БЕЛ Ł РУС

Фэст беларускага халадніка крочыць па планеце

26.05.2025 / 17:55

Nashaniva.com

У канцы мая беларусы ўпершыню правядуць свята халадніка. Да ініцыятывы далучыліся Вільня, Уроцлаў і Хайфа. 

Фота: vecteezy.com

Ідэю пра фэст беларускага халадніка падаў гісторык, культуролаг, адзін з найлепшых знаўцаў традыцыйнай кухні Алесь Белы. Гісторык кіраваўся прыкладам літоўцаў: гэтая страва, як і многое іншае, беларусаў з літоўцамі лучыць.

У канцы траўня ў Вільні трэці год будуць праводзіць маштабны фэст халадніка. Тое, што пачыналася як культурніцкая ініцыятыва, стала турыстычнай фішкай горада. Сёлета і беларусы Вільні далучацца да мясцовага святкавання.

З 30 траўня па 1 чэрвеня ў «Карчме 1863» (Bokšto g. 2, Вільня) пройдзе міні-фэст беларускага халадніка.

«Мы з радасцю далучаемся да агульналітоўскага фэста халадніка, каб падзяліцца сваімі смакамі і адчуць водар суседскіх традыцый. У гэтыя дні халаднік стане сімвалам супольнасці, гасціннасці і культурнага дыялогу. Гэта наш спосаб сустрэць лета са смакам і нагадаць усім, як калісьці мы жылі ў адной дзяржаве, дзяліліся рэцэптамі, развівалі і ўзбагачалі традыцыі адзін аднаго. Бо кулінарная спадчына — гэта тое, што аб’ядноўвае нават праз стагоддзі», — распавялі ў «Карчме». 

Ідэю Белага падхапілі яшчэ некалькі асяродкаў.

Хайфа (Ізраіль) будзе рабіць свята 29 траўня (Hajfa, HaNeemanim 22) у 18:00.

Уроцлаў (Польшча) прызначыў свой фэст на 31 мая.

Мерацца правесці Дзень халадніка і ў Батумі (Грузія).

Пра гісторыю і рэцэпты халадніка, самай летняй і выключна здаровай стравы, можна прачытаць тут.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула