памяць Афгана».

Таксама Андрэй гуляе ў хакей у камандзе «Легіён» на пазіцыі абаронцы. Яна дэбютавала ў аматарскім хакейным чэмпіянаце Мінска ў 2024 годзе, 23 з 29 яе гульцоў — былыя або дзейныя супрацоўнікі Службы бяспекі Лукашэнкі.

Андрэй Пархімовіч (справа) пасля гульні аматарскай хакейнай каманды «Легіён». Мінск, 21 сакавіка 2025 года. Фота: Instagram-акаўнт sport club hockey

Былы сабравец, які заўсёды побач

Таксама падчас паездак Лукашэнкі па краіне на відэа трапляе яшчэ адзін целаахоўнік. Гэта Дзмітрый Герасімчык. Ён суправаджаў палітыка падчас візітаў у Аршанскі і Шклоўскі раёны ў красавіку гэтага года, а таксама на завод «Інтэграл» у лютым.

Дзмітрый Герасімчык падае Лукашэнку кветкі падчас працоўнага візіту. Мінск, 14 лютага 2025 года. Кадр з відэа ютуб-канала БелТА

Дзмітрый Герасімчык суправаджае Лукашэнку падчас працоўнай паездкі. Аршанскі раён, 21 красавіка 2025 года. Кадр з відэа ютуб-канала БелТА

Пашпартнае фота Дзмітрыя Герасімчыка. Фота: blackmap.org

Дзмітрыю 31 год, ён зарэгістраваны ў Мінску, вынікае са звестак «Кіберпартызанаў». Мінулае месца яго службы — спецыяльны атрад хуткага рэагавання (вайсковая часць 3032), там ён значыўся байцом. Калі ён перайшоў на цяперашнюю пасаду ў ахове Лукашэнкі — з даступных звестак невядома.

Чытайце таксама:

Як ахоўваюць Пуціна — новае расследаванне

Былы супрацоўнік Службы бяспекі Лукашэнкі стаў выканаўчым дырэктарам у Белгазпрамбанку

Для галоўнага ахоўніка Лукашэнкі прыдумалі кіраўнічую пасаду ў Беларусбанку

Што за чамадан носіць каля Лукашэнкі ягоны ахоўнік? Не, там не ядзерная кнопка

Замах на Лукашэнку і зніклы целаахоўнік: сакрэты самай закрытай спецслужбы Беларусі

Каментары да артыкула